Выбрать главу

Пра Эрыха яна ўзгадвала рэдка: вельмі ўжо шмат прайшло часу — цэлых восем гадоў. Сярод ночы раптоўны прыпадак — скажоны страхам твар, пальцы сударгава сціскаюць яе руку, налітыя крывёю вочы, форма штурмавіка ў шафе, нясмелая ласка і нясмелы адказ на яе, і як узнагарода за ласку какава, шакалад і страх, калі ён раптам ноччу прыйшоў у яе пакой; штаны абы-як нацягнутыя паўзверх начной кашулі, босы, каб яго маці не пачула, напаўвар’яцкія вочы — яна зразумела, што зараз здарыцца тое, чаго яна не хоча. Толькі год прайшоў пасля смерці Генрыха. Яна не хацела гэтага, але нічога не сказала, і Эрых, які, відаць, пайшоў бы, калі б яна сказала хоць слова, не пайшоў: ён быў здзіўлены яе пакорнасцю, а яе не пакідала панурае пачуццё, што ўсё гэтае непазбежна. Эрых жа ўспрыняў здарэнне як каханне, якога — без усялякіх на тое падстаў — чакаў ад яе. Ён патушыў святло. Свісцячае дыханне, у цемры, на фоне бляклай сінечы начнога неба яна бачыла яго бездапаможную і няскладную паставу, калі ён, спыніўшыся перад ложкам, здымаў штаны. Яшчэ не позна было сказаць: «Ідзі прэч!» — і ён бы пайшоў — бо гэта быў Эрых, а не Лea. Але яна нічога не сказала, яе скавала адчуванне, што ўсё так і павінна здарыцца, чаму ж тады не з Эрыхам, які да яе добра ставіцца?

Эрых быў такі ж добры, як і кандытар, і той светлай ноччу Эрых сказаў ёй: «Якая ты прыгожая!» — а сам так цяжка дыхаў.

Ніколі ніхто не гаварыў ёй такіх слоў, акрамя кандытара, які не быў нават за тое ўзнагароджаны.

Яна закурыла апошнюю цыгарэту. Кава была выпіта, зубны ўрач зачыніў акно і зноў пусціў у ход кола бормашыны: трыста марак задатку, цудоўныя, але вельмі дарагія ўколы, пасля якіх адчуваеш сябе такой маладой і бадзёрай. Гармоны — гэтае слова выкліча на твары Лea агідную ўсмешку.

У кафэ было яшчэ пуста: нейкі дзядуля паіў унучака вяршкамі і чытаў газету. Не адрываючыся ад газеты, ён запіхваў дзіцяці лыжку ў рот, і дзіця вылізвала яе.

Яна разлічылася за каву, выйшла і купіла тры апельсіны на кішэнныя грошы, што ёй выдаў Генрых,— ён аддаваў ёй палову адкладзеных на хлеб грошай, бо ёй цяпер не трэба было яго купляць: хлеб ім даваў кандытар. Але чаму Генрых вось ужо цэлы тыдзень не паяўляецца ў пякарні, і ёй адной прыходзіцца цягаць цяжкую сумку?

Яна прапусціла трамвай і пайшла пехатою: яшчэ няма паловы першай, значыцца, Леа яшчэ не пайшоў. Мусіць, лепш расказаць яму, у чым справа. Усё роўна ён даведаецца, можа, яму дадуць пазыку, але ці ж мала на свеце маладых прыгожых жанчын з асляпляльна белымі, здаровымі, дагледжанымі, бясплатна падоранымі прыродай зубамі?

Яна прайшла міма дома, дзе некалі жыў Вілі сур’ёзны прыгожы хлопец, першы, хто яе пацалаваў,— блакіт неба і аддаленая музыка з рэстарана ў парку, успышка феерверку над горадам, залаты дождж сыплецца са званіц, няўмелы пацалунак Вілі. Пасля ён сказаў: «Не ведаю, ці гэта грэх,— думаю, што не, пацалунак не грэх, грэх зусім іншае».

Іншае здарылася пазней, з Генрыхам — кусты ў расе, вецце лезе ў твар; абвіты зеленню, бледны, жахліва сур’ёзны твар, а ўдалечыні абрысы горада — вежы цэркваў, заблытаныя ў аблоках, і чаканне, нясмелае шалёнае чаканне апетай усімі асалоды, якая так і не прыйшла: расчараванне на вільготным твары Генрыха сярод зялёнага вецця; адкінуты ўбок мундзір танкіста з запэцканым ружаватым кантам.

Генрых згарэў паміж Запарожжам і Днепрапятроўскам; Вілі — сур’ёзнага, няўсмешлівага, бязгрэшнага расклейшчыка плакатаў, паглынула Чорнае мора паміж Адэсай і Севастопалем, яго абгрызены шкілет апусціўся на дно і ляжыць там сярод водарасцяў і ціны; Бамбергера спалілі ў газавай печы, і ён стаў попелам, попелам без залатых зубоў, а ў Бамбергера былі такія вялікія ззяючыя залатыя зубы.

Берна яшчэ жывая; ёй пашчасціла, яна выйшла замуж за мясніка, які хварэў на тую ж хваробу, што і Эрых. Трэба было б параіць усім жанчынам выходзіць замуж за хворых, якіх не возьмуць у войска. Воцат, камфара, чай для астматыкаў заўсёды стаяць на начным століку Берны. Усюды палатняны бінт, цяжкае, шумнае дыханне мясніка, жаданне, заглушанае астмай. Берна ўмела не таўсцець: яна стаяла за прылаўкам і з абыякавай упэўненасцю наразала цялячы філей. На чырвоных шчоках Берны блакітныя прожылкі, але моцныя маленькія рукі спрытна ўпраўляюцца з тонкім нажом: пяшчотна-карычневыя адцент лівернай каўбасы, пяшчотна-ружовыя сакавітыя кумпякі. Раней, калі ім прыходзілася цяжка, Берна зрэдку совала ёй кавалак лою, велічынёю з пачак цыгарэт — маленькі прамаслены скрутак — гэта было ў тыя часы, калі ў доме гаспадарыў Карл і шлях на чорны рынак для іх быў перакрыты. Але даўно ўжо Берна перастала вітацца з ёю, а маці Віля заўсёды праходзіць міма яе моўчкі, як бы не заўважаючы, а калі прыязджае свякруха, яна выгаворвае тое, пра што іншыя маўчаць: «Як ты сябе паводзіш! Усяму ж ёсць мяжа».