Выбрать главу

Ззаду заварушыўся шэры, медзведзяваты ў прыцемку камяк у маскхалаце, шумна сапучы, ён падпоўз упрытык да Іваноўскага і спыніўся. За ім варушыўся яшчэ нехта, а далей ужо было і не згледзець, перашкаджаў змрок. Іваноўскі запытаў асіплым змораным шэптам:

— Паўзуць?

— Паўзуць, лейценант,— такім жа задышлівым шэптам адказаў Лукашоў.

— Перадай: шырэй крок!

У лагчынцы снег стаў яшчэ глыбейшы, тулава ў ім зарывалася па самыя плечы. Пад змакрэлымі каленямі адчувалася змерзлая калючая трава сенажаці — мабыць, пачынаўся поплаў. Іваноўскі не пазіраў на компас — як амаль і заўсёды, кірунак ён угадваў па характэрных зменах рэльефу, які быў вядомы яму з карты. Тут скрозь трэба было кіраваць нізам да рэдкага кустоўя абапал рачулкі, затым крыху збочыць правей і паўзці па яго самым краі. Шлях паўзком быў яшчэ доўгі, ён, вядома, выматае іх як мае быць. Але толькі б не нарвацца на немцаў, на які выстаўлены на ноч замаскіраваны сакрэт. Тады ўжо неўпрыкмет не пяройдзеш, тады пачнецца такое, што можа скончыцца кепска ў самым пачатку.

Іваноўскі аднак адагнаў ад сябе кепскія думкі і пільней угледзеўся ў снегавы змрок. Здаецца, зусім ужо недалёка цямнелі кусты, там была засыпаная снегам рачулка. Гэта мясціна — ён памятаў з карты — была якраз пасярэдзіне нейтралкі, далей за рэчкай на пагорку пачыналася невялікая разбітая снарадамі вёска, у якой сядзелі немцы. Праўда, іх першы акоп быў бліжэй, праз якіх сотню метраў па той бок рачулкі, і там трэба будзе зрабіць паварот уздоўж русла і паспрабаваць прабрацца ў кустоўі між гэтым акопчыкам і другім ззаду, на мыску вастраносага, нібы лыжка, пагорка.

Снег тым часам не толькі паглыбеў, але стаў і яшчэ болей мяккі, пад рукамі шастала прысыпаная ім змерзлая, не кошаная з лета трава. Аднаго разу Іваноўскі неасцярожна націснуў каленам і праламаў крохкую скарынку моху, з-пад якой пляснула вада. Знячывелы лейтэнант падаўся ўбок і тут жа вылаяў сябе за паспешлівасць: знайшоў чаго асцерагацца! Быццам праваліцца ў ваду было самае горшае з усяго, што іх магло напаткаць. На некалькі секунд ён прыпыніўся і ўслухаўся: ці не выдаў сябе гэтым міжвольным рухам. Але ўжо тут, побач, было кустоўе, як рукой дастаць тапырылі голле алешыны, купкі ніцай лазы, што густа тырчала са снегу. Іваноўскі яшчэ нядоўга прапоўз пад кустамі, каб даць сваёй расцягненай такі групе размясціцца пад іх аховай, і аблёгся на лыжы. Хмызняк добра хаваў іх ад вёскі, тут ужо не страшныя былі і ракеты. Праўда, яшчэ заставаўся адкрыты і небяспечны пагорак-лыжка ў другім баку, але ён быў усё ж далей. Адтуль іх маглі ўжо і не ўбачыць нават і пры святле ракет.

Увесь час лейтэнанту карцела ўстаць і азірнуцца, як там, у хвасце, ці не занадта расцягнуліся апошнія. Цяпер вельмі важна было трымаць усіх у адным кулаку — ведаў, у такой сітуацыі разрозненасць мяжуе з бядой. Праўда, у выпадку чаго там ёсць каму пакамандаваць, апошнім поўз Дзюбін, здаецца, чалавек разумны і разы ў паўтара старэйшы за лейтэнанта. Але Дзюбін быў прызваны з запасу, і, хоць характарам яго бог не пакрыўдзіў, невядома, ці хопіць у яго франтавога ўмельства? Кадравы камандзір Іваноўскі, які выцерпеў усе пакуты вайны з яе самага першага чэрвеньскага дня, трохі не давяраў запасным і для пэўнасці частку іхняй паклажы звычайна імкнуўся ўзяць на сябе. Сённяшняя яго кароткая сутычка са старшыной, які прапанаваў пачакаць з пераходам, пакінула непрыемнае ўражанне ў абодвух. Лейтэнант не любіў дзяліць сваю ўладу з кім бы то ні было ды яшчэ ў такой справе, дзе можна было спадзявацца толькі на самога сябе, сваю кемлівасць і рашучасць. Пакуль увогуле ўсё абыходзілася, пашанцуе — абыдзецца і далей, і тады як-небудзь пры выпадку ён напомніць Дзюбіну...

Ззаду ў баразне пульхнага снегу сіпата зашаптаў Лукашоў:

— Цяпер куды, таварыш лейцінант?

— Ціха! Як там астатнія?

— Ды паўзуць. Шалудзяк вунь адстае толькі...

Зноў Шалудзяк! Гэты Шалудзяк яшчэ ў батальёне сваёй мешкаватасцю выклікаў кароткае незадавальненне ў лейтэнанта, але ў мітусні кароткае падрыхтоўкі Іваноўскі проста забыўся пра яго, падумаўшы, што чалавек, мабыць, здаровы, вытрымае. Да таго ж групе быў патрэбны сапёр, а выбар быў невялікі, давялося браць першага, хто трапіў пад руку — гэтага вось немаладога і медзведзяватага дзядзьку. Але вайна ў каторы ўжо раз пераконвала ў неабходнасці, апроч звычайнае сілы, яшчэ і ўмення, і трэніроўкі. Зрэшты, трэніроўкі ў іх таксама не было ніякай, на яе проста не хапіла часу. Увесь дзень начальнік разведкі з начальнікам асобага аддзела праглядвалі і ўтрасалі спісы, падбіралі людзей, і калі нарэшце сабралі групу, пра трэніроўку не было чаго і думаць.