— Дзверы я зачыніў,— кіўнуў Півавараў у парог.— Рыдлёўкай падпёр.
— Добра. Вады тут няма?
— Ёсць,— ахвотна адазваўся Півавараў.— Во ў дзежцы вада. Я ўжо піў. 3 лёдам толькі.
— Дай.
Півавараў не дужа спрытна напаіў яго з нейкай бляшанкі, вада смярдзела венікам, да вуснаў прыліпала размоклае бярозавае лісце. Увогуле вада была агідная, быццам бы з лужыны, і гэтак жа агідна было ўнутры ў лейтэнанта — нешта распухла ў грудзях, ужо з натугай можна было ўздыхнуць, адкашляцца ён не мог.
Калі напіўся, стала лягчэй, свядомасць яго быццам праяснілася, Іваноўскі агледзеўся навакол. Лазня была дужа маленькая, з нізкай закуранай столлю і чорнымі ад сажы сценамі. У куце каля дзвярэй чарнела куча камення на печцы, побач стаяла дзежка з вадой. На нізкім шастку над ім віселі нейкія забытыя транты. Ведама, у кожны момант і па першай патрэбе тут маглі паявіцца людзі, якія і знойдуць іх. I як ён не падумаў раней, што лазня не можа быць далёка ад вёскі і што ў гэтай вёсцы таксама могуць быць немцы.
— Што там відаць? — глуха запытаўся ён у Піваварава, які горбіўся ўжо ў прылазніку ля шчыліны ў дзвярах.
— Ды вунь са двара выйшлі... Двое. Закурваюць... Пайшлі некуды.
— Немцы?
— Ну.
— Нічога. Глядзі толькі. Так проста яны нас не возьмуць.
Ведама, ён разумеў невялікі кошт свайго галаслоўнага суцяшэння, але што ён мог болей? Ён ведаў толькі, што калі прыйдуць немцы, прыйдзецца адбівацца, пакуль хопіць патронаў, а там... Але можа яшчэ і не прыйдуць. Можа яны і зусім пойдуць з вёскі, можа яны ў ёй толькі начуюць. Дзіўна, але ў яго адчуваннях цяпер з’явіліся нейкія новыя, дагэтуль амаль не знаёмыя яму адценні, нейкі ненатуральны ў гэтай блізі да немцаў спакой без ценю ягонае спешкі, яго нецярпення, якія дапякалі яму ў апошнія дні. Цяпер гэта ўсё знікла кудысьці, прапала, мабыць, разам з ягонаю сілай, страціўшы якую, ён траціў і свой заўсёдны душэўны напор. Цяпер ён стараўся як мага дакладней усё ўзважыць у свядомасці, выверыць розумам, каб паступіць напэўна, бо кожная памылка ў яго рашэнні магла аказацца апошняй. I першай яго выразна зразумелай неабходнасцю была гатоўнасць чакаць. Удзень, у снежным полі, на краі вёскі нічога болей не было магчыма, як толькі запасціся да ночы цярпеннем, каб з наступленнем цемры штосьці зрабіць для свайго паратунку.
Але чакаць таксама патрэбна была сіла, трэба было неяк утрымліваць у сабе хісткую сваю прытомнасць, немалым намаганнем волі захаваць вытрымку. Гэта таксама было нялёгка нават для чалавека здаровага, якім быў Півавараў. У гэтае пастцы, паблізу ад немцаў не проста было саўладаць з нервамі, думаў лейтэнант, назіраючы, як кідаўся па лазні баец — то да акенца ў сцяне, то ў прылазнік са мноствам шчылін. Выглядаў ён амаль што спалоханы, і кожны раз, пазіраючы на байца, Іваноўскі думаў: ідуць! Але, мабыць, каб супакоіць камандзіра ды і сябе таксама, Півавараў час ад часу прыгаворваў услых:
— Хтосьці на сцежку выйшаў... Да калодзежа быццам. Ага. Нейкая цётка з вядром...
I яшчэ праз хвіліну:
— О, о! Выходзяць. Не, сталі. Стаяць... Пайшлі кудысь.
— Куды пайшлі?
— А чорт іх ведае! Схаваліся за вуглом.
— Нічога, не хвалюйся. Сюды не прыйдуць.
Іваноўскі не стаў забіраць у яго свой аўтамат, падумаўшы, што ў выпадку чаго Півавараў управіцца з ім спрытней за яго, у лейтэнанта ж засталася граната. Цяпер без гранаты яму немагчыма. Ён адвязаў яе ад дзягі і паклаў каля лаўкі. Побач стаяла прыхінутая да сцяны вінтоўка — усё было пад рукамі, заставалася цярпліва чакаць, спадзеючыся на ўдачу.
— Сунуцца — тут і застануцца,— сказаў Півавараў, зазіраючы ў акенца.— Праўда, і мы...
Іваноўскі зразумеў, што недаказаў Півавараў, і запытаўся нечакана:
— Жыць хочаш?
— Жыць? — амаль здзівіўся баец і ўздыхнуў.— Няблага б. Але...
У тым-то і справа, што але! Гэта але д’ябальскім праклёнам стала ўпоперак іх маладых жыццяў, уцячы ад яго было немагчыма. У той памятны дзень яно бязлітасна рассекла свет на дзве палавіны, на адной з якіх было жыццё з усімі яго несамавітымі, але такімі патрэбнымі чалавеку радасцямі, а на другой — заўчасная, агідная, праклятая смерць. 3 гэтага ўсё пачалося, і што б ні здаралася потым, у наступных яго выпрабаваннях — усё нязменна натыкалася на гэтае праклятае але. Каб неяк абысці яго, абхітрыць, перамагчы на сваім шляху і прадоўжыць жыццё, патрэбны былі неверагодныя намаганні, праца, пакуты... Вядома, каб выжыць, трэба было перамагчы, але перамагчы можна было толькі выжыўшы — у такое чортава кола загнала людзей вайна. Абараняючы сябе і краіну, трэба было забіць не аднаго, а шмат, і чым болей было забіта, тым болей надзейным было існаванне аднаго і ўсіх. Жыццё праз пагібель ворага — іншага выйсця на вайне, мабыць, не існавала.