— Гэта я якраз і збіраўся сказаць.
— А я нічога іншага і не чакала. Раскошны выраз, дарагі мой, можаш ганарыцца. Ці не хацеў ты мне яшчэ сказаць, што можна пачаць новае жыццё?
— Можа, і хацеў.
— Ды перастань ты, нельга забыць мінулае... а пачынаць новае жыццё... па-твойму, гэта новы шлюб... з табой...
— Ну і хопіць, узарваўся ён,— не ўяўляй, калі ласка, што я толькі пра тое і думаю, як бы ажаніцца з табой, проста я лічу гэта адзіна разумным.
— Вельмі прыемна пачуць — выдатна сказана, ты мастак рабіць кампліменты.
— Прабач, калі ласка, я зусім не тое хацеў сказаць,— ён усміхнуўся,— я якраз не супраць ажаніцца з табой.
— Час ад часу не лягчэй. Ты хочаш сказаць, што не памёр бы ад гэтага.
— Глупства,— сказаў ён,— ты выдатна ведаеш, што ты падабаешся мне і што ты прыгожая.
— Аднак не зусім табе да густу, так?
— Лухта,— сказаў ён,— і я працягваю сцвярджаць, што пачаць новае жыццё можна і неабходна.
— А зараз ідзі,— сказала яна,— ідзі.
Ужо зусім развіднела. Ён устаў і зашмаргнуў зялёную штору.
— Добра,— сказаў ён,— пайду.
— У глыбіні душы ты, мусіць, думаеш, што ты мяне яшчэ ўламаеш і я выйду за цябе, але ты памыляешся.
— Табе ванна патрэбна?
— Не, я памыюся на кухні, ідзі, калі ласка.
Ён прайшоў у ванную, адкруціў кран, запаліў газ, зноў паклаў шланг душа так, каб вада цякла бясшумна, а гадзіннік павесіў на цвіку, на якім звычайна вісеў шланг. Вярнуўся да Нэлы — яна чысціла зубы на кухні.
— Ты забываеш,— сказаў ён,— што мы ўжо спрабавалі аднойчы жыць менавіта так, як табе хочацца. Ты ўвогуле пра вельмі многае забываеш.
Яна прапаласкала рот, паставіла шклянку і бяздумна правяла пальцамі па кафлі.
— Так,— сказала яна,— тады я не хацела гэтага з-за хлопчыка — ён быў яшчэ зусім малюпасенькі — я проста не магла. Даруй, калі ласка, пра гэта я ніколі не ўспамінала...
Тады, адразу пасля вайны, ён вельмі жадаў яе. Яна была першай жанчынай, з якой ён жыў пад адным дахам пасля пятнаццацігадовага знаходжання сярод мужчын, і яна была прыгожай жанчынай. Праз некалькі дзён пасля вяртання ён неяк ноччу нацягнуў штаны, накінуў пінжак паўзверх начной кашулі і басанож накіраваўся да яе. У яе яшчэ гарэла святло, яна сядзела ў ложку і чытала ў накінутым на плечы вялікім чорным шалі, каля ложка ціха рудзела не зусім спраўная электрычная печка. Нэла ўсміхнулася, калі ён увайшоў, паглядзела на ягоныя неабутыя ногі і ўскрыкнула: «Ты здурэў, ты ж прастудзішся — садзіся сюды во». На вуліцы было холадна, і ў пакоі пахла бульбай, мяшкі даводзілася трымаць ва ўсіх адзежных шафах, таму што ў падвал ужо колькі разоў наведваліся зладзеі. Нэла закрыла кнігу, паказала на старую аўчыну, што ляжала каля яе ложка, пасля кінула яму пушыстую вязаную кофтачку: «Захутай ногі». Ён нічога не сказаў, сеў, укруціў ногі і ўзяў цыгарэту з пачка, што ляжаў на начным століку. Пасля ўсеўся зручней і адчуў дабрадзейнае цяпло напаленай печкі. Нэла не гаварыла і не ўсміхалася. Дзіця спала ў калысцы каля кніжнай шафы, яно было прастуджанае і роўна пасапвала. Без пудры і памады Нэла выглядала старэй, чым удзень, яна была бледная і стомленая, яе дыханне аддавала вінным перагарам, ён яўна гэта адчуваў. Збянтэжана ён утаропіўся на кнігу, якую яна паклала на начны столік: Тэрэза Дэкейру. На ніжняй паліцы століка бязладна ляжала яе бялізна. Яму было вельмі няёмка, што ён так, раптоўна і без стуку, увайшоў да яе, і ён, пазбягаючы яе позірку, упарта глядзеў міма яе — на сцяну, дзе вісеў партрэт Рая, або проста перад сабой, але нават калі адводзіў вочы ад партрэта, ён з пакутлівай яснасцю бачыў твар Рая — неспакойны, сярдзіты твар чалавека, якога злуе гэта выпадковая, бессэнсоўная смерць.
— Хочаш выпіць? — спытала Нэла, і ён быў удзячны ёй за тое, што яна змагла пры тым усміхнуцца.
— Але, з задавальненнем,— адказаў ён.
Нэла вылавіла з-пад ложка шклянку і бутэльку з мутнай, рудой гарэлкай, наліла яму. Яна нічога не гаварыла, яна не падбадзёрвала яго і не расхалоджвала, яна крыху насцярожана чакала.
Тады ён сказаў:
— Выпі са мной.
I зноў яна згодна кіўнула, вылавіла з той жа шчыліны кафейны кубак, выплюхнула асадак проста цераз галаву на паркет і падставіла яму кубак. Ён наліў ёй, і яны абое выпілі і закурылі, а печка за ягонай спінай гудзела, як вялікая ласкавая кошка» Не паспвлі яны дапіць, як ён патушыў святло і, застаючыся ў промні напаленай пячной спіралі, сказаў: «Калі не хочаш, скажы, і я пайду».— «Не»,— адказала яна і збянтэжана ўсміхнулася, ён так і не зразумеў, што азначала ў гэтае імгненне яе «Не»: «Так» або «Не». Ён выключыў печку, счакаў, пакуль пацямнее напаленая спіраль, і схіліўся над яе ложкам. Яна ў цемені абхапіла яго галаву рукамі, быццам пятлёй, пацалавала яго ў шчаку і шапнула: «Лепш бы ты пайшоў», і ён адчуў дзіўнае расчараванне: яго расчараваў рот Нэлы, вялікім і друзлым падаўся ён яму, расчараваў пацалунак Нэлы, не такіх ён чакаў ад яе. Ён зноў запаліў святло, уключыў печку і вырашыў, што ўсё на лепшае, што яму няма чаго саромецца, Нэла трымалася вельмі добра, і ён не адчуваў аніякага расчаравання ад таго, што яго жаданне не здзейснілася. Як толькі ўспыхнула святло, Нэла ўсміхнулася, зноў, бы пятлёй, абхапіла яго шыю рукой і пацалавала ў другую шчаку, і ён зноў адчуў расчараванне. Нэла сказала яму: «Мы не павінны гэтага рабіць», і ён вярнуўся ў свой пакой, і больш пра гэта гаворкі не было, і ён пра ўсё забыў, і толькі сёння ў ванным пакоі ўсё зноў успомнілася.