Дзядуля, бацька мамы, застаўся ў Саксоніі. Ён скардзіўся на мізэрную пенсію і кожную паштоўку заканчваў словамі: «Няўжо ў вас не знойдзецца пакойчыка для мяне, каб мне вярнуцца на радзіму?» А маці пасылала яму табаку і маргарын і пісала: «З жытлом тут вельмі кепска: усё вельмі дорага». Маці мамы памерла ў Саксоніі, а бацька бацькі ляжыць на тутэйшых могілках — пакошаны драўляны крыж, да падножжа якога яны прыносілі кветкі ў Дзень памінання і запальвалі яркую свечку. Маці бацькі — бабуля не ладзіла з мамай, яна прыязджала толькі на другі дзень Каляд, прывозіла яму падарункі, а Вільме дэманстратыўна нічога не прывозіла і гаварыла гэтак жа, як і Карл: «парадак», «новае жыццё», «гэта дабром не скончыцца». Адзін з яе выразаў гучаў так: «Бачыў бы гэта мой бедны хлопчык».
Але яна аб’яўлялася рэдка і не падабалася яму, таму што нават не глядзела ў бок Вільмы і ніколі не прынесла ёй гасцінца. А яму яна заўсёды гаварыла. «Ты хоць бы калі зайшоў да мяне». Але ён наведаў яе ўсяго толькі адзін-адзіны раз. У яе была чысціня, такая ж чысціня, як у Леа: пахла масцікай, яго частавалі пірожнымі і какавай, далі грошай на трамвай. Але затым бабуля стала яго дапытваць, а ён ёй нічога не сказаў і больш ніколі да яе не ездзіў, таму што яна гаварыла тое ж, што ён ужо чуў ад іншых, ад тых, якія былі пад ледзяным покрывам,— «цнатлівая душа, чыстае сэрца», і, між іншым, дапытвалася пра Леа, пра Карла, пра Герта і ўсё прыгаворвала, ківаючы галавой: «Няма тут парадку, калі б мой бедны сын, а твой бацька, убачыў усё гэта», і паказвала яму здымкі, на якіх бацька быў адных гадоў з ім, здымак бацькі ў дзень канфірмацыі, а затым яго здымак у камбінезоне слесара, але да бабулі Генрых больш не ездзіў, таму што не мог браць з сабой Вільму.
Калі Нэла прыводзіла да сябе гасцей, яна заўсёды клікала Альберта, каб ён дапамог ёй перанесці спячага хлопчыка з яе пакоя да яго. Спячы, ён здаваўся вельмі цяжкім, нешта мармытаў са сну, і яны заўсёды баяліся, што разбудзяць яго, але звычайна ён адразу ж скручваўся ў клубочак у ложку Альберта і працягваў спакойна спаць. Нэла часта прыводзіла гасцей, і Альберт не менш двух разоў на тыдзень пераносіў хлопчыка да сябе. Тады яму даводзілася прыпыняць работу — ён не хацеў ні курыць, ні працаваць, калі хлопчык у яго, і неяк атрымлівалася само па сабе, што ён ішоў у Нэлін пакой і далучаўся да яе гасцей. Некалькі разоў ён спрабаваў перайсці з работай у вольны пакой наверсе, каля Глума, але і там ён адчуваў сябе не на месцы, яму не хапала тысячы звыклых дробязей, што былі неабходныя для работы, а ў сябе на гэта не патрэбна было ніякіх намаганняў, варта было толькі высунуць скрынку рабочага стала, і ўсё было пад рукой: нажніцы, усялякі клей, алоўкі, пэндзлікі, і ўвогуле яму здавалася, што не варта рабіць майстэрню з гэтага пакоя. Быў вольны пакой і ўнізе, але ён таксама быў непрыгодны для працы: аранжавая кушэтка, аранжавыя крэслы, дыван таго ж колеру, на сценах — карціны мастака, якога апекаваў бацька Нэлы,— бясталентнае выпісванне дробязяў — і да ўсяго панылы і затхлы дух пакоя, у якім гадамі ніхто не жыве, але які тым не менш рэгулярна прыбіраюць. Хлопчык упарта адмаўляўся перасяліцца ў адзін з пустых пакояў, таму Альберту не заставалася нічога іншага, як ісці да Нэлы і далучацца да яе гасцей. Але гэта заўсёды псавала яму настрой, дый нудна яму было з імі. Бывала, ён сыходзіў некуды з дому, каб напіцца, але і ў такіх выпадках яму рабілася шкада Нэлу, калі ён вяртаўся і заставаў яе адну сярод попельніц, поўных недакуркаў, пустых бутэлек і талерак з рэшткамі бутэрбродаў.
Часцей за ўсё прыходзілі нейкія снобы, з якімі Нэла пазнаёмілася ў дарозе, на нейкім зборышчы, або яны былі прадстаўлены ёй у час нейкага даклада. Альберт не выносіў іх заўсёднай балбатні пра мастацтва. Ён ніколі не ўдзельнічаў у гэтых размовах, піў віно і чай, і калі нехта пачынаў чытаць вершы Рая, яму рабілася не па сабе, але, падпарадкоўваючыся ўсмешцы Нэлы, ён супраць волі адказваў пасля на роспыты пра Рая.
Каб не шкадаваць дарма патрачанага часу, ён многа піў; часам сярод гасцей сустракаліся гожанькія дзяўчаты, а на прыгожых дзяўчат ён гатовы быў глядзець заўсёды, нават калі на іх быў лёгкі налёт снабізму. Ён уважліва сачыў за ўсім, што адбывалася, час ад часу ўставаў, каб адкаркаваць бутэльку віна, а калі госці заседжваліся позна, ён ехаў па новае віно, новыя бісквіты і новыя цыгарэты. У доме яго ўтрымліваў толькі хлопчык, што спаў у ягоным ложку,— часам ён прачынаўся сярод ночы і, убачыўшы схіленыя над ім незнаёмыя фізіяноміі, вельмі палохаўся; магло здарыцца, што Нэліна маці сярод ночы выкіне нейкую сцэну. Калі «кроў у мачы» не была ў парадку дня, яна вынаходзіла нешта іншае, не такое для яе звычайнае. Яна магла на працягу тыдняў спакойна сядзець у сябе за бутэлькай чырвонага віна і талеркай, поўнай бутэрбродаў з мясам, курыць цыгарэты «Тамагаўк» з вогненна-чырвоных пачкаў і або перабіраць старыя лісты, або ўдакладняць памеры свайго багацця, або перагортваць старыя падручнікі і хрэстаматыі 1896—1900 гадоў выдання і старую Біблію, якая захавала яшчэ сляды каляровых алоўкаў там, дзе яна, дзесяцігадовая сялянская дзяўчынка, больш за пяцьдзесят гадоў таму скрэмзала запырсканае крывёю адзенне егіпецкага Іосіфа і гарчычнага колеру львоў, што мірна леглі і пазасыналі вакол Данііла.