Выбрать главу

На нейкую дурніцу ў суседнім пакоі напаў прыступ смеху, і гэта разбудзіла яго,— усю сваю злосць, усю нянавісць і расчараванне ён выплакаў у падушку, таму што так раптоўна абарваўся ягоны сон пра бацьку; а раптам бацька займеў бы твар і загаварыў з ім?

Ён плакаў доўга і моцна, пасля смех у суседнім пакоі пачаў заціхаць, ён гучаў усё цішэй і цішэй, і ў новым сне з’явілася бландзінка, якая валтузілася на кухні, але заместа памідораў і крутых яек яна зразала цяпер галоўкі агромністых ампул, шкляных балонаў, а доктар з усмешкай напаўняў вялізны шпрыц іх змесцівам.

На мыльным воблаку павольна праплыла Больда з белым як снег тварам і чорнымі як смоль валасамі, твар у яе быў гладкі-гладкі, як у бабулі пасля ўколу, і Больда спявала, цудоўна спявала, нават лепш, чым фрау Барусяк, так яна і ўзнеслася на неба, заціснуўшы ў зубах, як пропуск у рай, кінапраграму з выявай святой Марыі Гарэці.

Але бацька, якога ён чакаў нават у сне, так і не вярнуўся, яго назаўсёды спудзіў дурны смех у суседнім пакоі, а Больду ў небе змяніла бландзінка, што наразала крутыя яйкі,— яна плыла, рассякаючы паветра, як ваду, і крычала: «Цудоўна, цудоўна, цудоўна!», пакуль аднекуль здалёку не даляцеў нізкі, гучны, як арган, голас бабулі, яе дзікі крык: «Кроў у мачы!»

6

Не адразу зразумеў Генрых, што з ім: такое адчуванне бывае, калі ідзеш па лёдзе, па тонкім лёдзе, які толькі нядаўна пакрыў раку, і не ведаеш яе глыбіні. Лёд пад табой яшчэ не праламаўся, ды і патануць табе не дадуць; на абодвух берагах стаяць, усміхаючыся, людзі, якія гатовы кінуцца на дапамогу, калі ты толькі спатыкнешся, але гэта нічога не зменіць: лёд можа ў любы момант праламацца, а глыбіня застаецца невядомай. Першая трэшчына ўжо паказалася, невялікая пакуль — гэта калі ён прыкмеціў, як напалохала Марціна слова, якое ягоная маці сказала кандытару, брыдкае слова, што азначала сужыцельства мужчын і жанчын, але на яго, Генрыха, думку, сужыцельства — гэта ўвогуле занадта прыгожае слова для абазначэння не вельмі ўжо прыгожай справы: барвова-чырвоныя твары, стогны. Даўно, калі Леа яшчэ не быў яго дзядзькам, ён застаў яго з нейкай кандуктаркай. Генрых хацеў аддаць яму суп і ўвайшоў без стуку. Прарэзлівы крык кандуктаркі і малпін твар Леа: «Зачыні дзверы, паршывец!» А на наступны дзень Леа балюча ўдарыў яго кампосцернымі шчыпцамі па галаве і сказаў: «Ну, дружа, я табе пакажу, што такое прыстойнасць. Ты што, не мог пастукацца?» Пасля ўжо Леа заўсёды запіраў дзверы, але калі маці перабралася да Леа, там, відаць, тварылася тое ж самае. Не, сужыцельства — занадта прыгожае слова для гэтакай мярзоты. Магчыма, у людзей, якія маюць грошы, гэта робіцца неяк іначай? Магчыма. Не, слова, якое прынёс з сабой Леа, брыдкае слова, але яно падыходзіць значна лепш.

Спалох Марціна яскрава паказаў, якая глыбокая вада пад лёдам. Бясконца глыбокая і халодная, і ніхто цябе не ўратуе, калі праломіцца лёд. Справа не толькі ў грашах і не толькі ў розніцы паміж тым, што заўсёды знойдзеш у халадзільніку ў Марціна, і тым, што кожны дзень купляеш сам, лічачы кожны пфеніг: хлеб, маргарын, бульба, яйка для скаціны Леа, зрэдку яйка для Вільмы, для сябе або для маці. Справа яшчэ ў адрозненні паміж дзядзькам Альбертам і Леа, паміж тым, як спужаўся Марцін, калі пачуў гэтае слова, і тым, як ён сам толькі злёгку ўздрыгнуў, калі яго пачуў,— яму проста зрабілася не па сабе ад таго, што гэтае слова ўвайшло ва ўжытак ягонай маці.

Розніца паміж яго маці і маці Марціна, уласна, не такая ўжо і вялікая, відаць, яна толькі ў грашах. I магчыма, магчыма, лёд так і не праломіцца?

I ў школе ён таксама хадзіў па лёдзе. Святар, напрыклад, ледзь не ўпаў з крэсла, калі Марцін на споведзі паўтарыў слова, якое маці сказала кандытару. Марцін павінен быў прачытаць пяць разоў «Ойча наш» і пяць разоў «Багародзіцэ Дзево, радуйся» толькі з-за таго, што пачуў гэтае слова; мяккі, прыветны голас святара расказваў пра бязгрэшнае зачацце, голас дзядзькі Вілі гаварыў пра святы Божы дар, пра сардэчную чысціню і нявіннасць душы; прыгожы голас і добры твар святара, ён дабіўся, каб маці Генрыха далі грошай на яго канфірмацыю, хоць маці і распусная. Ці хоць аднойчы бачыў святар чысты, вымыты, чырвоны, пахучы ад туалетнай вады малпін твар дзядзькі Леа, хіба такія твары маюць нявінныя душы?

Ён ішоў па лёдзе праз раку, глыбіня якой выявіцца толькі тады, калі праломіцца лёд. I маці зрабілася іншай: яна вымавіла гэтае слова, але яшчэ раней яна зрабілася іншай — няласкавай: ён помніў яе мяккай, прыветнай, пакорлівай, калі яна ноччу цярпліва мяняла воцатныя кампрэсы на грудзях дзядзькі Эрыха, або ўсміхалася Герту, або размаўляла з Карлам перад тым, як пазбавілася ад «гэтага». Жорсткім зрабіўся яе твар пасля бальніцы.