Выбрать главу

Марцін толькі запытаў здзіўлена:

— Вы пераязджаеце?

— Але,— адказаў Генрых,— мы пераязджаем да кандытара. Сёння ўжо будзем начаваць там.

Цяпер Марцін зразумеў, і абодва яны ў гэты момант успомнілі тое слова, якое маці Генрыха сказала кандытару. У прыхожай сталяр, фрау Барусяк і кандытар размаўлялі з Альбертам. Марцін і Генрых адначасова паглядзелі ўверх, і ім зусім не падалося дзіўным, што мама Генрыха плача на грудзях у дзядзькі Альберта. Не здзівіліся яны і таму, што яна неўзабаве перастала плакаць, узяла Альберта за руку і пайшла разам з ім да лесвіцы.

— Ну, зараз пойдзем,— сказаў Генрых.

Марцін узяў ягоны ранец, а сам ён, падняўшы на рукі Вільму, павольна, з прыступкі на прыступку, пачаў спускацца ўніз і глядзеў на гаспадыню малочнай лаўкі, проста ў яе вялікія карыя насмешлівыя вочы; ён паспеў зірнуць нават на Брэзгенаў, якія выстраіліся каля сваіх дзвярэй. Чатыры свінні, круглыя, тлустыя морды! Яны нешта перажоўвалі, і іхнія сківіцы безупынку рухаліся. З-за пляча распуснай гаспадыні малочнай лаўкі выглядваў Гуго, яе сужыцель. Гуго таксама нешта жаваў і ў той момант, калі яны праходзілі міма, выцягнуў з рота хвост шпроціны. «Брудныя свінні», як па камандзе, апусцілі вочы, гаспадыня малочнай лаўкі вытрымала позірк Генрыха, а стары рассыльны раптам сказаў:

— Чаму ж ты, Генрых, і развітацца са мной не хочаш?

Генрых нават не зірнуў у ягоны бок. За спінай ён чуў крокі ўдзельнікаў трыумфальнага шэсця. Альберт, смеючыся, гаварыў нешта маці, а яна як быццам таксама смяялася. За імі ішлі фрау Барусяк і сталяр, ззаду за ўсімі — кандытар. Гаспадыня малочнай лаўкі проста сіпела: «Ні даць ні ўзяць шлюбны картэж!» а Гуго, чвякаючы, даядаў шпроціну і адразу ж засунуў у рот другую. Рыбка золатам бліснула ў ягонай руцэ.

Яны спусціліся яшчэ ніжэй, і Генрых убачыў унізе яркае сонечнае святло, якое прасочвалася на лесвіцу праз расчыненыя дзверы. Але ён адчуваў, што думкі яго яшчэ там, наверсе. Яму здавалася, што ён па-ранейшаму стаіць каля акна. Унізе брудныя свінні, за спінай — баязлівы кандытар, ён асуджаны — і няма яму паратунку.

I Генрых назаўсёды запомніў, як ён стаяў каля акна, быццам асуджаны на вечныя пакуты, глядзеў уніз на хлам у кузаве, а з вуліцы неслася безупыннае выццё гудка. Марцін ужо колькі разоў пытаў яго пра нешта. Генрых не адказваў. У думках ён быў яшчэ там, наверсе. Але адно ён ведаў пэўна: Альберт і Марцін зразумелі менавіта тое, што павінны былі зразумець. Паратунак прыйшоў у тыя лічаныя долі секунды, калі ён зірнуў у вочы Альберту і калі Марцін своечасова зразумеў, што здарылася. I гэта выратавала яго, пазбавіла праклёну.

— Ну, чаго ж ты маўчыш! — лез да яго Марцін.— Вы назусім пераязджаеце да кандытара?

— Так, назусім,— адказаў Генрых,— ты ж бачыш, мы ўсё бяром з сабой.

Рабочыя на вуліцы ўсё яшчэ свісталі, але кандытар раптам набраўся смеласці.

— Але, але, зараз ідзём! — моцна крыкнуў ён, і голас ягоны цяпер прагучаў упэўнена і рашуча.

— Пойдзем, Генрых,— сказаў Альберт за яго спінай,— паедзеш з намі ў Бітэнхан разам з Вільмай.

Генрых здзіўлена глянуў на маці, але тая ўсміхнулася і сказала:

— Так, едзь, гэта будзе лепш. А ў нядзелю вечарам пан Мухаў прывязе цябе ў горад. Да таго часу мы ўжо паспеем для цябе ўсё падрыхтаваць.

— Не ведаю, як вам і аддзячыць,— дадала яна, звяртаючыся да Альберта. Той толькі моўчкі кіўнуў і неяк дзіўна паглядзеў на яе. Генрых убачыў, як у вачах маці прабліснула надзея.

Здавалася, маці і Альберт пра нешта дамовіліся без слоў, і гэты маўклівы зарок адлюстраваўся ў іх позірках. Вочы іх сустрэліся на імгненне, але ў гэтую долю секунды яны раптам зразумелі тое, пра што ніколі раней не думалі.

Альберт падаў маці руку, маці пацалавала Вільму, і ўслед за Альбертам яны пайшлі да машыны. Вільма заверашчала ад радасці, калі ўбачыла шэры аўтамабіль.

21

Памагаты кандытара, які збег, не пакінуў багатай спадчыны. Толькі нешматлікія рэчы напаміналі пра яго: фотакартка кіназоркі на сцяне, дзве пары парваных шкарпэтак, іржавыя лёзы для галення на падваконні ды напалову скарыстаны цюбік зубной пасты. На белым начным століку былі рудыя выпаленыя плямы — сляды цыгарэт, якія тут дагаралі. У скрынцы камоды ляжалі леташнія газеты і малюнак з надпісам: Вось яна сапраўдная Афрыка! — рэклама нейкіх усходніх цыгарэт. На малюнку зебры несліся праз саванну, жырафы абшчыпвалі лістоту з высокіх дрэў, а туземцы з размаляванымі тварамі палявалі на ільвоў.