Выбрать главу

— Усё гатова! Ідзі паглядзі свой пакой. Божа ж мой, ты зноў плачаш? Што з табой?

Яна моўчкі скінула ягоную руку з пляча, падняла з падлогі планку з фанернымі фігуркамі і, нават не глянуўшы на яго, панесла яе ў свой пакой.

Кандытар ішоў услед за ёй.

— Навошта яны табе?

— Павешу на сцяну,— адказала яна праз слезы.

— Гэтую дрэнь! Кінь яе, я куплю табе добрыя карціны, сапраўдныя! — сказаў ён і, памаўчаўшы, нясмела дадаў: — Горнае возера, капліцу ў лесе або лань на лужку — усё, што ты захочаш! Не вешай ты ў сябе гэтую дрэнь!

— Пакінь мяне,— сказала яна,— мне гэта падабаецца.

У пакоі панаваў ужо поўны парадак: яе сукенкі віселі ў шафе, посуд быў акуратна расстаўлены па скрынках камоду, а скрынку з цацкамі кандытар паставіў пад ложак. У куце стаяў ложачак Вільмы.

— Хіба Вільма тут будзе спаць? — спытала яна.

— Ты мяркуеш, нязручна?

— Не ведаю,— нерашуча сказала яна, паставіла на камод планку з бамбергераўскімі фігуркамі і дадала: — Дзецям гэта спадабаецца!

— Гэта ж дзяшоўка, лубок! — сказаў ён і адвярнуўся.

Яна падсунула да сябе сваю сумку і пачала вынімаць адтуль дробныя рэчы. Перш за ўсё яна дастала фотаздымак мужа і павесіла яго над узгалоўем ложка на цвіку, на якім паблісквала, бы вяночак, меднае кольца ад ранейшай карцінкі.

— Навошта ж тут? — сказаў ён.

— Мне так хочацца, і пакінем гэта!

Яна выцягнула з сумкі старую запальнічку і рэзка, з гру катам, паставіла яе на камод; услед за запальнічкай — гадзіннік на зношаным скураным раменьчыку. Затым яна хуценька нахілілася, пакорпалася ў скрынцы з цацкамі і дастала брызентавы чахол, у якім Карл насіў свой кацялок. Чахол заняў сваё месца на камодзе каля гадзінніка і запальнічкі.

— Дзе мая шкатулка з ніткамі? — запытала яна.

— Вось яна,— адказаў кандытар і высунуў адну са скрыначак камода. Яна вырвала шкатулку ў яго з рук, знайшла ў ёй пілку для пазногцяў — памяць пра Леа, і паклала яе на камод каля брызентавага чахла.

— Ідзі,— ціха сказала яна,— я хачу пабыць адна.

— Я хацеў толькі паказаць табе ванную, а вось ключ ад дзвярэй кветніка на даху.

— Божа,— сказала яна,— пакінь ты мяне ў спакоі хоць на пяць хвілін!

— Навошта табе ўвесь гэты хлам? Я куплю табе новы гадзіннік і запальнічку — твая ж заржавела і не працуе.

— Божа мой! Сыдзі ты нарэшце!

Кандытар падаўся да дзвярэй.

Яна зашмаргнула штору, легла на ложак, нагамі да ўзгалоўя, і доўга глядзела на ўсмешлівага фельдфебеля на фотаздымку, што вісеў перад ёй. Справа на камодзе стаялі героі германскіх сагаў; іхняя яркая расфарбоўка была бачная нават у змроку. Яна адшукала вачыма свайго ўлюбёнца — мужнага і адначасова задумліва-пяшчотнага Фолькера ў чырвоным камзоле, з зялёнай лірай у руках. На планцы ён стаяў каля Гагена.

Яна думала зараз не пра Лea і нават не пра загінуўшага мужа, а пра яго, пра другога, чыя шчака на імгненне дакранулася да яе шыі. Яна спадабалася яму! Мабыць, ён зараз таксама думае пра яе! Ён усё зразумеў, ён дапамог ёй, і яна пакахала яго так, як нікога яшчэ не кахала. Там, у прыхожай, яна выпадкова абняла яго, але ён прыціснуў яе да сябе крыху мацней, чым гэта зрабіў бы іншы на яго месцы. Ён яшчэ вернецца, прывязе дадому Генрыха і Вільму, і яна зноў убачыць яго!

...Кандытар, не пастукаўшыся, зайшоў у пакой і на дыбачках падышоў да яе. Яна са злосцю закрычала на яго:

— Трэба стукацца, калі заходзіш! Ідзі прэч, пакінь мяне!

Кандытар пакорліва выйшаў з пакоя, прамармытаўшы нешта на парозе пра ванную, пра кветнік на Даху.

Яна паднялася з ложка, зачыніла дзверы на ключ і зноў легла. Усмешлівы фельдфебель быў вельмі малады. Ей нават няёмка ўспамінаць цяпер, што некалі яна спала з гэтым хлапчуком-шалапутам.

Кусты за плацам казармы, пах ваксы і схілены над ёй нахмураны, сур’ёзны твар юнага яфрэйтара. Яму першаму яна дазволіла ўсё.

Знізу пачуўся рэзкі смех кандытаркі.

Затым кандытар нешта сказаў ёй, і ў ягоным голасе гучала пагроза і нават рашучасць. Са злосным буркатаннем ён падняўся па лесвіцы і рвануў дзверы.

— Зараз жа адчыні! — крыкнуў ён.

Яна не адказала яму — яна думала пра таго, іншага.

Яна яшчэ не ведала яго імя, але Эрых, Герт, Карл і Леа зніклі з яе памяці, быццам расталі на даляглядзе. А твар кандытара яна не магла больш сабе ўявіць, хоць ён і стаяў за дзвярыма за два крокі ад яе.

— Адчыніш ты ці не? — зноў закрычаў ён, але ягоны пагрозлівы голас толькі насмяшыў яе.

— Сыдзі,— ціха сказала яна,— я не адчыню.

I ён пайшоў.

Яна пачула, як ён спускаўся па лесвіцы і буркатаў з пагрозамі. Але яна думала пра іншага — пра Альберта, і ведала, што ён яшчэ прыйдзе да яе.