Адзін за адным яны ўваліліся ў гэтае сховішча і тут жа пападалі на мяккія выгібы гурбаў. Ён таксама ўпаў — як упаяўся задам у шчыльна спрасаваны завеяй снег — і, горача дыхаючы, доўга невідушча глядзеў, як снегавым пылам курыцца на ветры грабеньчык застрэшка. Іваноўскі не ведаў, як яму быць далей, дзе і як перабрацца цераз злашчасную гэту шашу, не ўяўляў сабе, што рабіць з параненым. Ён толькі адчуваў, што з мінулай ночы ўсё пайшло не так, як ён на гэта разлічваў, усё выходзіла горш, а можа здарыцца, што закончыцца і зусім кепска. Але ён не мог дапусціць, каб пасля столькіх пакут і намаганняў усё скончылася няўдачай, ён адчуваў, што павінен да апошняй магчымасці супрацьстаяць абставінам так, як бы ён супрацьстаяў немцам. Не падвялі б сілы, а рашучасці ў яго хапала.
Хвілін дваццаць яны ляжалі ў рове, не сказаўшы ніводнага слова, і ён не мог знайсці ў сабе сілы, каб загаварыць і назначыць назіральніка. Ён толькі ў думках паўтараў сабе, што зараз, зараз трэба кагосьці назваць. Хоць усе яны былі дарэшты знясілены, але адзін нехта павінен быў ахвяраваць адпачынкам і вылезці наверх, на вецер і сцюжу, каб не даць ворагу засцігнуць знянацку астатніх.
— Трэба паназіраць,— нарэшце сонна вымавіў Іваноўскі і перачакаў нямое маўчанне лыжнікаў.— Суднік, вы.
Суднік прываліўся спіной да снежнай сцяны, трымаючы на каленях набіты пілавіннем рэчмяшок са сваім далікатным грузам. Было падобна на тое, што ён спаў. Галава яго ў мокрым капюшоне была звешана долу, вочы прыкрыты.
— Суднік! — зноў гукнуў лейтэнант.
— Зараз, зараз...
Яшчэ трохі счакаўшы, баец рыўком выпраміўся, сеў раўней. Пасля абапёрся на рукі, устаў і, рэзка хіснуўшыся, ледзьве не паваліўся зноў.
— Ціха! Бутэлькі! — спалохаўся лейтэнант, і гэты спалох разам вывеў яго са стану неадчэпнай санлівасці.
Пакінуўшы лыжы ўнізе, Суднік узлез на высокі крутаваты бруствер трошкі збоч ад байцоў і залёг за ім — белым пластам на свежым снезе.
— Як там? Ідуць?
— Ідуць. I канца не відно.
Ну вядома, яны будуць ісці, не чакаць жа ім, калі ён пярэйдзе на той бок шашы, каб знішчыць іх базу. У іх свае мэты і свае задачы, напэўна, супрацьлеглыя ягоным задачам, і ён падумаў: добра яшчэ, што паблізу няма іх стаянак, інакш бы ён нядоўга праседзеў у гэтым сховішчы.
Напэўна, мінула каля гадзіны, і Іваноўскі прахапіўся ад сцюжы — разгарачанае цела пачаў прабіраць мароз. Усе, апроч Судніка на брустверы, нерухома ляжалі, бы нежывыя, і ён, падумаўшы, што так лёгка можна памерзнуць, крыкнуў:
— Не спаць! Ану сесці ўсім!
Хто-колечы заварушыўся, Лукашоў сеў, мутным ад знямогі поглядам абвёў снежнае сховішча. Півавараў не крануўся нават са зручнага снегавога месца — ён спаў. I тады лейтэнант рашыў, што, мабыць, трэба ўсё ж даць некалькі хвілін паспаць, іначай іх проста не скранеш з месца. Можа за трыццаць-сорак хвілін не замерзнуць. Праўда, у такім выпадку сам ён заснуць ужо не меў права.
Немалым намаганнем, падмацаваным блізкай, навіслай над імі небяспекай, Іваноўскі адагнаў ад сябе цягучую дрымоту, намогся і ўстаў. Яго даўно непакоіў Хакімаў, але толькі цяпер з’явілася магчымасць агледзець байца, і лейтэнант, хістаючыся, падышоў да параненага. Як ён і баяўся, баец чуўся кепска. Мабыць, усё яшчэ непрытомны, ён нерухома ляжаў на лыжах, туга загорнуты ў абсыпаную снегам палатку, праз цесную адтуліну ў якой праглядваў яго белы, з сінім адценнем твар. Ад частага кароткага дыхання берагі адтуліны густа заінелі, і дробныя сняжынкі, абсыпаючыся з іх, адразу ж раставалі на мокрых шчоках Хакімава — ён быў у гарачцы. Схіліўшыся над байцом, лейтэнант ціхенька паклікаў яго, але той ніяк не рэагаваў на ягоны голас, толькі часта напружана дыхаў.
Некалькі хвілін ён сядзеў над параненым і сумняваўся ў правільнасці свайго рашэння, якое асуджала Хакімава на гэты пакутны шлях. Можа сапраўды лепш было пакінуць яго ў якім-небудзь стажку пачакаць, калі вернецца група. Але тады з параненым трэба было б пакінуць і яшчэ кагосьці, а на гэта лейтэнант згадзіцца не мог: і без таго з дзесяці чалавек іх засталося ўсяго пяцёра. I перад гэтымі пяццю ўсё ўскладнялася іх галоўная баявая задача, дзеля якой яны хоць і са спазненнем даклыпалі сюды. Далей трэба было перайсці шашу, але як гэта зрабіць на вачах у немцаў, лейтэнант проста не мог даўмецца.