— А няма немцаў. I склада таксама няма,— проста адказаў Півавараў.
— Як няма?
Лейтэнант унутрана сцяўся, ніжай насунуў бровы. Ён не бачыў, але амаль фізічна адчуваў, як трывожна замерлі за яго спіной лыжнікі, і, доўга не вытрымаўшы, сам падняўся на ногі.
— Як, лейцінант? Гэта — на самай справе? — павярнуўся да яго Лукашоў. Усе астатнія з вялікім здзіўленнем, амаль са спалохам глядзелі на камандзіра.
— Базы няма. Напэўна, перабазіравалася ў іншае месца.
Зрабілася ціха, ніхто не сказаў ні слова, толькі Краснакуцкі праз зубы цыркнуў на снег. Заяц недаўменна глядзеў проста ў твар Іваноўскаму.
— Называецца, гарадзілі гарод. Плялі лапці,— прабурчэў Лукашоў.
— Што зробіш,— уздыхнуў Краснакуцкі.— На вайне ўсё бывае.
— А можа яе там і не было? Можа, яна дзе ў другім месцы? — змрочна засумняваўся Лукашоў, па-ранейшаму звяртаючыся да лейтэнанта.
— Там была,— проста адказаў яму Півавараў.— Слупы во стаяць. Без дроту толькі.
Лейтэнант адышоўся ад валакушы, кінуў позірк на Судніка, які з бруствера напружана пазіраў у роў. Камандзір стараўся не бачыць Лукашова, але ён і без таго адчуваў, як нядобрая злая сіла распірала сержанта, і той гатовы быў пачаць сварку.
— А што, і слядоў нікуды няма? — са спакойнай дзелавітасцю запытаўся Дзюбін.
— Нічога няма,— адказаў Іваноўскі.
— Што ж атрымліваецца... Як жа так? — не сунімаўся Лукашоў.— Нехта вінаваты, значыць.
Лейтэнант рэзка павярнуўся да яго.
— Гэта ў чым вінаваты?
— А ў тым, што за так укалывалі. Ды і людзей паклалі...
— Дык вы што прапануеце? — асадзіў яго лейтэнант рэзкім пытаннем.
Ён не мог пачынаць з ім спрэчку, бо ведаў, што ў гэтым іх напружанні недалёка да сваркі, да таго ж ён не мог не адчуваць, што ў значнай ступені сержант меў рацыю. Але навошта было цяпер шмат гаварыць пра тое, ад чаго і так было кепска кожнаму? Зноў жа, у такіх выпадках у арміі не было прынята адкрыта выказваць сваё незадавальненне, тым больш абурэнне — падобнае заўжды прасякалася з найбольшай строгасцю.
Тым не менш Лукашоў загарачыўся, вочы яго заблішчалі, азызлы, з натапыранай шчэццю твар стаў злосны і нядобры.
— Што мне прапаноўваць? Я кажу...
— Лепш памаўчыце!
Сержант Лукашоў змоўк і адышоўся ўбок, а лейтэнант зноў сеў на снег. Размова была не з самых прыемных, але нешта, што дапякала яго з самага ранку, разам апала, неяк само па сабе ўсё вырашылася, хоць, можа, і не самым найлепшым чынам. Больш да яго не звярталіся, напэўна, бачылі, што цяпер ён ведае не болей за іншых. Байцы моўчкі чакалі новай каманды або рашэння, як быць далей, і ён, зразумеўшы гэта, дастаў з запазухі карту. Ён спрабаваў усё ж нешта знайсці на ёй, штось рашыць для сябе, спрабаваў зразумець, куды з найбольшай верагоднасцю магла перамясціцца гэта праклятая база. Але колькі ён ні ўзіраўся ў карту, тая не адказала ні на адно з ягоных пытанняў, чырвоная лінія шашы хутка знікала за яе краем, суседняга ж аркуша ў яго не было. I тут, і, напэўна, і далей зручных для склада месцаў было мноства: у лясках, хмызняку, раўках. Дзе іх шукаць?
Ён так сядзеў доўга і маўчаў, не прыбіраючы з каленяў раскладзенай карты, па якой снежнай крупой шархацеў вецер. Ён ужо нічога не разглядваў на ёй — проста ён пазбягаў непатрэбных цяпер размоў з байцамі, іх запытальных позіркаў. Ён адчуваў, што неадкладна трэба нешта рашыць і, як толькі сцямнее, трэба адсюль ісці. Толькі куды?
— Падмяніце Судніка. Нябось, закалеў на ветры,— ні да каго не звяртаючыся, сказаў лейтэнант, калі адчуў, што нядобрая маўклівасць у групе надта задоўжылася.— Заяц!
Заяц адразу ж устаў і пачаў узлазіць на бруствер, а Суднік, абсыпаючы снег, задам з’ехаў у роў. Паднятае ім снежнае воблака абдало Дзюбіна, які заварушыўся і стаў на ногі.
— Дык што ж далей, камандзір? — запытаўся ён.
— Што такое? — зрабіў выгляд, быццам не зразумеў Іваноўскі, хоць ён выдатна разумеў, што непакоіць старшыну.
— Куды далей пойдзем?
— Вы пойдзеце назад,— проста рашыў камандзір.
— Як? Я адзін?
— Вы і астатнія. Паспрабуйце ўратаваць Хакімава.
— А вы?
— Я? Я паспрабую знайсці базу.
— Адзін?
Гэтае пытанне старшыны Іваноўскі пакінуў без хуткага адказу. Ён не ведаў, пойдзе адзін ці яшчэ з кім, але што трэба працягваць пошукі — гэта ён зразумеў дакладна.
— Не, не адзін. Пойдзе яшчэ нехта.
— На самай справе. А можа я, лейтэнант? — сказаў Дзюбін, нібы выпрабоўваючы сваю рашучасць. Але лейтэнант маўчаў.
Іваноўскі напружана дадумваў тое, чаго не дадумаў раней. Вядома, выйсце для яго магчыма толькі такое, ён не мог рызыкаваць усімі, ягоныя людзі зрабілі ўсё, што павінны былі зрабіць, і не іхняя віна, што мэта аказалася недасягнутай. Далей пачынаўся асобны рахунак яго камандзірскага гонару, амаль асабісты яго паядынак з нямецкай хітрасцю, і байцы да гэтага адзінаборства не мелі адносін. 3 гэтага часу ён пачне дзейнічаць на свой страх і ўласную рызыку, астатнія павінны вярнуцца за лінію фронту.