Выбрать главу

Увесь час не выходзіў з галавы Хакімаў. Вядома, напакутуюцца з ім не дай бог, асабліва пры пераходзе лініі фронту. Цяпер з ім не ўскочыш, не рванеш на лыжах, трэба ўсё паўзком, па-пластунску. Але хоць бы прайшлі. Праўда, Дзюбін, напэўна, сумее, павінен прайсці. Дзюбін і растлумачыць начальніку штаба іх няўдачу, неяк апраўдаецца за групу і за яе камандзіра. Хаця прычым камандзір? Хто мог падумаць, што за якіх два тыдні так многа зменіцца, і немцы вывезуць базу?

Сябе Іваноўскі не адчуваў вінаватым ні ў чым,— здаецца, ён зрабіў усё, што было магчыма. Тым не менш нейкі паганы чарвячок вінаватасці варуўшыся ў ягонай душы, быццам лейтэнант усё ж недагледзеў чаго і ў выніку не апраўдаў даверу. Менавіта гэты неапраўданы давер трывожыў яго болей за ўсё. Цяпер лейтэнант проста скаланаўся ад думкі, што з усёй гэтай задумы можа раптам нічога не выйсці.

Іваноўскі выдатна ведаў, як можна адным нейкім учынкам спляжыць усю добрую думку аб табе. Аднойчы ўжо здарылася ў яго нядоўгім жыцці, што, падвёўшы чалавека, ён так і не змог вярнуць добрыя яго да сябе адносіны.

Незадоўга перад тым Ігару споўнілася чатырнаццаць год, і ён пяты год жыў у Кублічах — невялікім ціхім мястэчку ля самай польскай граніцы, дзе ў пагранкамендатуры служыў ветэрынарам бацька. Забаў у мястэчку было нямнога, Ігар хадзіў у школу, сябраваў з хлопцамі, шмат часу, аднак, прападаючы на каменданцкай стайні. Коні былі шматгадовым і, можа, самым вялікім захапленнем яго дзяцінства. Колькі ён перачысціў іх, перакупаў, колькі пераездзіў конна — у сядле і без сёдлаў! Гады тры запар ён не заўважаў нічога вакол, апроч сваіх коней; кожны дзень пасля ўрокаў бег на стайню і вяртаўся з яе толькі на ноч, каб назаўтра да прыходу дзяжурнага зноў быць там. Пагранічнікі жартавалі часам, што Ігар — нязменны днявальны на іхняй канюшні, і ён бы з задавальненнем згадзіўся штодзень дняваліць, калі б не ўрокі ў школе.

На стайні заўжды было мноства цікавага, пачынаючы ад кармлення і вадапою, чысткі скрабком і шчоткай і канчаючы ўрачыстым рытуалам вывадкі з пастраеннем, мітуснёй чырвонаармейцаў, прыдзірлівай строгасцю вялікага начальства, якое насоўкамі правярала чысціню конскіх бакоў. Было штось бязмерна захапляючае ў выездцы, коннай яздзе, занятках па вальтыжыроўцы, але асабліва захапляла яго рубка лазы на пляцы за стайняй, калі ўздоўж раду стаякоў з лазовымі прутамі галопам скакалі кавалерысты, направа і налева секучы канцы гэтых прутоў. А чаго варта была джыгітоўка самага ліхога конніка ў атрадзе славутага лейтэнанта Хакасава!

Але вывадку, рубку, джыгітоўку ён назіраў збоку, сам не прымаючы ў іх удзелу — яго не пускалі ў строй і нават ні разу не дазволілі сесці з шашкай на каня. Іншая справа — купанне. На мурожным беражку возера, ля пясчанай водмелі стаяла старая, пагрызеная канавязь, і амаль кожны спякотны поўдзень да яе прыводзілі потных, змораных коней. Пачыналася купанне, і тут ужо Ігар адводзіў душу, плёскаўся да таго часу, пакуль апошні конь не выходзіў з возера.

Звычайна ён прыязджаў на Мілцы — маладой рыжай кабыле з танканогім брыкастым жарэбчыкам. Мілка была замацавана за камандзірам аддзялення сержантам Міцяевым, з якім у Ігара склаліся зусім асаблівыя, можа нават незвычайныя між хлапчуком і дарослым адносіны. Гэты Міцяеў хоць і служыў тэрміновую, але, у адрозненне ад іншых дваццацігадовых байцоў-пагранічнікаў, здаваўся Ігару амаль старым, з парэзаным маршчынамі тварам, цяжкою хадой і нязграбнай марудлівасцю пажылога вясковага дзядзькі. Родам Міцяеў быў аднекуль з Сібіры, дома ў яго засталіся дарослыя дочкі, і ён даўным-даўно павінен быў бы прызвацца ды і адслужыць сваю службу, калі б не нейкая блытаніна ў яго дакументах, дзе значылася, што Міцяеву ўсяго толькі дваццаць гадоў. Як гэта сталася, не мог растлумачыць і сам Міцяеў, які толькі лаяў нейкага п’янага дзяка ў царкве, з ласкі якога яму давялося служыць разам з тымі, хто мог быць яму зяцем.

Коні для Міцяева не былі ў навіну, напэўна, за свой век ён перавадзіў іх нямала і таму ахвотна давяраў сваю Мілку ўвішнаму сыну ветэрынара. Ігар карміў яе, чысціў, мыў і выгульваў, у той час як Міцяеў вучыў ды пахвальваў, а то і проста адпачываў, пацягваючы сваю цыгарку ў курылцы. Здаралася, што ён нават заступаўся за свайго памочніка перад ягоным бацькам, калі той ушчуваў сына за доўгую адсутнасць дома, што, вядома, не магло не адбівацца на ўроках. Адносіны ў яго з Міцяевым увогуле склаліся такія, што лепшых не пажадаеш, і стары Іваноўскі не раз казаў, што гэты сібірак, напэўна, заменіць хлопцу і бацьку. Ігар не пярэчыў, ён лічыў, што Міцяеў і на самай справе лепшы за бацьку, які не жыў з маці, любіў часцяком выпіць і зусім не песціў увагай свайго самапаса-сына.