Выбрать главу

Якім яшчэ чынам дэмакратычныя нормы могуць набыць каштоўнасць для чалавека, як не ўплывам на тое, што ён абгрунтавана ці беспадстаўна лічыць мэтай свайго жыцця? Вядома, не выключана магчымасць выкарыстання сродкаў, уздзеянне якіх не цалкам ці памылкова пралічана, але, сыходзячы з таго, што ў нашым выбары ёсць рацыянальнае зерне, гэты набор сродкаў павінен разглядацца намі як спрыяльны для той мэты, якая, у рэшце рэшт, робіць наша жыццё вартым жыцця. Г. Маё прызнае, што дэмакратычныя працэдуры сцвярджаюць і ўмацоўваюць пэўныя каштоўнасці. Можна дадаць, што пры гэтым яны супрацьдзейнічаюць рэалізацыі іншых каштоўнасцяў, носьбітамі шмат якіх з'яўляюцца камуністы ці нацысты. Ці можна адначасова сцвярджаць, што дэмакратыя пазбаўляе жыццё канчатковай мэты? I наадварот, калі сыходзіць з таго, што як добрыя дэмакраты мы павінны лічыць мэту існавання нявызначанай, якая логіка дазваляе нам аддаваць перавагу адной палітычнай сістэме перад другой?

Магчымы контраргумент: дэмакратычныя працэдуры не патрабуюць і не прадугледжваюць канчатковай мэты, іх апраўданасць заключаецца ў тым факце, што яны даюць чалавеку пэўную свабоду для ажыццяўлення асабістых мэтаў — часткова дзякуючы пэўнаму кантролю над дзяржаўнай і грамадскай палітыкай. Але такі контраргумент будзе азначаць неразуменне сутнасці пытання, паколькі свабода, мэта, кантроль і г.д., каб быць нечым большым за пустыя лозунгі, павінны суадносіцца з тою мэтай, якая лічыцца канчатковай, ці вызначацца адносна яе. Калі працэдурныя сродкі дэмакратыі падбіраюцца разумна і асэнсавана, яны сапраўды ўвасабляюць гэтую мэту і часткова спрыяюць яе дасягненню. Г. Маё і іншыя тэарэтыкі з аналагічнымі ягоным поглядамі на дэмакратыю ўкладаюць у паняцце сапраўднай прызначанасці чалавека значна больш, чым ім дакладна вядома.

Якім бы абмежаваным і невыразным не было наша бачанне сапраўднай каштоўнасці рэчаў і з'яў, яго наяўнасць дазваляе захоўваць пачуццё напрамку і прапорцый, без якога існаванне і навука робяцца бессэнсоўнымі. Навука сыходзіць не толькі з таго, што ў сусвеце існуе парадак, але і з магчымасці знайсці да гэтага парадку ключ. Толькі палавіну будынка філасофіі будуе той вучоны, які прытрымліваецца філасофіі рэлятывізму навуковых каштоўнасцяў замест шчырага прызнання магчымасці таго, што этычныя намаганні людзей, прыкладам якіх з'яўляюцца зацверджанне дэмакратычных правоў і імкненне да ісціны, маюць агульны фокус і што ўсведамленне чалавецтвам ідэі дабра большае за суб'ектыўныя прадузятасці індывідуумаў і груп і паддаецца навуковаму аналізу. У гэтай недабудоўлі ён можа гадаваць пэўныя каштоўнасці і, такім чынам, надаваць жыццёваму шляху пэўныя сэнс і паслядоўнасць без аналізу яго скіраванасці на канчатковую мэту і прызнання адказнасці за сваё існаванне. Ярлык суб'ектыўнасці, які ён прычэплівае на любыя спробы сцвярджэння «асноўных каштоўнасцяў», кладзе канец высвятленню іх апраўданасці, якое, па сутнасці, не паспела нават пачацца. У выніку ён не можа захаваць навуку нейтральнай адносна этыкі і толькі палягчае некрытычнае стаўленне да каштоўнасцяў пры вызначэнні больш значных з іх.

У сучасных палітычных разважаннях на Захадзе словам дэмакратыя карыстаюцца і злоўжываюць часцей за іншыя тэрміны. Можна сцвярджаць, што тэарэтычная блытаніна ў пэўнай меры з яўляецца вынікам значнага ўплыву пэўнага этычнага рэлятывізму ці нігілізму. Тэарэтыкі дэмакратыі адмовілі чалавечаму жыццю ў акрэсленай, нязменнай мэце і цяпер сутыкаюцца з вялікімі цяжкасцямі, калі спрабуюць вызначаць агульную кропку суаднясення. Дэмакратычны слоўнік адкрыты для перагляду. Мэта гэтага даследавання — садзейнічаць аднаўленню тэарэтычнай і тэрміналагічнай яснасці адносна дэмакратыі шляхам увязкі яе з імкненнем чалавека жыць паводле маралі. Гэтым падыходам я далучаюся да філасофскай традыцыі, заснаванай на Захадзе Платонам і Арыстоцелем. У гэтай кнізе будзе зроблена спроба даць этычнае тлумачэнне дэмакратыі, г.зн. такое тлумачэнне, у якім пачуццё напрамку і прапорцыі вынікае з этычна-філасофскага разумення прыроды і лёсу чалавека.

Далей будзе зроблена спроба паказаць, якім чынам гэтае пачуццё звязанае з абраным урадам і як на яго ўплывае. Замест таго, каб шукаць маральнае абгрунтаванне гатоваму вызначэнню дэмакратыі, я паспрабую вырашыць, якой павінна быць схема грамадскага самакіравання, каб забяспечыць падтрымку этычнага жыцця. Калі да этычных патрабаванняў ставіцца сур'ёзна, то зрабіць наадварот — гэта значыць паставіць каня паперадзе калёсаў.

Я далёкі ад таго, каб абмяжоўваць разгляд этыкі вывучэннем непазбежна суб'ектыўных меркаванняў адносна мэты чалавечага жыцця. Я сыходжу з таго, што чалавек здольны пайсці далей за ўсё адноснае і суб'ектыўнае ў маралі і што філасофія здольная апісаць гэты працэс. Пад этычным сумленнем мы разумеем не нейкі адвольны, асабісты ці звычайны прынцып паводзін, а больш ці менш глыбокае — у залежнасці ад чалавека — усведамленне таго, што існуе пэўная мэта чалавечага жыцця, якая стаіць вышэй за недаўгавечныя перавагі і чалавечую прадузятасць і парушэнне якой абыходзіцца стратай часткі сэнсу і кошту жыцця. Этычнае сумленне — гэта тое ў чалавеку, што імкнецца, у рэшце рэшт, да рэалізацыі ўсеагульнага дабрабыту, а не сцвярджэння інтарэсаў асобных індывідуумаў ці груп. Філасофія  імкнецца апісаць прыроду гэтага галоўнага прынцыпу. Каб пазбегнуць непаразумення, трэба сказаць, што этычная філасофія спрабуе надаць найбольш ясную інтэлектуальную акрэсленасць сэнсу духоўнага напрамку, што ў рэшце рэшт адхіляе ўсе канкрэтныя фармулёўкі. Пад этычным сумленнем я разумею своеасаблівае асэнсаванне рэчаіснасці, дынамічна звязанай з рацыянальнасцю, але не абмежаванай ёю. Такім чынам, абсалютам этычнага жыцця чалавека з'яўляецца не той ці іншы стандарт паводзін, які складаецца пад уплывам этычных патрабаванняў, а сам маральны абавязак, імператыў заўсёды шукаць самаапраўдальнае вырашэнне канкрэтнай сітуацыі. Некаторыя хрысціянскія вернікі палічаць за лепшае сказаць, што этычнае сумленне — гэта Святы Дух, які сыходзіць на чалавека. Выкарыстанне такой тэрміналогіі дазволіла 6 выключыць бесперспектыўныя спасылкі на расплывістае і слізкае значэнне слова сумленне у тым сэнсе, у якім яно ўжываецца ў штодзённай гаворцы і зрабіла б яснейшаю сувязь этыкі з боскаю мэтай, якую я імкнуся ўстанавіць. 3 другога боку, такі крок, магчыма, недарэчна ўскладніў бы ўспрыманне майго аналізу тымі, хто не можа пагадзіцца з чыста хрысціянскім бачаннем Бога.

Спроба дакладна вызначыць прычыны адмаўлення ад этычнага рэлятывізму і схільнасці да класічнай традыцыі ў этыцы, пачатай Платонам і Арыстоцелем, і да цесна звязанай з ёю іудзейска-хрысціянскай традыцыі, можа стаць матэрыялам для асобнай працы. Тут неабходна прыгадаць вучоных, якія працягваюць гэтыя традыцыі. Нягледзячы на тое, што погляды мінулага ў шэрагу важных момантаў канфліктуюць з некаторымі шырока прызнанымі сучаснымі меркаваннямі, аўтары, якія лічаць іх па-ранейшаму абгрунтаванымі, не могуць кожны раз пачынаць з нуля, адстойваючы свае асноўныя прынцыпы ад нападкаў сучаснікаў. Каб быць здольным даць пэўныя тлумачэнні, прапаноўваць новыя шляхі развіцця і ўзмацнення старых традыцый ці новыя шляхі іх выкарыстання, і, такім чынам, зрабіць свой уклад у філасофію, сучасны філосаф павінен мець магчымасць карыстацца той базай, што была пакладзена іншымі. Але сама сутнасць навуковай дыскусіі патрабуе будаваць аргументацыю такім чынам, каб яна гучала змястоўна і заслугоўвала ўвагі нават у тых, хто прытрымліваецца зусім іншай сістэмы. Спадзяюся, што падчас аналізу суадносінаў паміж этычным сумленнем і народным самакіраваннем сваё развіццё атрымаюць і тыя пераканаўчыя доказы, якія паказваюць, чым этыка павінна быць на практыцы.

Увядзенне паняцця этычнай перспектывы ў пытанне аб народным кіраванні прывядзе да перагляду тых прынцыпаў дэмакратыі, якімі іх сёння разумее шмат палітолагаў. Этычная тэорыя дэмакратыі не зможа, напрыклад, задаволіцца простым сцвярджэннем таго, што дэмакратыя з'яўляецца пэўнаю формай кіравання, пры якой грамадская палітыка залежыць ад волі большасці грамадства, а не прывілеяванай эліты. Такі спрошчаны падыход, можа, і мае каштоўнасць для чыстай тэорыі народаўладдзя, але адказу на пытанне аб тым, ці павінна дэмакратыя спачатку выхаваць пэўную якасць народнай волі, ён не дае. Этычная тэорыя дэмакратыі шукае ў агульнапрызнаным прынцыпе ўлады большасці нечага большага, за вядомую думку аб тым, што колькасная перавага адной часткі грамадства над іншай дае першай перавагу ў прыняцці грамадскіх рашэнняў. У выглядзе простага сцвярджэння прынцып не ўлічвае патрабаванняў этыкі, і такі недахоп, на жаль, уласцівы большасці ўплывовых сучасных тэорыяў дэмакратыі. У сваіх пошуках «асноўнай рысы» гэтае формы кіравання Генры Маё спыняецца на наступным крытэрыі: «Палітычная сістэма дэмакратычная ў той ступені, у якой улады знаходзяцца пад сапраўдным кантролем народа»6. Безумоўна, прапанаванае Маё вызначэнне дэмакратыі не абмяжоўваецца гэтаю фразай, але той факт, што менавіта гэты паказчык ён лічыць «асноўнаю рысай», добра адлюстроўвае тэндэнцыю сучаснай дэмакратычнай тэорыі разглядаць гэты тып кіравання як не болей чым форму, якую можна напоўніць амаль што любым зместам. Гэты нібыта фундаментальны крытэрый ніяк не згадвае пра якасць волі, якую быццам павінна фармуляваць дэмакратыя, а проста дае адзіную фармулёўку: чым большы народны кантроль, тым больш дэмакратыі. Мы зноў застаемся з вызначэннем, якое разглядае дэмакратыю ўрэшце на тым самым колькасным узроўні.