— Зараз перавяжам,— сказаў ён, лапаючы па кішэнях у пошуках бінта.— Куды вас?
— У грудзі. Пад рукой во...
— Нічога, нічога! Зараз перавяжу. А я таму як даў, дык адразу... Другі, гляджу, драла... Цэлую абойму выпусціў!
Іваноўскі адкінуўся на спіну, зняў дзягу, расшпіліў ватоўку, Півавараў сцюдзёнымі рукамі залапаў па целе. Кроў, якая багата намачыла адзенне, пачала ўжо астываць і пякла на марозе, як лёд. Зрэшты, пёкся, магчыма, снег, якога набілася скрозь, лейтэнант усё скаланаўся ад дрыжыкаў, але трываў моўчкі. Баец туга абкруціў яго грудзі двума ці трыма пакетамі, моцна завязаў канцы.
— Вельмі баліць?
— Ды ўжо ж, баліць,— раздражнёна адказаў Іваноўскі.— Усё, зашпілі дзягу.
Півавараў памог камандзіру прывесці сябе да ладу, зашпіліў на ватоўцы дзягу, абцягнуў падол маскхалата. Памалу лейтэнант пачаў грэцца, хоць цела яго па-ранейшаму білі дробныя нервовыя дрыжыкі.
— Не трэба было туды ісці,— сказаў баец, выціраючы аб штаны запэцканыя крывёй рукі.
— Што ж ты не сказаў раней?
— Дык я не ведаў,— паціснуў адным плячом Півавараў.
— А я ведаў? — раздражнёна кінуў лейтэнант. Ён разумеў, што робіцца злы і несправядлівы і што Півавараў тут ні пры чым, што ва ўсім ён вінаваты сам. Але менавіта ўсведамленне гэтай вінаватасці больш за ўсё і злавала Іваноўскага. Так, цяпер ён уліп, загубіў сябе і, мабыць, гэтага байца таксама, канчаткова праваліў важнае заданне з базай, нічога не дабіўся ў вёсцы. Але зрабіць інакш — абысці бокам базу, штаб, гэтую вёску і тым зберагчы сябе — ён не мог. На такой вайне гэта было злачынства.
— Дыскі давайце сюды. I аўтамат таксама. Я панясу,— ціха сказаў Півавараў, і Іваноўскі моўчкі згадзіўся — цяпер, вядома, ён многа несці не мог. Сабраўшы ў сабе рэшту сілы, ён толькі павярнуўся, каб сесці на снег.
— Што ж, трэба ісці.
— Ага, давайце вунь туды. Як ішлі,— ажывіўся Півавараў.— Яй-богу, тут недзе павінна быць вёска.
— Вёска?
— Ну. У нейкую вёску трэба. Без немцаў каб.
Мабыць, ён меў рацыю, падумаў Іваноўскі. Цяпер ім толькі і застаецца прыбіцца ў якую-небудзь вёску, да сваіх людзей, болей няма куды дзецца. Ён проста не адразу зразумеў, як крута гэта яго раненне мяняла ўсе яго планы. Цяпер, мабыць, трэба болей клапаціцца пра тое, каб не трапіць да немцаў. Базы яму ўжо не бачыць...
Раздзел дзесяты
Яны ўсё ішлі па калена ў снезе, без лыж — знясілена валакліся ў поцемках, трымаючыся адзін за аднаго, ад знямогі ледзьве не падаючы ў снег. Півавараў зусім выбіваўся з сілы, але не пакідаў лейтэнанта, правай рукой падтрымліваў яго, а ў левай цягнуў за рамень аўтамат і вінтоўку ды на плячы яшчэ свой рэчмяшок, які ўвесь час спаўзаў долу. Іваноўскаму ўжо зусім нестрываныя былі ягоныя ўсе пакуты, але, сцяўшы зубы, ён вымушаў сябе на апошнія намаганні і ішоў, ішоў, толькі б далей адысціся ад той праклятае вёскі.
Тым часам уначы паваліў снег, вакол забялела, затуманілася, мутнае неба зышлося з гэткім жа мутным долам, затканым мільготка-шэрай мітуснёй сняжынак. Немагчыма было падняць твар. Але вецер быў слабейшы, чым у мінулую ноч, зноў жа, здавалася, дзьмуў ім у спіну, і яны слепа брылі па полі, часам спыняючыся, каб перавесці дыханне. Плюючы крывёю, Іваноўскі з самотай адзначаў, як таялі яго сілы, і ўпарта ішоў, спадзеючыся на якое-небудзь прыстанішча, каб не прапасці тут, у гэтым завейным полі. Гінуць ён не хацеў, пакуль быў жывы, гатовы быў змагацца хоць усю ноч, суткі, хоць вечнасць, абы ўцалець, выжыць, дабрысці да сваіх.
Напэўна, Півавараў адчуваў тое ж, але нічога не гаварыў лейтэнанту, толькі як мог падтрымліваў яго, напружваючы рэшту сваёй таксама далёка не багатае сілы. Іншы раз лейтэнант, напэўна, здзівіўся б, адкуль яна яшчэ бралася ў гэтага хліпкага, заморанага з выгляду хлопца, але цяпер сам быў слабейшы за яго і цалкам залежаў ад яго хай сабе невялікіх магчымасцяў. I ён ведаў, што калі яны ўпадуць і не здолеюць падняцца, то далей будуць паўзці, бо які-ніякі паратунак у іх — наперадзе, ззаду ж іх пільнавала смерць.
У нейкай лагчыне з даволі глыбокім снегам яны нерашуча спыніліся раз і другі. Півавараў, падтрымліваючы лейтэнанта, спрабаваў разгледзець штосьці наперадзе, што лейтэнант не адразу і заўважыў. Пасля, прыгледзеўшыся праз згусцелую ўначы завіруху, ён таксама ўбачыў невыразную цёмную пляму, памеры якой, як і адлегласць да яе, угадаць было немагчыма. Гэта мог быць і куст побач, і нейкая будыніна воддаль, і дрэва — елка ці сасна на ўзлеску. Тым не менш гэтая пляма насцярожыла абодвух і, падумаўшы, Півавараў апусціў Іваноўскага долу.