Перад вайной ён быў лонданскім карэспандэнтам маленькай нямецкай газеты, але газета выгнала яго, і ён вярнуўся пасля смерці Лін, Нэла дамаглася, зноў у Германію, і Нэлін бацька ўладкаваў яго на сваёй мармеладавай фабрыцы, каб яму не быць назідавоку. Да самага пачатку вайны ён разам з Раймундам вёў там невялікі аддзел статыстыкі збыту, і ўсе сродкі яны выдаткоўвалі не столькі на тое, што прынесла б карысць фабрыцы, колькі на ўсялякія дробязі, якія надавалі ім самім добранадзейны выгляд: па першым запатрабаванні яны маглі даказаць, што займаюцца разумнай і ніяк не звязанай з палітыкай дзейнасцю, што яны ўключыліся ў так званы працоўны працэс. У іхнім кабінеце заўсёды было дастаткова беспарадку, каб выклікаць уяўленне пра самую кіпучую дзейнасць. На чарцёжных дошках кнопкамі былі прымацаваны эскізы, вакол валяліся цюбікі і пэндзлі, на паліцах стаялі адчыненыя бутэлькі з тушшу, і кожны тыдзень з аддзела збыту прыходзіў каштарыс, запоўнены лічбамі, якія яны пераносілі на свае табліцы,— акуратныя слупкі лічбаў, распісаныя па ўсіх землях Германіі, ператвараліся ў мініяцюрныя мармеладавыя вядзерцы на стракатых геаграфічных картах.
Пасля яны навучыліся прыдумваць новыя назвы для новых гатункаў мармеладу і гэтак хутка апрацоўваць лічбавыя даныя, што ў любы момант маглі дакладна сказаць, дзе і ў якой колькасці елі і ядуць той або іншы гатунак мармеладу. Вяршыняй іх цынізму з’явілася складанне памяткі, якую яны назвалі «Вытворчасць і збыт араматычных канфіцюраў фабрыкі Гольштэге» і вьшусцілі ў 1938 годзе да дваццаціпяцігадовага юбілею фірмы. Гэта была надрукаваная на паперы ручной выпрацоўкі ярка ілюстраваная брашура, якую яны бясплатна разаслалі ўсім спажыўцам. Альберт маляваў усё новыя і новыя рэкламныя плакаты, Рай прыдумваў да іх вершаваныя подпісы, а вечары яны праводзілі разам з Нэлай і тымі нешматлікімі сябрамі, якіх яны маглі яшчэ захаваць у 1938 годзе. Адчувалі яны сябе на тую пару не вельмі добра, і ўвечары схаванае раздражненне міжволі прарывалася, асабліва калі да іх прыходзіў Віліброрд. Рай ненавідзеў патэра Віліброрда, а як толькі ён сыходзіў, напіваліся і абмяркоўвалі магчымасць эміграцыі. Раніцайяны з’яўляліся на фабрыку са спазненнем, галовы ў іх трашчалі, і, часта ахопленыя раптоўным шаленствам, яны разрывалі на шматкі ўсе малюнкі і дыяграмы.
Але на наступны дзень яны зноў браліся за работу, прыдумвалі новыя малюнкі, новыя фарбы для прыцягнення пакупнікоў, стваралі графічныя характарыстыкі розных гатункаў мармеладу. Апошнім іх тварэннем, да таго як іх абодвух адправілі на фронт, стаў гістарычны агляд, у якім Рай паставіў сабе за мэту даказаць, што, пачынаючы з каменнага веку, усе народы — рымляне, грэкі, фінікійцы, іудзеі, інкі і германцы — радасна паядалі мармелад. У гэтую працу Рай уклаў усю сваю фантазію, а Альберт — свой талент мастака, і ў іх атрымаўся шэдэўр, які здабыў фабрыцы шмат новых пакупнікоў. Але ў гэтым не было ўжо неабходнасці. Прыйшоў новы спажывец, які пачаў паглынаць мармелад без усялякай рэкламы: прыйшла вайна.
У час вайны паўсюль, дзе толькі спыняліся ваенныя абозы, яны натыкаліся на бляшанкі з-пад павідла вытворчасці іхняй фабрыкі, якія валяліся абапал дарогі. Этыкеткі, надрукаваныя па эскізах Альберта, подпісы, складзеныя Раем. Французскія дзеці гулялі ў футбол гэтымі бляшанкамі, для рускіх жанчын яны былі каштоўным набыткам, і нават калі наклейкі ўжо даўно былі садраныя або змытыя, а бляшанкі сплюшчаныя і заржавелыя, усё роўна яны пазнавалі іх па штампаванай манаграме «Э. Г.» — Эдмунд Гольштэге (гэтак звалі Нэлінага бацьку).
Нават калі спыняліся на начлег у нейкай глушы, яны навобмацак у цемры пазнавалі гэтыя бляшанкі» пальцы самі адшуквалі выпуклыя літары «Э. Г.» і стылізаваную вішню, тварэнне Альберта.