На гэты раз яны спыніліся значна далей ад рова, на слуп ніхто ўжо з іх не палез, і лейтэнант зірнуў у процілеглы канец шашы — цяпер, мабыць, трэба было рашыцца. Але раней трэба было як мага хутчэй падысці да дарогі.
Ён жвава споўз па адкосе на дно рова, павярэдзіўшы набалелае сваё сцягно. Півавараў ускочыў з наседжанага ў снезе месца, Іваноўскі моўчкі кіўнуў яму, і яны, прыціскаючыся да крутога боку адкоса, хутка пайшлі па рове ўніз. Тут іх ужо лёгка маглі заўважыць з дарогі, лейтэнант упаў за снегавую хрыбціну, уціснуўся ў снег; побач спрытна закапаўся ў снег Півавараў. Апухлы ад сцюжы і бяссонніцы хлапечы твар байца знерухомеў у найбольшай увазе, час ад часу лейтэнант перахопліваў яго ўстрывожаныя запытальныя позіркі. Лежачы на дне рова, баец нічога не бачыў і ва ўсім спадзяваўся на камандзіра, які прымаў цяпер рашэнні, што так многа значылі для абодвух.
Але адсюль ужо і сам лейтэнант нічога не мог убачыць і змушаны быў спадзявацца на слых, якім старанна перабіраў усе разрозненыя зменлівыя гукі, што даляталі з дарогі. Ведама, гэта быў не самы надзейны спосаб з усіх магчымых для пераходу, але іншага ў яго не засталося. Дачакаўшыся, калі вуркотны гул дызеляў на шашы трохі аслабне, і не злавіўшы паблізу якіх новых гукаў, Іваноўскі сказаў сабе «Давай!» і ўскочыў на ногі.
За некалькі скачкоў па глыбокім снезе ён дасяг прыдарожнага канца рова, выглянуў з яго — на шашы паблізу сапраўды было пуста, хаця на дальні пагорак ён проста не паспеў глянуць. Ён з шалёным імпэтам выскачыў на наезджанае палотно шашы і размашыста саскочыў з яго ў снег на дне наступнага адрэзка рова. Бегучы, ён з задавальненнем пачуў за сабой стомленае дыханне Піваварава і з усяе сілы кінуўся да ўжо недалёкага павароту рова. Праз некалькі крокаў аднак зноў пачуў напружанае завыванне матораў і ўнутрана сцяўся, чакаючы крыкаў або, можа, стрэлаў. Але ўсё ж ён паспеў схавацца за паваротам. Півавараў схаваўся трохі пазней, Іваноўскі, азірнуўшыся, згледзеў, што машыны паявіліся на секунду пасля таго, як баец упаў за паваротам. Машыны прамчаліся, не збаўляючы хуткасці, і ён упершыню за ранак уздыхнуў з палёгкай.
— Фу, чорт!
Абодва хвіліну аддыхваліся, пасля Іваноўскі прыўстаў на каленях і агледзеўся. Здаецца, паблізу быў нейкі хмызняк — рэдзенькае яго вяршалле месцамі тырчэла з-за высокага бруствера, і лейтэнант з байцом расслаблена пайшлі па рове. Далекавата ўжо адышоўшыся ад шашы, яны спрабавалі вылезці ў поле, і, на здзіўленне камандзіра, Півавараву гэта ўдалося хутчэй; лейтэнант жа з першай спробы дабраўся толькі да сярэдзіны скоса і, паслізнуўшыся на круцізне, споўз да самага нізу. Зноў вельмі забалела сцягно. У гэты раз ён не захацеў душыць у сабе стогн, і Півавараў азірнуўся на брустверы, кінуўшы ў яго бок востры, недаўменны позірк.
— Нічога. Усё ў парадку.
Іваноўскі сабраўся з духам, пераадолеў боль, баец падаў камандзіру лыжную палку, з дапамогай якой той нарэшце пераваліўся цераз бруствер.
— Так. Цяпер на лыжы.
Тут, напэўна, ужо можна было ісці каля рова, ад дарогі іх прыкрываў бруствер і няблага хаваў хмызняк. Справа і воддаль шарэла вяршалле хвойнічку, дзе іх сёння чакала ўдача або няшчасце, слава або, можа, смерць — іх лёс.
Раздзел сёмы
Пакуль яны прадзіраліся на лыжах у кустоўі, Іваноўскі адчуў прыступ нейкага непрыемнага, амаль неадольнага ў сабе неспакою.
Было зусім невядома, чаму гэты неспакой менавіта цяпер так настойліва даняў лейтэнанта. Урэшце, усё складвалася больш-менш удала: яны перайшлі шашу, здаецца, іх не заўважылі, зусім ужо блізка была мэта іх труднага шматкіламетровага начнога шляху. Хаця і з непаладкамі, але набліжаўся фінал, пэўна, цяпер яны маглі ўжо што-небудзь зрабіць. Праўда, сілы іх раз’ядналіся — частку страцілі пры пераходзе лініі фронту, двое зніклі ўначы, трое засталіся па той бок шашы, і тут іх было толькі двое. Двое, вядома, не дзесяць. Але наўрад ці гэтая акалічнасць была прычынай яго невыразнага і такога неадольнага цяпер неспакою.
Чым бліжэй яны падыходзілі да хвойнічку, тым усё нецярплівей рабілася на душы ў лейтэнанта. Нецярпенне нарэшце ахапіла яго так моцна, што ён не мог дазволіць сабе спыніцца, каб паправіць на сцягне павязку,— здаецца, пачала крывяніць рана. Зрэшты, ён даўно ўжо стараўся не заўважаць свае раны, да яе збольшага прыцерпеўся за ноч. Цяпер ён нават не дужа азіраўся па баках — ён упарта імкнуўся да хвойніку, быццам там чакала яго самая вялікая ў яго жыцці ўзнагарода або, можа, такая ж вялікая бяда. Півавараў, мокры ад поту, які ён перастаў ужо выціраць з твару рукавом маскхалата, стараўся не адстаць, і яны задыхана, хуткім крокам паднімаліся па краі кустоўя. Ужо зусім добра развіднела, дзьмуў нямоцны марозны вецер, неба, завалочанае хмарамі, нізка навісла над шэрым, непраглядным, затуманеным марознай смугой прасторам.