Выбрать главу

— Скажы, што мяне пакуль няма, і не запальвай святла.

Больда перапыніла малітву.

— Маці спужаецца, калі пабачыць, што цябе яшчэ няма.

— А мы маглі і не пачуць, што яна прыйшла.

— Не трэба лгаць, сынок.

— Але яшчэ хоць на чвэрць гадзінкі можна застацца?

— Ну добра, але ні хвіліны больш.

Калі б маці вярнулася адна, ён бы пабег да яе, рызыкуючы нават, што адразу ж пачнецца прадстаўленне—«кроў у мачы». Але ён ненавідзеў людзей, якія прыходзілі да маці, асабліва таго тоўстага, які заўсёды гаварыў пра бацьку. Мяккія рукі і «найвыдатныя ласункі». Яшчэ больш густым зрабілася зялёнае святло, сама Больда — чарнейшай, а яе валасы — чарнейшымі, чым яна сама,— густая, чарнільная цемень валасоў, і на іх адзін толькі блік — слабы водблеск зялёнага святла; і мармытанне Больды, і, як заўсёды, у цемені выплываюць словы — Гезелер, і распуста, і бессаромна, і тое слова, якое маці Брылаха сказала кандытару, і члены катэхізіса, яны таксама выскокваюць з цемры: «Навошта прыйшлі мы ў свет гэты?»

Амаль усё на свеце распуснае, вельмі многае — бессаромнае, а ў Брылаха няма грошай, і ён цэлымі гадзінамі разлічвае, на чым бы зэканоміць.

Па-ранейшаму мармыча каля акна Больда, цёмная, як індыянка, і пакой напоўнены гульнёй зеленавата-жоўтага святла; будзільнік на палічцы над ложкам Больды; ціха, павольна цікае будзільнік, а ўнізе шум робіцца мацнейшым, няўмольны, апусташальны шум; хіхіканне жанчын, смех мужчын, крокі маці, рыпіць дрэнна змазаны кафейны млынок — «Можа, вы аддаяце перавагу чаю?» — і раптам зверху даносіцца дзікі крык: «У мяне кроў у мачы! Кроў!»

Напружаная цішыня ўнізе, сёння ён цешыцца бабуліным уварваннем. Больда закрыла малітоўнік, павярнулася да яго, паціснула плячамі, ад усёй душы рассмяялася і шапнула:

— Лоўка яна гэта зрабіла! Бачыў бы ты яе раней, не, не такая яна ўжо і дурная. Кроў у мачы!

Госці маці, відаць, яшчэ не ведалі гэтай гульні, і яна на нейкі момант змусіла іх здранцвець, а затым унізе зноў пачалася прыглушаная гаворка. Ён пачуў голас маці ў пакоі Альберта,— яна званіла ўрачу, і бабуля маўчала: цяпер, калі выклікалі ўрача, яна пэўна ведала, што атрымае жаданае — шпрыц. Дзіўны таемны прыбор з нікелю і шкла, маленькі і чысты, занадта нават чысты звярок з дзюбкай калібры — празрыстага калібры, які насмокчацца да адвалу са шкляной трубачкі і пасля ўвап’ецца ў бабуліну руку. Голас бабулі, нізкі і гучны, як арган, даносіўся ўжо з пакоя маці. Бабуля гутарыла з гасцямі.

Больда ўключыла святло, і адразу знікла чароўнасць, зялёная і чорная чароўнасць, збегла шчасце, і нельга больш ляжаць на Больдзінай кушэтцы, якая пахне манастырскай чакальняй, і слухаць мармытанне Больды.

— Ну, сынок, нічога не зробіш, ідзі ўніз, можаш адразу легчы ў ложак, ды ты не бойся, табе, канешне, дазволяць спаць у дзядзькі Альберта.

Больда ўсміхнулася: яна знайшла правільнае, чароўнае слова — спаць у дзядзькі Альберта.

Марцін усміхнуўся Больдзе, яна ўсміхнулася ў адказ, і ён павольна спусціўся ўніз па лесвіцы. Быццам цень вялізнага, дзіўнага звера, стаяла бабуля ў дзвярах мамінага пакоя, ён пачуў, як яна пяшчотна гаворыць сваім нізкім, гучным, як арган, голасам:

— Панове, вы толькі падумайце, у мяне кроў у мачы.

I нейкі боўдзіла адказаў ёй:

— Васпані, урачу ўжо пра ўсё паведамілі.

Але тут бабуля пачула крокі Марціна, паспешна абярнулася, кінулася да сябе ў пакой, быццам каштоўную здабычу, вынесла адтуль бутэльку з мачой, і, таму што ён стаяў на трэцяй прыступцы, бутэлька аказалася перад самым ягоным носам.

— Ты толькі падумай, мой даражэнькі, зноў у мяне тое ж самае!

I ён сказаў тое, што трэба было сказаць у гэты ўрачысты момант:

— Не так гэта ўжо і страшна, дарагая бабуля, хутка прыйдзе доктар.

Упэўніўшыся, што ён надаў цёмна-жоўтай вадкасці належную ўвагу, яна нетаропка адвяла ад яго носа бутэльку і сказала тое, што прывыкла гаварыць у татя імгненні.

— Ты ў мяне добры, шкадуеш сваю бабулю.

I яму зрабілася сорамна, таму што ён ні кроплі не шкадаваў сваёй бабулі.

Як каралева, падалася яна ў свой пакой. З кухні выскачыла маці, расцалавала яго, і па яе вачах ён убачыў, што яна не раз яшчэ паплача ў гэты вечар. Ён любіў маці, яна падабалася яму, валасы яе так хораша пахлі, але часам маці рабілася такой жа дурнаватай, як людзі, якіх яна прыводзіла з сабою ў дом.

— Шкада, што Альберт павінен быў пайсці, ён бы паабедаў з табой.