Выбрать главу

Пасля ён здагадваўся, што маці заснула, але сам ніяк не мог заснуць; у цемры ён спрабаваў уявіць сабе твар бацькі, але гэта яму не ўдавалася — тысячы бязглуздых малюнкаў раіліся ў яго галаве — з фільмаў, з ілюстраваных часопісаў, з падручнікаў: Блондзі! Хапелонг Кесідзі і Дональд Дак,— а бацька не з’яўляўся. I дзядзька Брылаха, Леа, паўставаў перад ім, і кандытар, і Грэбхакэ з Вольтэрсам, гэта тыя двое, што рабілі ў кустах нешта бессаромнае: барвовыя твары, расшпіленыя штаны, гаркавы пах свежай травы. Цікава, а бессаромны — гэта ўсё роўна што распусны? Але бацька, чалавек, які на фотаздымку выглядаў занадта жывым, занадта вясёлым, занадта маладым для сапраўднага бацькі, бацька так ні разу і не з’явіўся. Кожнаму бацьку абавязкова падавалі яйка на сняданак, але з яго бацькам гэта неяк не стасавалася. У кожнага бацькі — цвёрды расклад на дзень, уласцівасць, якой у пэўнай ступені валодаў дзядзька Альберт, але і расклад ніяк не стасаваўся з бацькам. Расклад — гэта: уставанне, яйка на сняданак, праца, вяртанне дадому, газета, сон. Але ўсё гэта не стасавалася з яго бацькам, закапаным дзесьці на ўскрайку рускай вёсачкі. Мінула ўжо дзесяць гадоў, бацька, мабыць, падобны цяпер на шкілет з медыцынскага музея. Косці, выскаленыя зубы. Радавы і паэт, неяк не стасуецца адно з другім. Бацька Брылаха быў фельдфебелем і слесарам. Бацькі іншых хлопчыкаў былі: або маёр і разам з тым дырэктар, або унтэр-афіцэр і бухгалтер, або старшы яфрэйтар і рэдактар, ніводзін з бацькоў не быў радавым, і ніводзін з іх — паэтам. Дзядзька Брылаха, Леа, быў вахмістрам, вахмістрам і кандуктарам — каляровы фотаздымак на кухонным буфеце паміж сага і крупамі. Што гэта сага? Ад гэтага слова павявала Паўднёвай Амерыкай.

Пасля ўсплывалі пытанні з катэхізіса — вадаварот лічбаў, і кожная азначала пытанне і адказ.

Пытанне адзінаццатае: ці даруе Бог грэшніку, які пакаяўся? Адказ: так, Бог ахвотна даруе кожнаму грэшніку, які пакаяўся. I незразумелае двухрадкоўе: Калі ты, Гасподзь, не даруеш нам грахі нашыя, хто тады застанецца праведным? Ніхто не застанецца. Па цвёрдым перакананні Брылаха, усе дарослыя — распусныя, а дзеці бессаромныя, маці Брылаха распуская, дзядзька Леа — таксама, кандытар, магчыма, таксама; і ягоная маці, якой бабуля шэптам выгаворвае ў пярэдняй: «Дзе ты толькі швэндаешся?» — таксама.

Ёсць, зразумела, выключэнні, гэта прызнаваў нават Брылах: дзядзька Альберт, затым сталяр, які жыве ўнізе, у доме Брылаха, фрау Барусяк і яе муж, Глум і Больда. Але лепшая з іх усіх фрау Барусяк — у яе нізкі, глыбокі голас, і яна спявае над пакоем Брылаха цудоўныя песні, нават у двары чуваць.

Думаць пра фрау Барусяк вельмі прыемна і супакойна. Я вырасла ў краі зялёным,— часта спявала фрау Барусяк, і калі яна так спявала, яму ўсё здавалася зялёным, быццам да вачэй паднеслі бутэлечнае шкло — усё-ўсё рабілася зялёным, нават цяпер, у ложку, ноччу, калі ён з заплюшчанымі вачыма думаў пра фрау Барусяк і чуў яе песню: Я вырасла ў краі зялёным.

Добрая яшчэ песня пра даліну журбы: «Вітаю цябе, зорка ў зеніце». I ад слова «зеніт» таксама ўсё зелянела. У нейкі момант ён усё ж засынаў, дзесь паміж спевам фрау Барусяк і словам, якое маці Брылаха сказала кандытару,— гэта слова дзядзькі Леа,— слова, якое маці прасіпела скрозь зубы ў цёплым, з пахам здобы падвале пякарні, слова, значэнне якога яму растлумачыў Брылах: гэтае слова пра сужыцельства мужчын і жанчын, якое мае дачыненне да шостай запаведзі, распуснае слова, і адразу на памяць прыходзіць верш, які яго вельмі займае: «Калі ты, Гасподзь, не даруеш нам грахі нашыя, хто тады застанецца праведным?» А можа, сон прыходзіў да яго, калі ён успамінаў пра Хапелонга Кесідзі — хвацкага каўбоя з зухаватымі прыгодамі, трошкі дурнаватага, як усе госці, якіх маці прыводзіла ў дом.

Так ці інакш, але чуць дыханне маці было прыемна: яе ложак часта пуставаў, бывала, некалькі начэй запар, і тады ў пярэдняй бабуля дакорліва шаптала:

— Дзе ты толькі швэндаешся?

Маці не адказвала. Ранішняе абуджэнне таксама таіла ў сабе пэўную небяспеку. Калі Альберт будзіў яго, ужо апрануты ў чыстую кашулю з гальштукам, усё праходзіла ўдала: яны ладзілі тады ў пакоі Альберта сапраўднае снеданне і нікуды не спяшаліся і не хваляваліся, і можна было яшчэ раз прагледзець разам з Альбертам хатнія заданні. Але калі Альберт быў яшчэ ў піжаме, непрычасаны, з пакамечаным тварам, тады прыходзілася ў спешцы глытаць гарачую каву і тэрмінова пісаць запіску: «Глыбокапаважаны пан Biмар, прашу вас прабачыць мне за тое, што хлопчык сёння зноў спазніўся. Яго маці паехала, а я забыўся пабудзіць яго своечасова. Яшчэ раз прашу прабачэння. З абсалютнай пашанай».