Выбрать главу

Адной маркі і васьмідзесяці пфенігаў хопіць на кіно, але ўжо позна. Ранішні, на адзінаццаць гадзін, сеанс даўно пачаўся, а ў гадзіну яна павінна быць у пякарні. Хлопчык унізе, у двары, расчыніў зялёныя вароты, і бацька пакаціў каляску. Праз адчыненыя вароты бачна вуліца: аўтамабільныя шыны і ногі веласіпедыстаў. Яна паволі сышла ўніз па лесвіцы, спрабуючы ўцяміць, на якія выдаткі рашыцца кандытар дзеля задавальнення сваёй меланхалічнай страсці: ён хударлявы, але твар у яго вялікі, азызлы і самотныя вочы. Сам-насам з ёй ён, запінаючыся, усхваляе радасці кахання, глухім голасам спявае ён песні пра прыгажосць плоцкага кахання. Ён ненавідзіць сваю жонку, жонка ненавідзіць яго, ненавідзіць усіх мужчын, а ён, кандытар, любіць жанчын, услаўляе іх цела, іх сэрца, іх вусны, часам яго меланхолія даходзіць да шаленства, а яна слухае ўсё гэта і разважвае маргарын, распускае шакалад, узбівае крэм з прыгатаванай ім сумесі і выкладвае лыжачкай памадку і праліны. Яна выводзіла на тартах шакаладныя ўзоры, якія ён лічыў чароўнымі, і прылеплівала шакаладным свінкам шакаладныя лычыкі, а ён, запінаючыся, не пераставаў расхвальваць яе твар, яе рукі, яе пяшчотнае цела.

У пякарні ўсё здавалася белым і шэрым, тут перамешвалася чарната блях, чарната вугалю і белізна мукі: сотні адценняў шэрага, і толькі зрэдку — жоўтая або чырвоная пляма; чырвоны колер вішань, ядавіта-жоўты — лімонаў і пяшчотны — ананасаў. Амаль усё здавалася белым і шэрым, бясконцыя адценні шэрага, такі быў і твар пекара: дзіцячы, бясколерны, круглы рот, шэрыя вочы, шэрыя зубы і блякла-ружовы язык, які быў відаць, калі ён гаварыў, а гаварыў ён, застаўшыся з ёй сам-насам, безупынку.

Кандытар марыў знайсці прыстойную жанчыну, не прастытутку. З таго часу як жонка ўзненавідзела яго, а разам з тым і ўсіх іншых мужын, яму прыпадалі толькі тыя радасці, якія можна знайсці ў публічных дамах, а гэткія радасці здаваліся яму недастаткова ўзвышанымі, і, акрамя таго, марным заставалася яшчэ адно яго жаданне — мець дзяцей.

Калі яна адпіхнула яго, назваўшы каханне брыдкім словам з лексікону Леа, ён проста спалохаўся, і тады яна зразумела, якая ў яго пяшчотная душа.

Словы гэтыя вырваліся ў яе напалову проці яе волі, напалову наўмысна, з-за супярэчлівасці, якую выклікала ў ёй ягоная рахманасць: гэта былі словы Леа, ёй нашэптвалі і крычалі іх з дня ў дзень вось ужо на працягу многіх гадоў, яны віселі над ёй, як праклён. Гэтыя словы жылі ў ёй, і вось вырваліся на волю, яна шпурнула іх у самотны твар кандытара, і выклікала вялікае замяшанне ў ягонай душы.

— Не, не,— сказаў кандытар,— не гавары так.

Леа скажа: «Што гэта з тваёй пашчай?», і ёй не хацелася ісці дадому, каб не чуць яго здзекаў і не бачыць асляпляльна белых зубоў.

Яна вернецца дадому, пасля таго як Леа пойдзе на працу. З асцярогі яна аднесла малую да фрау Барусяк — гожанькая жанчына, гады на чатыры старэйшая за яе, з цудоўнымі бялюткімі зубамі — жанчына, якая спалучала дзве якасці: набожнасць і ветлівасць. Яна зайшла ў кафэ насупраць дома зубнога ўрача, села каля акна і дастала з кішэні пачак «Тамагаўка» — вельмі доўгія, вельмі белыя і вельмі моцныя цыгарэты. «Сонца Віргініі выпесціла гэты тытунь». Гартаць ілюстраваныя часопісы не хацелася; памешваючы лыжачкай каву, яна раптам падумала, што трэба папрасіць у кандытара аванс, раптам ён падкіне ёй марак сто: яна цвёрда вырашыла ніколі больш не ўжываць слова Леа, каб не крыўдзіць кандытара. Магчыма, яна пашкадуе яго: нязграбныя, шалёныя ласкі, на якія ёй прыйдзецца адказваць,— гэта і будзе яе платай,— проста сярод блях для пірожных і аблітых шакаладам парсючкоў будзе ён нашэптваць ёй свае гімны; сярод узгорачкаў какосавай мукі, сярод пасыпаных цукровай пудрай ромавых баб ён усміхнецца ёй, млеючы ад шчасця, і яна будзе прымаць трапяткія, слюнявыя пацалункі чалавека, які ненавідзіць прадажнае каханне, а задавальняцца ў шлюбе не можа з тае пары, як яго жонка ўзненавідзела мужчын; жонка — худая, коратка падстрыжаная прыгажуня з палаючым, суровым позіркам, пальцы ўвесь час на ручцы касавага апарата, як у капітана на штурвале; у яе цвёрдая, маленькая рука «са сціплым» упрыгожаннем — халодныя, зялёныя каменьчыкі, амаль празрыстыя і вельмі дарагія, яе рукі падобныя на рукі Леа. Стройная багіня з хлапечай фігурай, усяго дзесяць гадоў назад — стройная і ўладная — яна маршыравала на чале атрада дзяўчатак у рудых куртках і горда спявала высокім, прыгожым голасам: «На берэце лунае пер’е» і «Смелы барабаншчык». Яе бацька гаспадар «Чырвонага капелюша», а мой бацька па пятніцах прапіваў там палову сваёй палучкі. Цяпер яна падобна на амазонку: ногі ў яе як у шаснаццацігадовай, а па твары ёй дасі ўсе сорак, і яна намагаецца з усяе сілы здавацца не старэйшай за трыццаць чатыры, упартая і ветлівая парушальніца шлюбнага абавязку, гэта яна давяла шэрага і самотнага чалавека з падвала да гімнаў адчаю.