Выбрать главу

Нэла паставіла кубак на палічку і задумліва паглядзела на яго.

— Так, тады я не хацела з-за дзіцяці...

— А зараз,— сказаў ён,— я не магу, і таксама з-за хлопчыка.

— Як дзіўна,— усміхнулася яна,— што я пра гэта забылася.

— Многае забываецца,— сказаў ён, таксама ўсміхаючыся,— і нам пачынае здавацца, быццам ніколі нічога і не было. Спадзяюся, ты не пакрыўдзілася на мяне за тое, што я нагаварыў.

— Мы пастарэлі з тае пары на дзевяць гадоў, сказала яна.— Дабранач.

Ён вярнуўся ў ванную і хутка пачуў, як Нэла пайшла да сябе і зачыніла за сабою дзверы. Ён распрануўся, сеў у ванну, цяпер яго ўжо злавала стомленасць, якая, канешне, авалодае ім гадзін да дзевяці. Ён любіў рана лажыцца, спаць моцна і доўга, раніцай рана ўставаць, снедаць разам з хлопчыкам і дапамагаць яму збірацца ў школу, таму што добра разумеў, як цяжка дзіцяці, калі яно раніцай устае раней за ўсіх, снедае ў адзіноце і ідзе ў школу, ведаючы, што ўсе ў доме могуць яшчэ спакойна спаць. Бацькі Альберта, уладальнікі невялікага рэстаранчыка, раней трох-чатырох ніколі не лажыліся, і ўсе гады свайго дзяцінства ён раніцай праходзіў праз накураную залу ў вялікую і халодную кухню. Там пахла застылым тлушчам, пракіслымі салатамі, на палічцы ляжалі яго бутэрброды, а на газавай пліце стаяла ў алюмініевай каструлі кава. Шыпенне газу ў золкай халадэчы кухні з кепскім пахам, наспех праглынутая кава з нясвежым смакам, бутэрброды з вялікімі, наспех нарэзанымі кавалкамі мяса, якога ён не любіў. З той пары як Альберт пакінуў бацькоўскі дом, ён марыў пра тое, каб рана класціся і рана ўставаць, але лёс вечна зводзіў яго з людзьмі, якія рабілі нездзяйсняльным такі рытм жыцця. Ён стаў пад халодны душ, пасля абцёрся і ціха пайшоў на кухню. Глум ужо паспеў пабыць тут, пакуль ён сядзеў у ванне. Кафейнік Глума быў парожні, цёплы каўпак, што накрываў яго, ляжаў побач. Больда, мяркуючы па ўсім, таксама сышла. На стале валяліся крошкі кіслага чорнага хлеба.

Ён прайшоў да сябе і хацеў пабудзіць Марціна, але Марцін ужо не спаў і ўсміхнуўся яму. Хлопчык, несумненна, быў рады, што Альберт тут і будзе з ім снедаць.

— Прабач,— сказаў Альберт,— што ўчора вечарам, як ты прыйшоў са школы, мяне не было дома,— давялося пайсці. Мне пазванілі. Ну, пара ўставаць.

Калі хлопчык ускочыў з ложка, і ўстаў на ўвесь рост, Альберт спалохаўся: хлопчык вырас, а Нэла ўпарта не хацела гэтага заўважаць, як і шмат чаго іншага. Ён пакінуў хлопчыка і вярнуўся на кухню, каб зварыць яйкі і падрыхтаваць бутэрброды. У пакоі Нэлы было ціха, і на нейкі момант ён зразумеў яе: яго ж таксама палохала, што хлопчык так хутка вырас і, несумненна, жыве зусім у іншым свеце, чым яны.

8

Дом усё больш рабіўся непрыдатным, хоць грошай на тое, каб яго ўтрымліваць у парадку, хапіла б злішкам. Але нікому не было да гэтага аніякай справы. Дах падцякаў, і Глум часта скардзіўся, што пляма на столі ў ягоным пакоі ўсё расце. Калі ішоў моцны дождж, са столі проста капала, і тады, ахопленыя жаданнем дзейнічаць, яны паднімаліся на гарышча, каб падставіць таз пад дзірку на даху, і Глум меў невялікую перадышку. Тэрмін гэтай перадышкі залежаў ад памераў таза, а таксама ад інтэнсіўнасці і працягласці дажджу: калі таз быў неглыбокі, а дождж моцны і працяглы, перадышка заканчвалася вельмі хутка, вада ў тазе цякла праз край, і цёмная пляма на столі павялічвалася. Тады на гарышчы падстаўлялі глыбейшы таз. Хутка плямы пачалі паказвацца і на столі ў Больды, і ў вольным пакоі, дзе раней жыў дзядуля. А ў ваннай неяк адваліўся вялікі кавалак тынкоўкі. Больда падмяла смецце, а Глум падрыхтаваў дзіўную сумесь з вапны, пяску і крэйды і замазаў аголеныя дранічыны.