Лейтэнант падняў вочы ад карты і зірнуў на Дзюбіна. Парэзаны заўчаснымі зморшчынамі, цёмны ад сцюжы твар старшыны быў спакойны, погляд з-пад маленькага казырка чырваназорнай будзёнаўкі спакойна, без патрабавальнасці чакаў чагось і нібыта гаварыў цяпер: возьмеш — добра, а не возьмеш — таксама напрошвацца не стану.
I лейтэнанту амаль захацелася ўзяць з сабой старшыну, напэўна лепшага напарніка тут знайсці было немагчыма. Але тады старшым над групай ён павінен назначыць Лукашова, а ён чамусьці не хацеў гэтага. Лукашова ён трохі ўведаў ужо ў гэтай дарозе, і ў душы камандзіра з’явілася ўстойлівая непрыязь да яго.
Значыць, з групай павінен застацца Дзюбін.
Іх вельмі мала вярталася назад, і ім быў давераны трудны Хакімаў, іх новы шлях наўрад ці будзе лягчэйшы за іх дарогу сюды, а лейтэнанту вельмі хацелася, каб яны па магчымасці шчасліва дабраліся да сваіх. У гэтым сэнсе разумней за ўсё было даверыцца вопытнаму, ураўнаважанаму старшыне Дзюбіну.
— Не, старшына,— сказаў лейтэнант пасля працяглае паўзы.— Паведзіцё астатніх. Са мной застанецца... Півавараў.
Усе з некаторым здзіўленнем павярнулі галовы ў бок прылёгшага на баку Піваварава, які пры гэтых словах камандзіра быццам засаромеўся і сеў раўней.
— Так, Півавараў?
— Ну,— проста адказаў той, зачырванеўшыся і міргнуўшы белымі вейкамі.
— Ну і лады,— сказаў лейтэнант, задаволены тым, што ўсё так хутка ўладзілася.
(Пасля ён не адзін раз будзе пытацца ў сябе: чаму яго такі важны выбар нечакана для самога, амаль бессвядома выпаў на гэтага маладога байца? Чаму б у памочнікі сабе не ўзяць сапёра Судніка або рослага, дужага Краснакуцкага? Няўжо бяскрыўдная пакорлівасць слабасільнага вясковага хлопчыка толькі і вызначыла яго рашэнне? Або тут зрабіў сваю справу іх сумесны сённяшні пераход цераз шашу, дзе яны ўдвух перажылі небяспеку і першае для абодвух расчараванне?)
Тым не менш выбар быў зроблены, Півавараў неяк ураз падабраўся, пасур’ёзнеў і ціха сядзеў у патаптанай ботамі снегавой гурбе.
— Што ж, вашае права,— сказаў Дзюбін.— Дык як там перадаць, у штабе?
— Я напішу,— падумаўшы, сказаў Іваноўскі.
Паперы аднак у яго не знайшлося, быў толькі трафейны аловак, давялося старшыне выдраць лісток са свайго замусоленага блакнота, на якім лейтэнант, нядоўга падумаўшы, напісаў:
«Аб’екта на месцы не аказалася. Група панесла страты, адпраўляю яе назад. Сам з байцом прадаўжаю пошукі. Праз двое сутак вярнуся. Іваноўскі. 29.11.41 г.»
— Вось. Перадайце начальніку штаба.
— Гэта самае, гранаты возьмеце?
— Ага. Гранату і пару бутэлек. Півавараў, вазьміце ў Судніка бутэлькі з КС. Гранату дайце сюды.
Старшына зняў з пояса супрацьтанкавую гранату, якую лейтэнант тут жа падвязаў кавалкам бінта да дзягі.
— I харчамі б запасціся трэба.
— Харчамі таксама. Дайце сухароў. Кансерваў пару бляшанак. Самі ж, напэўна, ў АХЧ снедаць будзеце...
— Дай божа, каб у АХЧ,— уздыхнуў Краснакуцкі.
— Толькі глядзіце пры пераходзе. Як бы зноў не напароліся. Не шкадуйце жыватоў, галовы цалейшыя будуць.
— Гэта так,— ціха пагадзіўся Дзюбін.
— Ну, здаецца, цямнее, можаце рушыць. А мы тут яшчэ пасядзім. Як там на шашы, Заяц?
— Нейкая з фарамі коціць. Адна ці болей — добра не відаць.
Старшына завязаў рэчмяшок, Півавараў складваў у свой сухары і дзве вялікія, загорнутыя ў анучу бутэлькі з КС. Лукашоў і Краснакуцкі, не чакаючы каманды, падступіліся да абсыпанага снегавым пылам Хакімава.
— Глядзіце Хакімава,— сказаў лейтэнант Дзюбіну.— Можа яшчэ дажыве да ранку.
— Пра што гаварыць!
— Тады ўсё. Топайце!
— Што ж, шчасліва, лейтэнант,— павярнуўся Дзюбін і тут жа закамандаваў байцам: — Ану, узялі! За лыжы, за лыжы бярыце! Паднімайце вышэй! Вышэй, яшчэ вышэй! Во так...
Яны паднялі Хакімава і як-колечы выбраліся з рова. На брустверы Дзюбін яшчэ азірнуўся — развітанне атрымалася таропкае, невыразнае, і Іваноўскі махнуў рукой.
— Шчасліва!
Калі яны схаваліся ў полі і апошні за брустверам знік высокі капюшон старшыны, Іваноўскі сеў на снег. Ён адчуў асаблівае задавальненне ад таго, што Дзюбін не прапаў, дагнаў групу, і цяпер з тымі, хто вяртаўся, будзе талковы і чалавечны камандзір, які павінен іх вывесці да сваіх. А яны тут неяк абыдуцца ўдвух з Піваваравым, які ўсё яшчэ стаяў у рове, пазіраючы цераз край высокага бруствера. Каб неяк зменшыць няёмкасць, выкліканую гэтым расстаннем, лейтэнант сказаў з не ўласцівай яму жартоўнасцю: