Выбрать главу

Ён развязаў вузел, разматаў шпагат, але марудзіў адкрываць кардонку. Ён выглянуў у сад, дзе сябры

Марціна, Генрых і Вальтэр, гулялі ў футбол парожнімі кансервавымі бляшанкамі, яны моўчкі, злосна, але з бачным задавальненнем ганялі мяч. Гледзячы на хлапчукоў, ён успомніў год, пражыты з Лін у Лондане, цудоўны год, калі ён быў вельмі шчаслівы, хоць Лін і пасля вяселля захавала свае «халасцяцкія» звычкі. Лін пагарджала шафамі, пагарджала ўвогуле ўсялякай мэбляй, і ўсё сваё дабро яна ўдзень звальвала на ложак: кнігі і часопісы, газеты і губную памаду, агрызкі яблыкаў у папяровых фанціках, парасон, берэт, капялюшык, паліто, неправераныя сшыткі, якія яна правярала ўвечары, прыткнуўшыся каля начнога століка: сачыненні пра раслінны свет Паўднёвай Англіі і пра жывёльны свет Індыі. Удзень усё гэта грувасцілася на ложку; вечарам або па абедзе, калі ёй хацелася прылегчы і перагледзець вячэрнія газеты, яна дбайна вывуджвала толькі кавалкі хлеба, а астатняе барахло проста змахвала эгергічным рухам рукі на падлогу: сшыткі, парасончык, садавіну. Усё ляцела пад ложак і кацілася па пакоі, а раніцай яна зграбала ўсё да кучы і зноў шпурляла на ложак. За ўсё сваё жыццё яна толькі аднойчы надзела як след адпрасаваную сукенку — гэта быў дзень іхняга вяселля,— хатні алтар у сталовай загараднай вілы, абстаўленай з безгустоўнай раскошай, што надавала ўражанне пышнасці, востры пах смажанага сала, што ішоў ад расы сімпатычнага францысканца, нязвыклае гучанне латыні і пакуль нязвыклае гучанне англійскай мовы (пакуль смерць не разлучыць вас...).

Але менавіта ў той дзень, калі Лін надзела адпрасаваную сукенку,— яе маці прыехала з Ірландыі, папрасавала сукенку ў сябе ў гатэлі і клапатліва павесіла ў шафу,— менавіта ў гэты дзень Лін брыдка выглядела: прасы не былі для яе рэчамі ўжытку, прас — рэч цяжкая, і, дарэчы, сукенкі, якія неабходна было прасаваць, былі ёй не да твару.

У першы месяц пасля вяселля яны спалі на ложку Лін, але Альберт усю ноч не мог змружыць вачэй, бо Лін была неспакойная, як маладая кабылка, яна кідалася ў сне, скідвала долу коўдру, бясконца варочалася з боку на бок, піхала яго, узнагароджвала тумакамі, з грудзей яе вырываліся дзіўныя сухія хрыпы. Ён падымаўся сярод ночы, запальваў святло, прыкрываў лямпу газетай і садзіўся чытаць. Пра тое, каб заснуць, нечага было і думаць, ён задавальняўся тым, што паднімаў бясконца спаўзаючую коўдру і падтыкаў Лін з усіх бакоў. Калі яна на некалькі хвілін заціхала, ён паварочваўся і глядзеў на яе: доўгія каштанавыя валасы, тонкі смуглявы твар, профіль пародзістага жарабяці. Пасля ён тушыў святло, ляжаў у цемры каля яе і быў шчаслівы. Часам з ложка нешта падала, што ўдзень забілася пад матрац або не паспела зваліцца на падлогу ад энергічнага вячэрняга шпурляння Лін, а цяпер звалілася ад яе дзікай валтузні: лыжка, аловак, банан, а неяк раз нават крутое яйка; яно пакацілася па выцертым дыванку і спынілася каля ножак ложка. Ён устаў, аблупіў яйка і тут жа з’еў яго, таму што ў тыя часы ён заўсёды хацеў есці.

Раніцай, калі Лін сыходзіла, яму звычайна ўдавалася крыху прыдрамнуць. Лін працавала настаўніцай у манастырскай школе за горадам. Ён дапамагаў ёй збірацца ў школу, складваў усё, што ёй было неабходна, у партфель. Яго абавязкам было таксама сачыць за старым, аблезлым будзільнікам, які, як і ўсе рэчы, што належалі Лін, кожны дзень рабіў падарожжа з ложка на падлогу і з падлогі на ложак, але тым не менш ішоў вельмі дакладна. Ён сачыў за будзільнікам і папярэджваў Лін, калі ёй трэба было выходзіць. Ён сядзеў у гэты час на ложку ў начной кашулі і чытаў ранішнюю газету, а Лін гатавала на спіртоўцы чай і суп. Як толькі вялікая стрэлка набліжалася да адзінаццаці і заставалася пяць хвілін да васьмі гадзін, Лін хапала партфель, таропка цалавала яго і неслася па лесвіцы ўніз, да аўтобуса. Бывала, яе суп заставаўся на спіртоўцы, ён прагна з’ядаў аўсяную баўтушку без смаку, залазіў у ложак і спаў да адзінаццаці.

Толькі праз месяц яны наскрэблі грошай, каб купіць другі ложак, і цяпер ён мог ноччу спаць. Толькі зрэдку ён прабуджаўся ад глыбокага сну, гэта калі нешта падала на падлогу з ложка Лін: кніжка, паўпліткі шакаладу або адзін з яе цяжкіх срэбраных бранзалетаў.

Ён стараўся давесці ёй, што ён разумее пад словам «парадак»: акуратна складзеныя ў шафах рэчы і чыстую спіртоўку. Ён нават купіў употай патрыманую шафу, загадаў прывезці яе, калі Лін была ў школе, і навёў усюды парадак; усё барахло Лін, усе яе сукенкі ён развесіў на плечыках з нямецкай акуратнасцю так, як гэта рабіла яго маці: «Каб пахла бялізнай, адпрасаванай бялізнай». Але Лін узненавідзела шафу, і, жадаючы зрабіць ёй прыемнае, ён загадаў адвезці яе і прадаў са стратай. Адзіным родам мэблі, з якім Лін яшчэ мірылася, была маленькая палічка, на якой стаялі спіртоўка, чыгунок, дзве каструлькі, кансервавыя бляшанкі з мясам і гароднінай, усялякія загадкавыя прыправы і пачкі з кансерваванымі супамі. Яна выдатна ўмела гатаваць, і яму вельмі падабалася, як яна заварвае чай: цёмны, з залатым адлівам; і калі Лін вярталася са школы, яны ляжалі на сваіх ложках, курылі і чыталі, чайнік стаяў на табурэце паміж ложкамі. Месяцы два ён пакутаваў ад таго, што называў тады беспарадкам, і шкадаваў, што ў Лін так мала жадання набыць рэчы — купіць, напрыклад, хоць адну яшчэ змену прасцін. Але яна не выносіла рэчаў, як не выносіла шафаў, і пасля ён здагадаўся, што яна не выносіць шафаў менавіта таму, што ў іх захоўваюцца рэчы. Яна любіла надзіманыя шары, любіла кіно і пры ўсёй яе неўраўнаважанасці была вельмі набожнай. Яна фанаты чна захаплялася царкоўнай мішурой, францысканскімі манахамі, у якіх спавядалася; у нядзелю яна звычайна цягала яго да абедні ў жаночы манастыр, дзе яна ўвесь тыдзень выкладала, і ён злаваўся на манашак, якія ўпарта называлі яго «мужам міс Ганігэн» і ў час снедання накладвалі ў ягоную талерку гару ўсялякай ежы, бо нейкім чынам разведалі, што ён заўсёды галодны. Але так было толькі напачатку, пасля манашкі яму спадабаліся, ён з’ядаў на снеданне да васьмі сандвічаў, яго казачны апетыт выклікаў бурную радасць у манашак. У нядзельныя дні Лін праводзіла са сваімі дзяўчынкамі трэніроўкі па травяным хакеі, рыхтуючы іх да чарговага спаборніцтва, а ён пасмейваўся з яе захаплення і захапляўся яе прыгожай, дакладнай і моцнай гульнёй.