Выбрать главу

Ён азірнуўся на Піваварава, расчырванелы твар якога напалову закрыты быў мокрым абвіслым капюшонам; хлопец з усяе сілы перабіраў палкамі, іх лыжы па-ранейшаму глыбока правальваліся ў рыхлым снезе. Пераадольваючы ў сабе моцнае нецярпенне ад таго, што хутка бліжэла мэта, Іваноўскі моўчкі даў знак байцу пачакаць, а сам абышоў роў і спыніўся за шырокім разгалістым кустом ляшчынніку.

Голыя, са знятай карой слупы агарожы былі зусім ужо блізка. Высокія, у рост чалавека, калі не больш, яны прыкметна вылучаліся на снежна-зеленаватым фоне маладых хвоек. Але, дзіўная справа,— за імі ўсё яшчэ нічога не было відаць. Як ён ні напружваў зрок, нідзе не мог згледзець знаёмых штабялёў з жоўтых і зялёных скрынак, якія так выразна стаялі ў яго ў вачах з таго самага моманту, як ён убачыў іх у бінокль. Не было таксама відаць і брызентаў. Гэтая акалічнасць зноў нядобрым прадчуваннем занепакоіла лейтэнанта, і ён махнуў Півавараву — маўляў, сядзь, замры. Той зразумеў сігнал і апусціўся на лыжы, а лейтэнант пасля нядоўгага вагання выйшаў з кустоўя.

Напэўна, ён зрабіў неразумна, як камандзіру групы яму не трэба было так рызыкаваць сабой, але Іваноўскі не мог ужо стрымацца. Нядобрае прадчуванне зноў ахапіла яго, штось засела ў горле, ён праглынуў крыўдны камяк і, не адрываючы позірку ад блізкага ўжо ўзлеску, хутка і наўпрост пайшоў на яго.

Цяпер іх раздзялала ўсяго якіх-небудзь тры сотні метраў, і ўжо ў самым пачатку гэтага шляху лейтэнант зразумеў, што дроту на слупах не было. Дрот, які некалі густа аплятаў базу, цяпер быў зняты, і адсутнасць яго самай вялікай трывогай, амаль спалохам адазвалася ў пачуццях Іваноўскага. Ужо нічога не асцерагаючыся і не звяртаючы ўвагі на тое, што яго маглі лёгка заўважыць у адкрытым полі, ён у некалькі рыўкоў дасягнуў крайніх сасёнак хвойніку і спыніўся, уражаны, амаль знішчаны тым, што ўбачыў.

База знікла.

У сасонніку на пагорку не было ні вартавых, ні сабак, ні штабялёў з жоўта-зялёных скрынак — пад нагамі роўна ляжаў някратаны снег ды на ўзлеску цягнуўся рад белых слупоў, што адзіна напаміналі цяпер пра базу — іншых яе прыкмет тут не засталося. Дрот быў акуратна зняты са слупоў і адвезены кудысь, мабыць, у іншае, болей патрэбнае месца.

Недаўменне ў свядомасці лейтэнанта хутка мянялася на збянтэжанасць, амаль разгубленасць, ён пастаяў на чыстым, свежым пасля начной мяцеліцы снезе, пасля пайшоў на лыжах да супрацьлеглага боку, туды, дзе некалі быў выезд. Але і тут нічога не засталося, толькі ў гушчары маладога сасонніку пад снегам угадвалася некалькі апусцелых ям-капаніраў ды на краі ўзлеску каля слупоў высілася куча прысыпаных снегам жэрдак, напэўна, былых падкладак з-пад штабялёў. Болей ад базы тут не было нічога. Дарога, адсутнасць якой здзівіла лейтэнанта, белаю пустой паласой ляжала пад снегам — па ёй даўно ўжо не ездзілі.

Зусім і раптам знясілеўшы, Іваноўскі прыхінуўся плячом да шархоткага боку хвоі, уражаны пустэчай і закінутасцю гэтага цяпер нікому ўжо не патрэбнага хвойніку. Базу перамясцілі. Гэта было відавочна, але ён усё не мог у тое паверыць. У яго збянтэжанай свядомасці засела і не хацела знікаць упартая неадчэпная думка, што гэта прывід, памылка, недарэчнае злое неларазуменне і што патрэбна толькі невялікае намаганне, каб усё гэта знікла. Інакшага ён не мог уявіць сабе, таму што ён не ў стане быў прымірыцца з тым, што і на гэты раз яго спасцігла няўдача, што вялізныя намаганні групы патрачаны ўпустую, што дарма яны смяртэльна рызыкавалі і гублялі людзей, ушчэнт знясілелі самі. Яны спазніліся. Ён не адразу паверыў у гэта, але, пастаяўшы пад хвояй і аддыхаўшыся, усё ж зразумеў, што ніякага прывіду не было. Была жорсткая злая рэальнасць, яшчэ адна вялізная бяда з усіх бедаў, якія выпалі за гэтую вайну на яго злашчасную долю.

Ледзьве адарваўшы плячо ад хвоі, ён стаў на лыжы і адштурхнуўся палкамі. Лыжы крыху саўгануліся па шархоткім снезе і спыніліся. Ён не ведаў, куды скіраваць далей, упершыню за некалькі дзён адпала неабходнасць спяшацца, і ён абапёрся на палкі. На хвойнай галінцы паблізу з’явілася вяртлявая сарока, якая ўвесь час злосна стракатала на яго, пырхнула над галавой і з кароткім піскам знікла ў голлі сінічка. Іваноўскі стаяў зусім абыякавы да натуральнага жыцця лесу і не заўважаў нічога. Нейкае здранцвенне скавала яго аслабелыя мышцы, ён ні пра што не думаў, ён толькі глядзеў у пустэчу падлеску, адчуваючы ў сабе такую знямогу, што адолець яе, здавалася, не было ніякай магчымасці.

Так прадаўжалася нямала часу, але хвойнік па-ранейшаму заставаўся пусты і непатрэбны, і лейтэнант нарэшце вымушаны быў схамянуцца: усё ж яго чакалі байцы. Перш за ўсё — Півавараў. Іваноўскі азірнуўся — баец цярпліва сядзеў за ровам, там, дзе ён і пакінуў яго, і лейтэнант махнуў рукой — давай, маўляў, сюды.