Выбрать главу

— Ну, гэта вы кіньце,— рашуча абарваў яго Іваноўскі.— Дзюбін не капітан, гэта точна. I пасля трэба больш, Лукашоў, людзям верыць. Вам жа во вераць.

— Дык то я...

— Чаму вы думаеце, што Дзюбін горшы за вас?

— Бо я тут, а яго няма.

Сапраўды, логіка яго разважанняў была неабвержнай, запярэчыць яму было цяжка. На самай справе, ён жа вось не адстаў, хоць і быў замыкаючым, і яшчэ не даў адстаць Півавараву, які цяпер сядзеў побач і хутка аблізваў лыжку. Увогуле Лукашоў меў рацыю, але Іваноўскі чамусь не хацеў асуджаць Дзюбіна, хоць і апраўдваць яго таксама не было як.

Кансервы яны хутка даелі, пасядзеўшы ў гурбіне, дагрызлі сухары. Іваноўскі схаваў лыжку ў кішэню.

— Сержант Лукашоў,— другім тонам сказаў лейтэнант.— Заставайцеся старшым. Я пайду. Трэба трохі разведаць. Усім быць тут. Можна адпачываць. Назіранне кругавое. Хутка вярнуся. Што не ясна?

— Ясна,— з гатоўнасцю адказаў Лукашоў.

— I каб усё ў норме. Глядзіце Хакімава.

— Усё будзе зроблена, лейцінант. Дагледзім.

— Так. Піваварчык, за мной!

— Я? — здзівіўся Півавараў, але, памарудзіўшы, пачаў таропка ўставаць.

— Бярыце лыжы, астатняе. I патопалі. Лукашоў, падмяніце Судніка. Нябось, закачанеў там.

Па глыбокім снезе, які месцамі даходзіў да пояса, яны пайшлі да шашы. Лыжы неслі ў руках. Роў час ад часу рабіў невялікія завароты, выходзячы з-за якіх, лейтэнант засцярожліва пазіраў наперад. Але ў рове і паблізу, здаецца, не было нікога, рабрыстыя снегавыя гурбы на дне ляжалі някратаныя. Нарэшце стаў чуваць глухі вуркат дызеляў, павеяла ледзьве прыкметным на сцюжы дымком бензіну — яны падышлі да шашы. Іваноўскі высунуўся з-за голага гліністага выступу ля павароту і тут жа адскочыў назад. Зусім блізка, у канцы шырокага разрэза рова, мільгануў аўтамабільны кузаў, накрыты надутым на ветры брызентам, пасля яшчэ і яшчэ. Ішла калона аўтамабіляў, у некаторых адкрытых машынах каля кабін відаць былі настырчаныя постаці немцаў у зялёных шынялях. Мяркуючы па іх выглядзе, ім здорава такі дапёк рускі мароз, і седакі не дужа аглядваліся па баках. Лейтэнант зрабіў знак рукой прыціхламу ззаду Півавараву і па краі гурбіны ўзлез на адкос.

Вядома, ён быў далёкі ад таго, каб спадзявацца на хуткую ўдачу, на зручны для пераходу момант, але ўсё ж такога ўпартага нешанцунку ён не чакаў. Моцна замерзшы на ветры, ён ледзьве датрываў, пакуль прагрукаталі на дарозе машыны. Здавалася, паблізу нікога больш не было. Але толькі ён высунуўся з-за ўмерзлых на брустверы камякоў, як зноў убачыў непадалёк немцаў. Іх было трое, гэта былі сувязісты. У той час, як адзін, узлезшы на слуп, корпаўся там з правадамі, двое іншых з апаратамі сядзелі на ўзбочыне дарогі — відаць, ладзілі сувязь. 3-за іх спін тырчалі ствалы вінтовак, на зямлі ляжалі скруткі правадоў і нейкія інструменты. Праўда, занятыя сваёй справай, немцы не звярталі на іншае ўвагі, але, ведама, не так, каб не заўважыць двух рускіх, калі тыя пад іх носам надумаюць перабягаць шашу.

Значыцца, зноў трэба было чакаць.

I лейтэнант паныла ляжаў на мерзлых, прысыпаных снегам лыжах і не адрываў вачэй ад шашы. Было вельмі сцюдзёна, мерзлі ногі, параненае сцягно балела ўсё больш, і гэты боль усё часцей звяртаў на сябе яго ўвагу. Рух машын на шашы ўжо некалькі разоў то аднаўляўся з найбольшаю шчыльнасцю, то заціхаў трохі, і тады паяўляўся разрыў на кіламетр ці больш. Разы два выпадаў больш-менш зручны момант, каб перабегчы на той бок, але немцы ўсё яшчэ корпаліся ў сваёй сувязі. Лейтэнант тры разы даставаў важкі кубік танкавага гадзінніка, які апошні раз паказаў палову адзінаццатай. Сувязісты не ішлі. Мінула якіх паўгадзіны, пакуль той, што сядзеў на слупе, нарэшце злез на зямлю, і лейтэнант падумаў, што, можа, цяпер яны пойдуць. Але немец валюхаста перайшоў да наступнага слупа і, начапіўшы на боты свае сярпы-кошкі, зноў палез угору. Утрох яны там аб чымсь размаўлялі, але вецер адносіў іхнія галасы ўбок, і лейтэнант не мог нічога ўчуць.

Так прадаўжалася бясконца доўга. Іваноўскі пачаў ужо азірацца, шукаючы дзе далей ад гэтых сувязістаў якое болей зручнае месца, як убачыў, што каля двух немцаў на ўзбочыне паявіўся і трэці. Адкуль ён узяўся тут, было невядома, напэўна, заслонены ад яго пагоркам, сядзеў дзе-небудзь непадалёк ад дарогі. Лейтэнант адчуў на сабе лёгкія дрыжыкі ад таго, што так блізка быў да бяды. Калі б ён наважыўся перабегчы шашу, дык напэўна налез бы на гэтага не бачанага ім немца. Між тым немец прысеў над апаратам, аб чымсь перагаварыў з астатнімі і махнуў рукой таму, што сядзеў на слупе, і той пачаў нетаропка злазіць. Пакуль ён злазіў, гэтыя трое ўсталі, разабралі свае сумкі і скрынкі і пайшлі ўздоўж па дарозе.