Выбрать главу

Аднойчы звычайныя турботы з коньмі на возеры былі парушаны невялікай падзеяй — у купальню прывезлі лодку. Прывёз яе на параконнай фурманцы старшына Белуш, які тут жа апрабаваў яе на вадзе і аб’явіў, што лодка належыць самому каменданту — капітану Зарубіну і што ніхто не павінен дакрануцца да яе пальцам. Каб гарантаваць гэтую яе недатыкальнасць, Белуш прыладзіў ланцуг і прымкнуў лодку да стаяка конавязі. Лодка амаль усё лета праляжала на прывязі, Зарубін ёю не карыстаўся, і местачковыя хлапчукі згаралі ад такога зразумелага жадання паплаваць на ёй па возеры.

Неяк раз надвячоркам, калі коні былі ўжо выкупаны і стаялі на прывязі, а днявальныя пайшлі ў камендатуру вячэраць, Ігар узяў сваю вуду і пайшоў на пратоку лавіць акунёў. Клявала аднак кепска, і ён ужо сабраўся перайсці на іншае месца, як з алешніку вылезлі Колька Бароўскі і Яша Фінкель, школьныя яго сябры. Пасля нядоўгай размовы яны далі зразумець, што ёсць магчымасць «стырыць» камендантаву лодку і сплаваць на ёй да другога берага, дзе сінеў вялікі хваёвы лес і дзе ніхто з іх яшчэ не быў. Ігару гэта задумка здалася надта зваблівай: каго з местачковых хлопцаў не захапляў той бераг, дабрацца да якога было дужа цяжка — перад ім ляжала топкае, з праваллем балота ў вусці пратокі, у якой, казалі, жыве вадзянік. Было звабліва завалодаць лодкай, але на конавязі заставаўся дзяжурны Міцяеў, які адказваў за гэтую лодку перад самім капітанам Зарубіным. Праўда, гэтую прычыну тут жа адвёў Колька, сказаўшы, што Міцяеў мірна спіць пад кустом на папоне, а што датычыць замка, дык ён тут жа паказаў Ігару вялікі ключ ад бацькавага хлява з дрывамі, які замыкаўся такім жа замком, як і лодка Зарубіна. Ігару нічога болей не заставалася, як узяць гэты ключ і спакойна адамкнуць замок лодкі.

Вёслаў у іх аднак не было, яны знайшлі доўгую яловую жэрдку, звалаклі лодку на водмель і паселі ў яе самі. Спярша адпіхваліся жардзінай, пасля пачалі грэбці рукамі, лодка выплыла на сярэдзіну, і тут аказалася, што яна дужа рассохлася на беразе і праз яе барты ручаямі ліецца вада. Выліваць ваду не было чым, яны спрабавалі выплёскваць яе рукамі, але лодка ўсё больш асядала кармой у ваду, і неўзабаве хлопцам давялося спешна пакінуць судна. Насёрбаўшыся цёплай вады, яны неяк дабраліся да берага. Лодка ж спакойна сабе затанула.

Міцяеў ля конавязі спаў так моцна, што нічога не ўчуў, а хлопцы высушыліся на пагорачку і да вечара ўсе былі дома. Назаўтра, ведама, пачаліся пошукі прапажы, аказалася, што хтось бачыў паблізу ад купальні местачковага распусніка Цёмкіна, на якога тут жа і склалі пратакол. Спрабавалі дапрасіць таксама і Ігара, які з раніцы быў ля коней, але дзяжурны Міцяеў не мог нават уявіць свайго памагатага ў ролі злодзея і паручыўся ў яго невіноўнасці. I калі праз дзень Ігар усё ж прызнаўся Міцяеву ў сваёй віне, той спярша не паверыў. Давялося паказаць месца на возеры, дзе неглыбока на ілістым дне затанула лодка, якую хутка паднялі і прыцягнулі на бераг. Убачыўшы яе, Міцяеў толькі плюнуў у пясок і адышоўся ўбок, нават не зірнуўшы на свайго памочніка. Іх двухгадовае сяброўства на тым і скончылася. Да самай дэмабілізацыі Міцяеў не сказаў хлопцу ніводнага слова, быццам не заўважаў яго, не адказваў на яго прывітанне, пры сустрэчы праходзіў міма, нават не зірнуўшы на яго. Ігар не крыўдаваў, ён ведаў: гэтая пагарда была ім заслужана.

На іхнім шляху неўзабаве аказаўся рэдзенькі малады хвойнік — пасадка, яны хутка прайшлі яго між роўных радоў падросту і раптам абодва спыніліся. На самым узлеску, пэўна, была дарога, па якой цяпер некуды ўбок марудна, віхляючы на выбоінах, паўзлі ў цемры машыны. Спачатку Іваноўскаму здалося, што ён зблытаў напрамак і выйшаў да той самай шашы. Але хутка ён зразумеў, што гэта зусім не шаша, а, напэўна, якая паваротка з яе ўбок. Але чаму на гэтай паваротцы машыны?

Стаіўшыся, ён нядоўга пастаяў на ўзлеску. Машыны паўзлі зусім блізка, пярэдняя ішла з уключанымі фарамі, расхлябана віхляючы па калдобінах крытым высокім кузавам. Тры іншыя машыны, што ішлі следам, былі таксама высокія і крытыя,— што яны везлі, немагчыма было зразумець. Але той факт, што машыны з’язджалі ўбок з галоўнай магістралі, наводзіў лейтэнанта на некаторыя прыемныя думкі. Болей не пад’язджаючы да гэтай дарогі, ён павярнуў на ўзлеску следам за імі.

Цяпер ён ішоў вельмі марудна, часта спыняўся і слухаў. Далёкі нутраны гул дызеляў нейкі час яшчэ быў чуваць, пасля, заглушаны павевам ветру, неяк адразу сціх. Іваноўскі паправіў на сабе дзягу з цяжкой гранатай, азірнуўся на Піваварава. Той быў побач; прыціхлы ў прадчуванні небяспекі, ён ледзьве спраўляўся са сваім дыханнем.