— Асцярожна! Глядзі, куды ідзеш!
Агідны камяк падступіў да горла. Брудная вада з усхліпам адышла ў адліў: фільм скончыўся. Ненатуральная, надуманая канцоўка — голас Гезелера, ягоная рука на яе плячы, смяротная нуда ў яго кампаніі. Вось яны якія, забойцы! Жарэбчык за рулём, у голасе паганенькая казарменная пажаднасць, хвацка вядзе машыну — усё, больш нічога не скажаш!
Мамаша канчаткова разабралася з пірожным і крычала на ўсю моц:
— Не дурэй! Чаго ты носішся як апантаная!
Газоны даўно не падмяталі. Паўсюль былі панакіданы ржавыя металічныя коркі ад бутэлек з-пад ліманаду. Нэла вярнулася ў кабіну і, каб сагрэцца, у надзетых на босую нагу туфлях хуценька пабегла да басейна. Дзяўчо ўсё яшчэ стаяла на траве паміж кафэ і басейнам, а маці сачыла за ёй, перагнуўшыся праз парэнчы,— бясформенная туша ў квяцістай сукенцы.
Слізкія, абымшэлыя прыступкі вялі да вады. Удалечыні, над вяршалінамі дрэў, за тэрасай кафэ цямнеўся дах Брэрніхскага заліва. Над ягоным грэбнем Нэла ўбачыла на блакітным фоне неба сцяг хрысціянскага саюза дзеячаў культуры: залаты меч, чырвоная кніга і сіні крыж на белым. Сцяг злёгку калыхаўся на ветры.
Нэла зняла туфлі, адкінула іх на газон і павольна спусцілася па прыступках. Яна ўвайшла ў ваду, нахілілася і, чэрпаючы ваду прыгаршчамі, пачала ліць яе на сябе. Гэта супакоіла яе. Вада была не такая ўжо і халодная. Яна зайшла глыбей, спачатку па калені, затым па пояс. Купальнік намок, ацяжэў, па скуры цякла прахалода. Яна нахілілася наперад, акунулася і наплыла, нетаропка выносячы рукі і моцна заграбаючы. Яна ціха смяялася ад асалоды — было так прыемна рассякаць зялёную гладзь вады.
Наглядчык па-ранейшаму стаяў на пляцоўцы, захінуўся далонню ад сонца і назіраў за ёй. Яна даплыла да процілеглай сцяны, затым павярнула назад і памахала яму рукой. Дзяўчо на лужку зрабіла яшчэ крок да басейна, але квяцістая туша адразу ж загаласіла:
— Не падыходзь так блізка да вады!
Дзіця паслухмяна спынілася і пераступала з нагі на нагу.
Нэла перавярнулася на спіну і наплыла яшчэ павольней. Яна зусім сагрэлася. Ад чужога купальніка злёгку патыхала глеем. Недзе высока ў небе гудзеў нябачны самалёт, толькі шырокі дымны след цягнуўся за ім па небе. Дым, спачатку густы і шчыльны, паступова расслойваўся, валакністыя аблачынкі раставалі, знікалі. Самалёт так і не паказаўся. Нэла спрабавала ўявіць сабе лётчыка ў кабіне. Скураны шлем, акуляры, пахмурна-засяроджаны выраз на хударлявым твары. Яна ўявіла на ягоным месцы сябе за штурвалам самалёта... Недзе там унізе блішчыць возера, малюсенькае, велічынёй з галоўку шпількі або крыху большае — з манету, і ўжо ва ўсялякім выпадку не большае за цыферблат наручнага гадзінніка. Светла-зялёная рабізна вады сярод цёмных плямаў лесу. А можа, возера адтуль і зусім не бачна. Самалёт марудна, быццам з апошняе сілы цягне за сабой цяжкі шлейф. Дымнае воблака жаўцее, распаўзаецца. З апошняе сілы паўзе самалёт па бяскрайняй блакітнай пустыні. Гудзенне сціхла — цяпер ён ужо далёка, там за лесам, на даляглядзе. След яго амаль растаў, а над дахам замка, дзе ён пачынаўся, зніклі нават апошнія дымкі. А сцяг па-ранейшаму выразна выяўляецца на яркім блакітным небе і злёгку калышацца на ветры. Залаты меч, чырвоная кніга і сіні крыж на белым полі старанна прадуманае сімвалічнае спалучэнне.
Удзельнікі семінара сядзяць, мабыць, за вячэрняй кавай. Яны ўражаны дакладам Гезелера і, відаць, прыйшлі да заключэння:
— Яшчэ не ўсё страчана!
Нэла зноў павольна праплывае на спіне да процілеглай сцяны басейна. Струменьчыкі вады з шапачкі бягуць па твары, яна адчувае на вуснах гаркавы смак балоцістай вады і міжволі зноў ціха смяецца. Купанне цудоўна асвяжыла яе.
З лесу выехаў паштовы аўтобус. Здаўлена пратрубіў механічны ражок, які ахрып на бясконцых паваротах лясных дарог. Усміхаючыся, Нэла падплыла да берага, вылезла з вады і зноў паглядзела на неба: дымны след самалёта над лесам крута ішоў да зямлі і губляўся за вяршынямі дрэў. Яна павярнулася і прайшла паўз веранду ў сваю кабіну. Служыцель пахвальна ўсміхнуўся. Ад драўлянага насцілу ў кабіне ішоў цяжкі пах гнілля і сырасці — пах мінуўшага лета. Брусы пакрыліся белай плесняй, а на падлозе белы колер пераходзіў у брудна-зялёны. Жоўтая фарба на фанерных сценах парэпалася, аблупілася. Толькі ў адным месцы яна блішчала, як новая: яркая пляма, невялікая, памерам са сподак. Упоперак яе ішоў надпіс алоўкам: «Калі ты любіш жанчыну, то шчаслівая толькі яна,— сам жа ты нешчаслівы».