Свечы ў маленькай капліцы, і сухі самотны твар свякрухі: «Не заплям памяці майго сына».
Удава ў дваццаць адзін год, якой годам пазней Эрых прапанаваў сваё сэрца, сваю астму і какаву; нясмелы, дабрадушны, маленькі нацы з хворымі бронхамі — камфара, воцат, парваныя на бінт палатняныя кашулі і працяжныя, глухія стогны па начах. Нічога не зробіш, трэба паглядзецца ў люстэрка, што вісіць каля партрэта Генрыха,— зубы яшчэ белыя і на выгляд здаюцца моцнымі, але калі датыкнешся да іх — злавеснае хістанне. Вусны яшчэ сакавітыя, не такія вузкія і вялыя, як у Берны,— яна ўсё яшчэ прыгожая, зграбная жонка ўсмешлівага на здымку фельдфебеля, лялька з доўгай і ганарыстай шыяй, якая ўзяла верх над больш маладымі кандуктаркамі; тысячу дзвесце марак за трынаццаць зубоў — а дзясны ўсё сохнуць, усё больш агаляюцца зубы, і гэтага ўжо не адновіш.
Яна вырашыла паддацца маленням кандытара і саступіць Лea маладзенькім кандуктаркам. Лea з ягонай чыста паголенай фізіяноміяй, з вуглаватым ілбом, з чырвонымі — ад шчоткі — рукамі, з паліраванымі пазногцямі і з упэўненасцю сутэнёра ў вачах. Трэба прымусіць кандытара яшчэ крыху пачакаць, няхай крыху памучыцца — пануры, абрузглы твар. Ён, відаць, аддасць ёй пакой, будуць, магчыма, і грошы, а для хлопчыка месца вучня, калі праз тры гады ён скончыць школу.
Яна старанна працерла твар ласьёнам, незразумела адкуль узніклы бруд застаўся на ватцы, злёгку напудрылася, падфарбавала вусны і сабрала рассыпаныя валасы. Да гэтага часу толькі два мужчыны звярнулі ўвагу на яе прыгожыя рукі: Генрых і кандытар. Нават Герт не заўважаў іх прыгажосці, хоць ён, як маленькае дзіця, часам гадзінамі прымушаў яе гладзіць яго па твары. А кандытар узгараўся жаданнем, варта яму было толькі зірнуць на яе рукі, закаханы без памяці дзівак, сярод бясконцых адценняў шэрага ў сваёй пякарні нашэптваючы ёй глупства за глупствам.
Яна ўздрыгнула, калі ў дзвярах паказаўся хлопчык. У яго быў выліты бацькаў твар — твар усмешлівага яфрэйтара, усмешлівага унтэр-афіцэра, усмешлівага фельдфебеля, прыгожы, сур’ёзны твар, які быў у бацькі.
— Ты яшчэ не пайшла, мама? — спытаў ён.
— Зараз найду,— адказала яна.— Не бяды, калі я і спазнюся разок. Ты сёння зойдзеш за мной?
Яна ўважліва сачыла за выразам яго твару, але і ценю не прамільгнула на ім.
— Так,— адразу адказаў ён.
— Падагрэй сабе суп,— сказала яна,— а тут вось апельсіны — адзін табе, другі — Вільме.
— Добра,— сказаў ён,— дзякуй, а што сказаў урач?
— Пасля раскажу, цяпер некалі. Значыцца, зойдзеш?
— Але,— адказаў ён.
Яна пацалавала яго, адчыніла дзверы, і ён крыкнуў ёй услед:
— Зайду, абавязкова зайду.
Марцін спыніўся, расшпіліў каўнер і пачаў выцягваць з-за пазухі павешаны на шнурок ключ ад кватэры. Раніцай ключ быў халодны, боўтаўся недзе каля пупа і крыху драпаў, пасля ён нагрэўся, і калі зрабіўся зусім цёплым, Марцін перастаў яго адчуваць. У паўзмроку ён адразу разгледзеў белую паперку, прыколатую да дзвярэй, але не спяшаўся запальваць святло, каб даведацца, што ў ёй напісана. Ён сагнуўся і так раскалыхаў ключ, што той праляцеў міма левага вуха, вакол галавы і плюхнуўся на правую шчаку. Марцін патрымаў яго крыху ў такім становішчы, затым моцным штуршком зноў паслаў яго наперад. Левай рукой ён намацаў кнопку аўтаматычнага выключальніка, правай — знайшоў дзірку замка і, прыклаўшы да яе вуха, стаў напружана ўслухоўвацца: ён хацеў упэўніцца, што ў кватэры нікога няма. У запісцы пэўна сказана, што Альберту таксама спатрэбілася паехаць. Калі ён думаў: «Нікога няма», ён не лічыў бабулі, якая безумоўна сядзіць дома. Думаць: «Дома нікога няма» — азначае думаць: «Бабуля дома, а больш — нікога». «Больш» было тут вырашальным словам, гэтае слова ненавідзеў настаўнік, ён ненавідзеў і словы ўласна, увогуле i ўсё роўна словы куды больш значныя, чым гэта здаецца дарослым. Ён нават пачуў бабулю. Нешта мармычучы, яна хадзіла па сваім пакоі, і ад яе цяжкіх крокаў дрыжала шкляная горка. Пачуўшы бабулю, ён адразу ж уявіў яе сабе; яе і вялізную чорную старасвецкую горку з моранага дубу; горка была вельмі старая, ці, іншымі словамі, вельмі каштоўная. Усё, што было старым, лічылася таксама каштоўным. Старыя цэрквы, старыя вазы. Насціл пад паркетам рассохся, і горка, не перастаючы, дрыжала, калі бабуля хадзіла па пакоі, а посуд у горцы безупынку лёгенька звінеў. Бабуля ні ў якім разе не павінна пачуць, калі ён прыходзіць дадому. А то яна пакліча яго да сябе, пачне карміць усялякай усялячынай — кавалкамі недасмажанага мяса, якое ён не пераносіць, будзе задаваць пытанні з катэхізіса і старыя, нязменныя пытанні пра Гезелера. Ён націснуў кнопку выключальніка і прачытаў запіску, пакінутую дзядзькам Альбертам: «Мне ўсё-ткі давялося пайсці». «Усё-ткі» было тры разы падкрэслена. «Вярнуся ў сем. Пачакай мяне з абедам». Тое, што Альберт тройчы падкрэсліў «усё-ткі», лішні раз пацвярджала важкасць гэтых слоў, якія ненавідзеў настаўнік і выкарыстоўванне якіх забараняў. Ён узрадаваўся, калі святло зноў патухла,— была рызыка, што бабуля выскачыць на святло, пацягне яго да сябе, пачне экзаменаваць і напіхваць недасмажаным мясам, ласункамі; пасля пачнуцца пяшчоты, гульня ў катэхізіс і пытанні пра Гезелера. А то яна проста выскачыць на лесвіцу і закрычыць: «У мяне зноў кроў у мачы!» — будзе размахваць шкляным начным гаршком і аблівацца горкімі слязамі. Яго ванітавала ад бабулінай мачы, ён пабойваўся бабулі і таму ўзрадаваўся, калі выключальнік шчоўкнуў і святло зноў патухла.