Каля паловы чацвёртай яна паднялася, каб другі раз заварыць кавы. Не жадаючы заставацца без яе ў гэтым пакоі, поўным табачанага дыму і ўспамінаў пра Рая, у пакоі, які ён ведаў дваццаць гадоў, Альберт сабраў шклянкі і брудныя талеркі, вытрас попельніцы, адсунуў зялёную штору, расчыніў акно і пайшоў услед за Нэлай на кухню, дастаў вазы з насценнай шафы, наліў вады, паставіў у іх кветкі, а затым, стоячы каля Нэлы, якая чакала, пакуль закіпіць вада на пліце, жаваў халоднае мяса, бутэрброд або адзін з яе апетытных салатаў, які заўсёды можна было знайсці ў халадзільніку.
Гэта і быў той момант, якога яна чакала; магчыма, і валтузню з гасцямі яна заводзіла дзеля гэтага моманту, таму што дваццаць гадоў назад ўсё было гэтак жа — менавіта гэтак жа ён стаяў на кухні каля Нэлы, глядзеў, як яна гатуе каву, каштаваў яе салаты — гадзіны ў тры або чатыры ночы — і разглядваў выраз, выкладзены чорнымі пліткамі па белых: «Шлях да сэрца мужчыны пралягае праз яго страўнік». А Рай заўсёды заставаўся ў пакоі Нэлы і драмаў там, і тады госці гэтак жа позна заседжваліся: балбатня пра палітыку запаўняла гэтыя ночы, спрэчкі з Шурбігелем, які заклікаў усіх іх уступаць ў арганізацыю штурмавікоў — і хрысціянізаваць яе. Такія словы, як «дрожджы», «закваска», такія фразы, як «абагаціць нацыянал-сацыялізм скарбамі хрысціянскай думкі»,— усё гэта абурала іх. I тады былі сярод гасцей прыгожыя дзяўчаты, але цяпер адны з іх памерлі, іншыя раз’ехаліся ў гады вайны па розных гарадах і краінах, а дзве з гэтых дзяўчат выйшлі замуж за нацыстаў і павянчаліся пад дубамі.
Пасля яны перасварыліся амаль з усімі. Вечары яны праводзілі над картамі і дыяграмамі, якія прыносілі з фабрыкі, і,седзячы да позняй ночы, двойчы пілі каву, першы раз — у дзве гадзіны, другі — у тры.
На шчасце, хоць кафейнік, у якім Нэла заварвала каву, быў цяпер іншы, ды і не толькі адзін кафейнік няўмольна нагадваў, што час ужо не той.
Сэрца яго білася мацней, калі ён сярод ночы праходзіў у свой пакой, каб паглядзець, як спіць хлопчык. Марцін вельмі падрос, хутка і нечакана, на яго погляд, і яму рабілася неяк боязна, калі ён глядзеў на раскіданага ў ложку вялікага, адзінаццацігадовага хлапчука, бялявага, мілавіднага, вельмі падобнага на Налу. Праз адчыненае акно ўжо даносіліся ранішнія шумы: далёкае грукатанне трамвая, шчабятанне птушак; за сцяной таполяў, што акружалі сад, парадзела і паблякла чарнільная сінеча ночы, а наверсе, у пакоі, які займаў цяпер Глум, не пачуеш больш, ніколі не пачуеш, цяжкія і размераныя крокі бацькі Нэлы, крокі селяніна, які занадта доўга хадзіў за плугам, каб мяняць на старасці год хаду.
Мінулае і сучаснае круціліся, перамяшчаючыся, быццам дыскі, што адшукваюць адзіны цэнтр: адзін круціўся раўнамерна, вось яго праходзіла якраз пасярэдзіне, і гэта было мінулае, якое, як яму здавалася, ён бачыць з гранічнай яснасцю, але цяперашняе круцілася значна хутчэй, чым мінулае, як быццам вакол іншага цэнтра, і з гэтым нічога нельга было зрабіць, нягледзячы на твар хлопчыка, на дыханне хлопчыка, якое ён адчуваў на сваёй руцэ, нягледзячы на добры круглы твар Глума. Нічога нельга было зрабіць, хай сабе нават мінулыя дваццаць гадоў пакінулі невыводныя сляды на твары Нэлы, і ён бачыў іх, ясна бачыў: зморшчынкі каля вачэй, і складка тлушчу на распаўнелай з узростам шыі, і вусны, якія парэпаліся ад безупыннага курэння, і жорсткія зморшчыны на твары — усё роўна з гэтым нічога не зробіш. Ён паддаўся на яе ўсмешку, на аўтаматычна раздадзеныя чары, якія распускалі час, ператваралі ў здань дзіця, што спала ў ягоным ложку, і паміж цяперашнім і, здавалася, такім роўным, такім раўнамерным вярчэннем мінулага раптоўна ўклініўся ярка-жоўты дыск: час, які ніколі не іСнаваў, жыццё, якое ніхто не пражыў, мара Нэлы. Яна ўцягнула яго ў сваю мару, хай ненадоўга, на тыя кароткія імгненні, калі ноччу на кухні яна гатавала каву і рыхтавала бутэрброды, якія зачарсцвеюць на талерцы. Кафейнік, бутэрброды, усмешка і шэрае малочнае ранішняе святло за акном — усё гэта служыла рэквізітам і кулісамі для пакутлівай мары Нэлы, мары пражыць жыццё, якое не было пражытае і ніколі не будзе пражыта, мары пра жыццё з Раймундам.
— Ах,— прамармытаў ён,— ты звядзеш мяне з глузду.