Выбрать главу

У пакоі ў Больды вельмі ўтульна, хоць усё тут прапахла мыльнай пенай, разваранай рэпай і пошлым булёнам. А ад яе кушэткі, як казала маці, нясе манастырскай чакальняй; у гэтых словах заключаўся вельмі зразумелы яму намёк, намёк на мінулае Больды, калі яна была манашкай. Яе ложак — гэта таксама словы маці — нагадвае ложа Тарзана ў джунглях. Але зараз святло газавых ліхтароў пранікала з вуліцы ў пакой Больды, фарбавала ўсё ў зялёна-жоўты колер, і калі ён з’еў булён і два хлябцы, яна высунула нейкую скрынку і дастала нязменны пачастунак, які ён з усмешкай прымаў толькі дзеля яе самой,— пазліпаныя ў ком соладавыя ледзянцы.

Ён прылёг на Больдзіну кушэтку, засунуў у рот ледзянец, крыху прыкрыў вочы і пачаў глядзець на зялёна-жоўтае святло вулічнага ліхтара. Больда не запальвала святла, калі ён прыходзіў да яе. Яна сядзела пры акне каля маленечкай кніжнай паліцы, на якой былі два віды літаратуры: малітоўнікі і кінапраграмы. Кожны раз, калі Больда хадзіла ў кіно, яна абавязкова купляла праграму, прыносіла яе дадому, разглядвала малюнкі і пераказвала Марціну змест, дакладна ўспамінаючы ўсе падрабязнасці. Каб лепш сабрацца з думкамі, яна заплюшчвала вочы і адкрывала іх толькі тады, калі хацела паглядзець на малюнкі і асвяжыць у памяці нейкі эпізод; яна пераказвала яму цэлыя фільмы, сцэну за сцэнай, злёгку перарабляючы іх на свой густ. Калі ў ходзе падзей Больда закранала галоўных дзеючых асоб, яна тыцкала ў іх пальцам, і ўсё ў яе атрымлівалася цёмным, рэзкім, жахлівым, як у крывавай баладзе,— подласць, бязбожжа, распуста; але разам з тым у яе роспаведах фігуравалі высакароднасць і нявіннасць: асляпляльна прыгожыя мужчыны, якіх абманвалі асляпляльна прыгожыя жанчыны; асляпляльна прыгожыя жанчыны, якіх абманвалі асляпляльна прыгожыя мужчыны; і тут жа святы Павел, якога на шляху ў Дамаск забіла маланка гасподняя. Так, вось ён сам, святы Павел, барадаты, ахоплены полымем, на старонцы праграмкі. I святая Марыя Гарэці, подла забітая пажадлівай свіннёй,— цікава, што гэта — «пажадлівая свіння»? Яна, мусіць, мае нейкае дачыненне да распусты і бессаромнасці. Але часцей за ўсё гаворка ішла пра фільмы з дзівосна прыгожымі жанчынамі, якія станавіліся манашкамі, такіх фільмаў пра манашак было вельмі многа, і ніводнага з іх ён не бачыў, таму што на афішы з намаляванымі манашкамі ніколі не наклейвалі белую палоску: «Дзецям уваход дазваляецца».

Але сёння, мяркуючы па ўсім, Больда не мела аніякага жадання расказваць пра чарговы фільм. У зялёна-жоўтым святле ліхтара яна прысела на акно і корпалася ў стосе малітоўнікаў, пакуль не знайшла патрэбны ёй. На шчасце, ён быў без нот, калі б ён быў з нотамі, Больда цэлую гадзіну спявала б; а калі яна не спявае — слухаць, як яна мармыча словы малітвы, прыемна; худая, чорнавалосая, яна са спіны вельмі нагадвала маці Брылаха.

Сцямнела, зелянкавае святло з вуліцы зрабілася гусцейшым, і ўсе рэчы ў Больдзіным пакоі заззялі, як панцыры паўзучых жукоў, і раптам — значна раней, чым можна было чакаць,— ён пачуў унізе голас маці пачуў, як пад’язджаюць да дому аўтамабілі, пачуў смех маці і нечы чужы смех, і нянавісць да гэтых рагочучых чужакоў ахапіла яго, перш чым ён убачыў іх; ён ужо ненавідзеў шакалад, які яны прынясуць, пакункі з падарункамі, якія яны пачнуць разгортваць, словы, якія яны скажуць, пытанні, якія яны пачнуць яму ставіць. I ён шапнуў Больдзе: