Думка аб гэтай шашы цяпер не выходзіла ў яго з галавы, і ён хутка ўстаў. Хакімаву ён нічым не мог памагчы, а пра задачу ён проста ні на хвіліну не мог не думаць. Ён уваткнуў у гурбіну лыжы і, хістка ступаючы ў снезе, палез на бруствер да Судніка.
Тут было ветрана і халадней, чым у рове, затое адкрываўся шырокі кругагляд на поле з абодвума канцамі шашы, сярэдзіна якой хавалася за вяршыняй пагорка. Там жа знікаў і роў. Па той бок шашы, месцамі блізка падступаючы да дарогі, шырока разбегліся хмызнякі і пералескі, а трошкі ўбаку ад прырэчнай лагчыны цямнеў знаёмы хвойны лясок, які так вераломна сустрэў іх аднойчы.
Лейтэнант выняў з запазухі карту, сарыентаваўся. База наўмысля не была пазначана на яго карце, але ён і без таго цвёрда памятаў яе месца на паўночным мыску невялікага надрэчнага лесу. Цяпер, знайшоўшы на карце гэты пагорак, лейтэнант убачыў, што яго і базу аддзяляла ўсяго якіх паўтара кіламетра, не больш. Зноў стала да болю крыўдна: так гэта было блізка,— і так недаступна. Праз гэтую праклятую шашу ён мусіў марнаваць увесь дзень — цэлы дзень пакутаваць ад няпэўнасці і сцюжы.
Разам з Суднікам Іваноўскі пачаў назіраць за шашой, на якой на працягу нядоўгага часу выпадалі невялікія перапынкі ў руху. Ішлі ў асноўным грузавыя — крытыя і з адкрытымі кузавамі машыны самых розных марак, відаць, сабраныя з усіх краін Еўропы. Большасць іх імчалася на ўсход, да Масквы. I раптам лейтэнант падумаў, што калі і не ўсім і не з параненым, то, напэўна, хоць бы з аднымдвума варта паспрабаваць, скарыстаўшы роў, перабрацца цераз шашу. Ва ўсякім выпадку, за дзень ён бы там нешта выгледзеў, разведаў, склаў бы план дзеяння, а як сцямнела, перавёў бы на той бок і ўсю групу.
Гэтая думка адразу надала яму бадзёрасці, новая мэта выклікала дадатковыя сілы для дзеяння. Ён споўз з бруствера, нягучна, але энергічна гукнуў лыжнікам:
— Пад’ём! Паскакаць, пагрэцца ўсім! Ну!
Краснакуцкі, Лукашоў адразу падняліся, шлёпаючы па сцёгнах, замахалі рукамі. Лукашоў расштурхаў асалавелага са сну Піваварава.
— Грэцца, грэцца! Смялей! — настойваў лейтэнант і тут жа прыпомніў найлепшую для пад’ёму каманду: — Ану, снедаць! Лукашоў, даставайце кансервы! Усім па два сухары.
Лукашоў, санліва ўздрыгваючы, дастаў з сумкі некалькі сухароў і банку рыбных кансерваў. Лейтэнант са скрыпам распароў нажом яе бляшанае дно, і яны нажамі і лыжкамі ўзяліся выскрэбваць мерзлыя кавалкі рыбы.
— Ну як, Піваварчык, наспаўся? — штучна ўзбадзёраным тонам запытаўся лейтэнант.
— Ды так, кімарнуў трохі.
— Што ж ты прыстаў быў, га?
— Прытаміўся, таварыш лейтэнант,— проста адказаў баец.
— А я думаў, ты мацачок,— з лёгкай жартоўнасцю заўважыў лейтэнант.— А ты вунь які!
— Падбіўся я.
Ён не апраўдваўся і не ныў, выгляд ягоны цяпер, пасля кароткага адпачынку, быў сарамліва-вінаваты, смуглявыя шчокі са сну гарэлі амаль дзіцячаю чырванню.
— Падбіўся! — зласліва перадражніў яго Лукашоў.— Што гэта табе — у мамкі? Тут... таго — адставака горш, чым забіты.
— Забіты што, забітаму сілы не трэба. А тут во — пухіры на руках ад вяроўкі,— паказаў Краснакуцкі свае распухлыя, чырвоныя далоні — яму, вядома, хапіла за мінулую ноч. Але каму не хапіла? I яшчэ невядома, што ўсіх чакае наперадзе.
— А то вунь сачкі! — ранейшым раздражнёным тонам працягваў Лукашоў.— Ні то змыліся, ні то заблудзіліся. А тут за іх аддувайся.
Ён меў на ўвазе Дзюбіна з Зайцам, аб якіх таксама ні на хвіліну не забываўся лейтэнант. 3 забітым усё было зразумела, вельмі трудна, але ўсё ж зразумела было з Хакімавым — старшына ж з Зайцам зніклі ў начным шляху, быццам праваліліся скрозь зямлю,— ціха, бясследна і загадкава.
— Добра яшчэ, калі проста. А то як бы не гэта самае,— бурчэў Лукашоў, строга і заклапочана пазіраючы ўздоўж рова, і лейтэнант зразумеў, на што намякаў сержант. Але таго, што ён меў на ўвазе, не павінна быць. Іваноўскі не хацеў дапускаць і намёку на думку, што старшына Дзюбін быў здольны на здраду. I тым не менш ён быў поўны няпэўнасці — як ні думаў, не мог зразумець, куды прапалі гэтыя двое з яго і без таго невялічкай групы.
— Яшчэ немцаў следам прывядуць,— прастадушна азваўся Краснакуцкі.— А што — лыжня пад носам, гані, недзе дагоніш.
— Усё можа быць,— змрочна пагадзіўся Лукашоў.
— Не, так нельга,— умяшаўся Іваноўскі.— Старшына не такі. Не той чалавек.
Лукашоў жаваў сухар і ўсё ўзіраўся ў канец рова.
— Чалавек, дапусцім, не той, а ўсё можа быць. У нас у сто дзевятым таксама такі бравы капітан быў, усё абарону ладзіў. А наладзіў, аказалася, не ў той бок. Немцы паявіліся, першым і падняў рукі.