Цэлымі тыднямі яна была спакойная, але раптам у яе ўзнікала жаданне ўчыніць сцэну. Здаралася, у гадзіну ночы ёй раптам прыстрэнчыць зрабіць салату, і, апрануўшы чорную ў блакітныя кветачкі ранішнюю капоту, яна спускалася да Нэлі і, стоячы ў дзвярах, размахвала пустой бутэлькай з-пад воцату і раўла: «Што гэта за свінства, зноў у доме ні кроплі воцату, а мне неабходна, разумееш, неабходна зрабіць салату». Расстарацца воцату а другой гадзіне ночы не гэтак проста, але Альберт на ўсялякі выпадак заключыў сяброўскае пагадненне з буфетчыцай прывакзальнага рэстарана і зрэшты мог раздабыць там самыя розныя прадукты. Калі Больдзе здаралася спускацца ноччу на кухню, а бабуля яшчэ не спала і ў яе быў настрой учыніць сцэну, яна накідвалася на Больду: «Ах ты, беглая манашка — двойчы ўдава» — і пачынала пералічваць усе грахі бацькі Больды, які, мяркуючы па ўсім, быў кантрабандыстам і браканьерам, але вось ужо больш пяцідзесяці пяці гадоў спачываў на невялічкіх могілках у горнай вёсачцы. А калі ў бабулі не было імпэту рабіць сцэну, яна не перашкаджала Больдзе валэндацца або зачынала з ёй самую мірную гутарку. Гэтак жа яна з’яўлялася раптоўна ў пакоі Нэлы з крыкам: «Зноў швэндаешся? А муж твой, бедалага, спіць у рускай зямлі!»
Супакоіць яе мог тады толькі Альберт або Глум, і было лепш, каб ён заставаўся дома, таму што Нэла баялася сваёй маці.
I вось два дні з сямі тырчаў Альберт сярод Нэліных гасцей, сцярог сон хлопчыка і быў гатовы на манер вогнетушыцеля ў выпадку неабходнасці ўлагодзіць Нэліну маці.
Яго ніколькі не бянтэжыла, што пасля, пры раз’ездзе гасцей, яму навязвалі ролю шафёра таксі: ён падвозіў гасцей Нэлы да трамвайнага прыпынку, адкуль і ноччу кожную гадзіну адыходзіў трамвай, а калі быў у настроі, ён па адным развозіў іх дадому. Альберт стараўся як мага даўжэй не вяртацца, разлічваючы, што Нэла за гэты час ужо ляжа спаць.
Добра раз’язджаць аднаму па начным горадзе. Вуліцы пустыя, сады ляжаць у густой цемры, і ён глядзіць на чары, якія ствараюць фары ягонай машыны: неспакойныя, рэзкія чорныя цені і жаўтавата-зялёнае святло ліхтароў. Ён любіў гэтае халоднае зялёнае святло, ад якога і ўлетку патыхала ледзяным холадам.
Сады і паркі ў гэтым жаўтава-зялёным святле нават у пару цвіцення здаваліся халоднымі, безжыццёва застылымі. Часта ён пакідаў горад ззаду, вёў машыну праз спячыя вёскі і, выбраўшыся на аўтастраду, імчаў колькі кіламетраў на агромністай хуткасці, пасля на бліжэйшым развілку паварочваў і вяртаўся ў горад. Кожны раз ён адчуваў глыбокае хваляванне, калі ў промні пражэктара з цемры ўзнікала чалавечая постаць; часцей за ўсё гэта аказваліся прастытуткі, яны ўладкоўваліся ў месцах, якія асвятляліся фарамі, калі аўтамабілісты на паваротах уключалі дальняе святло: адзінокія, нежывыя, страката ўбраныя лялькі, яны нават не ўсміхаліся, калі машына праязджала міма іх. На цёмным фоне ночы іхнія залітыя яркім святлом белыя ногі заўсёды нагадвалі Альберту драўляныя постаці на рострах, і здавалася, што стаяць яны на караблях, якія затанулі. Калі зноў і зноў на паваротах ён уключаў фары і яркае святло выхоплівала іх з цемры, ён здзіўляўся, як дакладна яны выбіраюць сабе месца, але яшчэ ніводнага разу ён не бачыў, каб машына спынілася і павезла якую-небудзь з дзяўчат.
На краі моста, на яго апорах прыляпіўся маленькі шынок, які не зачыняўся ўсю ноч. Тут ён выпіваў куфаль піва і кілішак гарэлкі, каб адцягнуць вяртанне дадому. Гаспадыня ўжо ведала яго, таму што ў Нэлы часта бывалі госці і ён заўсёды развозіў іх дадому, абы не заставацца сам-насам з Нэлай. Ён доўга заседжваўся ў гэтым шынку і думаў пра справы, якія міжволі ўсплывалі ў думках з-за Нэліных гасцей. За столікамі звычайна сядзелі некалькі матросаў з рэйнскіх параходаў, яны гулялі ў косці, з рэпрадуктара даляталі ціхія далёкія галасы. Каля печкі з вязаннем сядзела маленькая цёмнавалосая гаспадыня. Яна заўсёды расказвала яму, што і для каго вяжа: светла-зялёны світэр для зяця, руда-чырвоныя пальчаткі для дачкі; але часцей за ўсё яна вязала цудоўныя маленькія штонікі для ўнучыкаў. Узор для гэтых штонікаў яна прыдумвала сама, часта яна раілася з ім, і некалькімі штрыхамі ён удакладняў яе малюнкі. Аднойчы ён нават параіў ей вывязаць на светла-жоўтай спаднічцы для чатырнаццацігадовай унучкі цёмна-зялёныя бутэлькі са стракатымі наклейкамі. Ён накідваў узор каляровымі алоўкамі, якія заўсёды насіў пры сабе, на белай абгортачнай паперы, у якую яна загортвала халодныя катлеты або біточкі для матросаў. Часам, калі ён задумваўся над падзеямі, пра якія напаміналі яму Нэліны госці, ён заседжваўся да трох, а то і да чатырох гадзін раніцы.