Пераможны шлях нямецкай арміі быў усеяны не толькі снарадамі, не толькі развалінамі і падлаю, але і бляшанкамі з-пад павідла і мармеладу. У Польшчы і Францыі, у Даніі і Нарвегіі, на Балканах кожны мог прачытаць выраз, які склаў Рай: «Дурны той, хто сам сабе варыць варэнне: Гольштэге зробіць гэта замест цябе». Словы «Дурны той, хто сам сабе варыць варэнне» былі адштампаваны вялікімі чырвонымі літарамі, астатнія — крыху меншымі. Гэты выраз быў вынікам працяглай нарады з дырэкцыяй, услед за якой пачалася разгорнутая кампанія супраць усіх, хто сам варыць варэнне. Але кампанію давялося прыпыніць з-за ўмяшання органаў прапаганды, якія са свайго боку лічылі варку варэння адной са спаконвечных дабрачыннасцей сапраўдных нямецкіх гаспадынь. Але этыкеткі і плакаты былі ўжо надрукаваны, а тут пачалася вайна, і гэтае пытанне нікога больш не займала, іх так і наклейвалі і прывалаклі нават у глыб Расіі.
Першы год вайны Альберт і Рай праслужылі ў розных часцях, на розных франтах, але нават удалечыні адзін ад другога яны бачылі адно і тое ж — у прадмесцях Варшавы і каля Ам’енскага сабора валяліся ўсё тыя ж нямецкія бляшанкі з-пад мармеладу.
Акрамя таго, яны яшчэ атрымлівалі лісты ад Нэлінай маці, пасылкі з прыгожанькімі маленечкімі вядзерцамі з храміраванай бляхі — рэкламныя сюрпрызы, якія бясплатна выдаваліся кожнаму, хто купіць тры вялікія бляшанкі, а Нэліна маці лічыла не лішнім кожны раз паведамляць ім, што справы ідуць выдатна.
У шынку нікога не было, ён глынуў піва і адставіў куфаль убок,— піва зусім вытхнулася. Пасля агледзеў батарэю бутэлек на стойцы і, не паднімаючы галавы, сказаў:
— Наліце, калі ласка, шварцвальдскага кіршу.
Пальцы гаспадыні не варухнуліся, клубок воўны і пруткі ляжалі на падлозе, ён падняў галаву, паглядзеў на яе: гаспадыня драмала. Па радыё жаночы голас ціха спяваў нейкую мексіканскую песню. Ён устаў, пайшоў за стойку і сам сабе наліў кіршу, затым падняў клубок воўны і пруткі і глянуў на гадзіннік: было тры гадзіны раніцы. Ён павольна, ледзь не па кроплях, выпіў кірш і раскурыў люльку. Нэла, канешне ж, яшчэ не легла,— яму так ні разу і не ўдалося перачакаць тут, пакуль яна засне. Усё, што ён ёй скажа, вярнуўшыся, яна выслухае з вялікай пакорай: пра нянавісць Рая да Віліброрда, пра цынічнасць і снабізм Рая і пра тое, што за пяць апошніх гадоў жыцця Рай не напісаў ніводнага радка вершаў — толькі рэкламныя лозунгі, і пра тое, што яна таксама вінаватая ў стварэнні хлуслівай легенды.
Ён дапіў кірш, пабудзіў гаспадыню, ціхенька закрануўшы яе за плячо,— яна адразу ж прачнулася і з усмешкай сказала:
— Ну вось што са мной здарылася. Калі б не было вас, мяне б тут маглі абрабаваць.
Яна ўстала, выключыла радыё. Альберт разлічыўся, выйшаў на вуліцу і пачакаў гаспадыню, якая, апускаючы на дзверы жалезную рашотку, запірала іх.
— Сядайце,— сказаў ён,— я падвязу вас дадому.
— Вось і цудоўна.
Быў панядзелак, і на вуліцы ў гэты час амаль не бачна было людзей, толькі цяжкія грузавікі з гароднінай ішлі ў бок рынку.
З-за гаспадыні яму давялося зрабіць невялікі круг, пасля ён высадзіў яе і паехаў дадому, па-ранейшаму нетаропка.
Нэла, канешне, не спала яшчэ, у пакоі было непрыбрана: паўсюль стаялі шклянкі, кубкі, талеркі з рэшткамі бутэрбродаў, раскрышанае пячэнне ў вазачках, парожнія каробкі з-пад цыгарэт, нават попельніц яна не вытрасла, бутэлькі грувасціліся на стале, валяліся коркі.
Нэла сядзела ў крэсле, курыла і глядзела нерухомым позіркам некуды праз сцены пакоя. Часам яму здавалася, што яна ўжо цэлую вечнасць сядзіць у гэтым крэсле і вечна будзе сядзець у ім, і ён спрабаваў у думках ахапіць усё значэнне і сэнс слова «вечнасць»; у пракураным пакоі, адкінуўшыся, сядзіць яна ў зялёным крэсле, курыць і нерухома глядзіць некуды ўдалеч. Яна згатавала каву, кафейнік накрыла старым каўпаком, каб не астыў, і калі яна зняла каўпак, у Альберта было адчуванне, што свежая зеляніна кафейніка — адзіная свежасць у гэтым пакоі, дзе нават кветкі, прынесеныя гасцямі, патаналі ў табачным дыме, а на століку ў пярэдняй валяліся яшчэ загорнутыя ў паперу кветкі. Нэліна бязладнасць заўсёды здавалася яму мілай, але з таго часу, як яны жылі разам, ён узненавідзеў гэтую бязладнасць. Кафейнік стаяў на стале, і Альберт зразумеў, што ноч пагражае задоўжыцца. Ён ненавідзеў каву, ненавідзеў Нэлу, яе гасцей, ночы, праведзеныя за нікчэмнай балбатнёй, але варта было Нэлі ўсміхнуцца, і ён забываў пра ўсё: такая моц таілася ў адзіным, непаўторным руху мускулаў яе твару. I хоць ён ведаў, што яна механічна карыстаецца сваёй усмешкай, ён ніколі не мог устаяць перад ёю, таму што кожны раз ён зноў верыў, што яна ўсміхаецца яму. Ён сеў і пачаў аўтаматычна паўтараць словы, якія гаварыў ужо тысячу разоў у такія часы і пры такіх абставінах. Нэла любіла прамаўляць па начах доўгія маналогі пра сваё загубленае жыццё, рабіць яму прызнанні або распісваць, як магло б скласціся, калі б Рай не загінуў. Яна з усяе сілы спрабавала павярнуць час назад, адкінуць усё, што здарылася на працягу гэтых дзесяці гадоў, і ўзяць яго ў свае снабачанні.