Цікава, а распусных таксама будуць судзіць? Ім авалодала нейкае сумненне.
— Не спі,— загадвае бабуля.— Пытанне васьмідзесятае. Хто чыніць грэх?
— Грэх чыніць той, хто па ўласнай волі пераступае Божую запаведзь.
Бабуля любіла ганяць па ўсім катэхізісе, але яшчэ ніводнага разу яна не злавіла яго на няведанні.
Нарэшце яна закрывае кнігу, раскурвае новую цыгарэту і глыбока зацягваецца.
— Вось калі ты падрасцеш,— гаворыць яна ласкава,— ты сам зразумееш, чаму...
Але з гэтага моманту можна ўжо не слухаць. Пасля катэхізіса ідзе доўгае заключнае слова, у якім няма ніякіх пытанняў, і таму яно не патрабуе аніякай увагі: цяпер бабуля пачне гаварыць пра абавязкі, пра грошы, пра араматычныя канфіцюры, пра дзядулю, пра бацькавы вершы, пачне чытаць выразкі з газет, якія яна клапатліва загадала наклеіць на тоўстую чырвоную паперу, пачне ў загадкавых выразах круціцца вакол шостай запаведзі.
Але нават Нігемаер, нават Поскэ, у якіх былі дастаткова маральныя маці, не карысталіся той паблажлівасцю, якой карыстаўся ён, і ён даўно ўжо зразумеў, у чым тут справа: іх бацькі таксама загінулі, іх маці таксама не жывуць з іншымі дзядзькамі, але затое імя ягонага бацькі час ад часу з’яўляецца на старонках газет, а ў ягонай маці, да ўсяго, ёсць грошы. Гэтыя два важнейшыя пункты адсутнічаюць у Поскэ і ў Нігемаера; пра іх бацькаў нічога не пішуць у газетах, а ў іх мацярок грошай або вельмі мала, або зусім няма.
Часам ён марыў, каб гэтыя два пункты адпалі і для яго, яму не хацелася гэтай празмернай паблажлівасці. Ён ні з кім не дзяліўся сваімі думкамі, нават з Брылахам і з дзядзькам Альбертам, і часам цэлымі днямі стараўся кепска сябе паводзіць у школе, каб прымусіць настаўніка аказваць яму не больш паблажлівасці, чым Вебэру, які штодзённа атрымліваў наганяй; Вебэр, чый бацька не загінуў, Вебэр, чый бацька не меў грошай.
Але настаўнік працягваў ставіцца да яго паблажліва. Гэта быў стары, сівы, стомлены настаўнік, ён «страціў сына на вайне» і глядзеў на Марціна гэтак самотна, калі той рабіў выгляд, быццам не вывучыў урок, што Марцін, ахоплены шкадаваннем і спачуваннем, усё ж адказваў добра.
Пакуль заключнае слова бабулі падыходзіла да канца, Марцін мог назіраць, як усё больш гусцеў у пакоі дым; толькі час ад часу трэба было пазіраць на бабулю, каб ёй здавалася, быццам ён уважліва слухае, а самому працягваць думаць пра рэчы, якія больш цікавілі яго: пра брыдкае слова, якое маці Брылаха сказала кандытару, пра слова, якое заўсёды красавалася на сцяне ў пад’ездзе дома, дзе жыў Брылах; можна думаць і пра футбольны матч, які пачнецца праз тры, чатыры, большае праз пяць хвілін на лужку перад іх домам. Бабулі засталося гаварыць яшчэ хвіліны дзве, таму што яна дайшла ўжо да канфіцюра, які нейкім чынам сутыкаўся з ягонымі абавязкамі. Няўжо яна ўсур’ёз думае, што ён будзе гаспадарыць на мармеладавай фабрыцы? Не, ён усё жыццё будзе гуляць у футбол, і яму было забаўна і адначасова страшна, калі ён уяўляў сабе, што будзе гуляць у футбол дваццаць гадоў запар, трыццаць гадоў запар. Застаецца яшчэ хвіліна,— ён пачуў шалясценне — гэта бабуля вырвала чэк са сваёй чэкавай кніжкі. Яна заўсёды ўзнагароджвала яго за бездакорнае веданне катэхізіса і за ўвагу, з якой ён слухаў яе.
Бабуля складвае чэк удвая, ён бярэ гэтую складзеную блакітнаватую паперку і ведае, што зараз можна пайсці, трэба толькі пакланіцца і сказаць: «Дзякуй, мілая бабуля», і вось ён ужо адчыняе дзверы, і воблака дыму вырываецца за ім у пярэднюю.
Два дні не браў Альберт у рукі карабок «Санлайт». Ён баяўся яго адкрываць і ў той жа час ускладаў надзеі на ягонае змесціва: ён ведаў, што ў карабку ляжыць шмат малюнкаў, якія ён зрабіў у Лондане да і пасля смерці Лін; ён баяўся, што малюнкі нічога не вартыя, і ўсё ж спадзяваўся, што яны акажуцца неблагімі; ён жа ўзяў абавязак штотыдзень здаваць серыю карыкатур у «Суботні вечар» і, бывала, цэлымі днямі сноўдаў з кута ў кут, і нічога не прыходзіла ў голаў. Ён адкрыў карабок, у гэты дзень яны былі дома толькі ўдвух з Глумам; маці Нэлы паехала з Марцінам за горад. Ён бачыў, з якім нясмелым і разгубленым тварам хлопчык садзіўся ў таксі. Нэла пайшла ў кіно. Яна вельмі змянілася, у ёй з’явілася нейкая дзіўная нервознасць, і ён здагадваўся, што яна нешта ўтойвае ад яго. Развязваючы шпагат на карабку, ён вырашыў пагаварыць з Нэлай. На кардонцы яшчэ можна было прачытаць адрас, надпісаны ім у Лондане: «Пану Раймунду Баху», і яму здавалася, што яшчэ чуваць пах клею, які патыхаў мучной баўтухай, што ён замясіў на вадзе з рэшткаў мукі ў Лін, каб наклеіць паперку з адрасам на кардон.