Выбрать главу

Нават і цяпер, праз пятнаццаць гадоў, ён не мог усвядоміць, што Лін памерла,— такой нечаканай была яе смерць, і якраз тады, калі ён быў поўны надзеямі. Ён пачаў зарабляць, у яго з’явіліся грошы; для фабрыкі, якая выпускала мыла, ён пісаў рэкламныя плакаты і малюнкі на абгортках, і яму ўдалося, нарэшце, прыстасавацца да густаў англічан.

З таго часу як яго заробкі павялічыліся, ён перастаў піць у шынках без Лін, ён сядзеў дома, піў халодны чай і ўвесь дзень працаваў. Раніцай ён уставаў разам з Лін, рыхтаваў снеданне, праводзіў яе да аўтобуса.

Хлопчыкі разгарачыліся і стаміліся. Генрых сядзеў на траве, спінаю да дрэва, і жаваў травінку. Альберт высунуўся з акна і крыкнуў:

— Вазьміце кока-колу з халадзільніка!

Калі хлопчыкі павярнуліся і са здзіўленнем глянулі на яго, ён дадаў:

— Заходзьце і дастаньце бутэлькі, ты ж ведаеш, Генрых, дзе што стаіць.

Ён чуў, як дзеці з радаснымі воклічамі павярнулі за вугал, забеглі ў дом, але тут загаварылі шэптам і на дыбачках прайшлі на кухню. Ён зачыніў акно, набіў люльку, але раскурваць яе не стаў і рашучым рухам адкрыў кардонку «Санлайт»: там аказаўся цэлы стос вельмі тонкай паперы, усе малюнкі былі павернуты другім бокам. Толькі тады ён скеміў, што адкрыў не крышку, а дно карабка. Ён узяў першы малюнак, перавярнуў яго і здзівіўся — да таго ён аказаўся добрым! Гэта быў заашарж, забаўнае выяўленне звяркоў, а гэты жанр зноў уваходзіў у моду.

Пасля вайны ён не маляваў так добра. Мяккі, вельмі тлусты аловак — малюнак зусім яшчэ свежы. Ён адчуў вялікую палёгку: ён ведаў, што Брэзгот ахвотна возьме гэтыя малюнкі. Кожная з танюткіх паперак, размаляваная пятнаццаць гадоў назад у лонданскіх шынках, прынясе яму пяцьдзесят марак. Нейкія трэба лепш абрэзаць, наноў наклеіць на кардон, да нейкіх прыдумаць тэкст. Ён ніколі не паказваў гэтыя малюнкі Лін, бо тады яны здаваліся яму кепскімі, але сёння ён зразумеў, што яны добрыя і ўжо ва ўсякім выпадку лепшыя, чым вельмі многае, што ён зрабіў для «Суботняга вечара». Ён корпаўся ў карабку, выцягваў лісткі з сярэдзіны і з самага дна і здзіўляўся, наколькі яны добрыя. Нехта з хлопчыкаў паклікаў яго:

— Дзядзька Альберт, дзядзька Альберт!

Ён адчыніў дзверы ў пярэднюю і спытаў:

— Што здарылася?

Ён адразу зразумеў, што клікаў яго Брылах, які спытаў:

— Можна нам зрабіць сабе па бутэрброду? Мы хочам пачакаць, пакуль вернецца Марцін.

— Гэта доўгая справа.

— А мы пачакаем.

— Ну, як хочаце,— і бутэрброды вы сабе, зразумела, можаце зрабіць.

— Вялікае-вялікае дзякуй.

Ён зачыніў дзверы, сабраў раскіданыя лісткі і паклаў іх зноў у карабок.

У той дзень, як заўсёды, Лін раніцай наехала ў школу, а ён сядзеў дома і рабіў накід рэкламнага плаката. Ён маляваў ільва, які густа намазваў гарчыцай баранову нагу. Альберт адчуваў, што плакат атрымліваецца добра, а заказчык — далёкая радня Авесалома Біліга — абяцаў добры ганарар. Гэта быў яўрэй-эмігрант, з якім ён пазнаёміўся ў журналісцкім рэстаранчыку. Спачатку той ставіўся да яго з недаверам, таму што прыняў яго за шпіка, але пры пятай сустрэчы ён даў яму заказ: ён супрацоўнічаў у рэкламным аддзеле фабрыкі прыпраў. Альберт працаваў так заўзята, што не прыкмячаў, як ідзе час, і таму вельмі здзівіўся, калі ў пакой увайшла Лін.

— Божа,— сказаў ён,— ужо тры гадзіны?

Але калі ён пацалаваў яе і яна стомлена ўсміхнулася ў адказ, ён зразумеў, што да трох яшчэ вельмі далёка і што Лін вярнулася з-за таго, што ёй нездаровіцца. Рукі ў яе гарэлі, і яна курчылася ад болю ў жываце.

— Гэта ўжо даўно пачалося,— сказала яна,— але я думала, што я цяжарная, а сёння высветлілася, што я зусім не цяжарная, а баліць усё роўна.

Ніколі ён яшчэ не бачыў, каб яна падала духам, але цяпер яна кінулася на ложак і застагнала. Ей цяжка было гаварыць, і, калі ён схіліўся над ёй, яна шапнула:

— Выкліч таксі, мне ў аўтобусе было кепска, а цяпер робіцца яшчэ горш. Завязі мяне ў бальніцу.