Выбрать главу

Ён узяў з пасцелі яе сумачку і пабег да стаянкі таксі, на хаду пералічваючы грошы; у кашальку набралася чатыры фунты і цэлая гара дробязі. Урэшт разгублены, сеў ён у таксі, загадаў спыніцца перад домам і адным духам падняўся па лесвіцы. Лін званітавала, і, калі ён узяў яе на рукі, каб знесці ўніз, яна застагнала; на лесвіцы яна ўвесь час крычала, і яе зноў званітавала. Каля дзвярэй сабраліся жанчыны і глядзелі, хітаючы галовамі. Ён крыкнуў адной з іх, каб яна прыгледзела за кватэрай, што засталася незачыненай. Жанчына згодна кіўнула галавой, і цяпер, гледзячы на хлопчыкаў, якія вярталіся ў сад, ён выразна ўспомніў яе тупы, бледны, азызлы ад гарэлкі твар. З бутэрбродамі ў руках хлопчыкі працягвалі ганяць мяч.

У таксі ён трымаў Лін на каленях, каб абараніць яе ад штуршкоў машыны, але яна ўсё крычала, і яе зноў званітавала проста на рудыя пацёртыя падушкі, а ён думаў, што трэба будзе сказаць урачам. Ён усё не мог успомніць англійскае слова, якое азначала запаленне адростка сляпой кішкі, але калі таксі спынілася перад бальніцай, ён, трымаючы Лін на руках, хутка ўзбег на ганак, піхнуў нагой дзверы ў прыёмны пакой і закрычаў:

— Апендыкс, апендыкс!

Яна страшэнна закрычала, калі ён хацеў апусціць яе на кушэтку; цяпер яна зусім скурчылася; здавалася, што ў такім становішчы ёй было не так балюча, і, хоць сілы пакідалі яго, ён працягваў трымаць яе на руках, прыхіліўся толькі да чырванаватага колеру калоны і спрабаваў зразумець, што яна шэпча перакрыўленымі вуснамі. Твар у яе пажаўцеў і пайшоў плямамі, у вачах яе ён бачыў жудасную пакуту, і шэпт яе здаўся яму трызненнем вар’яткі: «Едзь у Ірландыю, у Ір-лан-дыю»,— ён не зразумеў тады, што яна хоча гэтым сказаць, і стараўся зразумець, пра што яго пытае худая заклапочаная бальнічная сястра, якая стаіць з ім каля калоны. Ён тупа паўтараў толькі адно слова: «Апендыкс»,— і сястра кіўнула, калі пачула гэта слова. Лін давілася, але ванітаў ужо не было — толькі жоўтая, з цяжкім пахам слізь паказалася на яе вуснах, і, калі да іх падпіхнулі насілкі на колцах і ён паклаў яе, яна яшчэ раз абвіла яго шыю рукамі, пацалавала яго і зноў прашаптала: «Едзь у Ірландыю, мой дарагі, мой дарагі, мой дарагі»,— але ўрач, які падышоў, адпіхнуў яго, і насілкі ад’ехалі і зніклі за вярчальнымі шклянымі дзвярамі. У апошні раз ён пачуў крык Лін. Праз дваццаць пяць хвілін аперацыя закончылася, Лін была мёртвая, і ён не паспеў болып перамовіць з ёй ні слоўка. Уся брушная поласць была запоўнена гноем. Ён да гэтага часу не забыў маладога, шэрага твару ўрача, калі той выйшаў у прыёмны пакой і сказаў: «Вельмі спачуваю», і затым павольна і спакойна загаварыў з ім, і ён зразумеў, што ўжо тады, калі ён сядзеў з Лін у таксі, было занадта позна. Урач выглядаў вельмі стомленым і спытаў, ці не хацеў бы ён зноў убачыць сваю жонку.

Яму загадалі пачакаць, пакуль можна будзе прайсці да Лін, і ён стаяў каля акна і чакаў, але раптам успомніў пра шафёра, выйшаў і разлічыўся з ім. Шафёр паказаў на сляды ванітаў, забурчаў, не вымаючы цыгарэты з рота, і ён даў яму цэлы фунт звыш патрабаванага і быў рады, калі сярдзіты твар шафёра праясніўся. Ён вярнуўся ў прыёмны пакой. Шпалеры тут былі шэра-зялёныя, шэра-зялёнымі былі абабітыя крэслы, і стол быў пакрыты шэра-зялёным сукном. Гэта надарылася ў тыя дні, калі Чэмберлен вылецеў у Германію на перагаворы з Гітлерам. Пасля ў прыёмны пакой увайшла маладая жанчына ў паношаным паліто. Яна стала ля акна, і цыгарэта, якую яна трымала ў руцэ, пацямнела ад слёз, якія падалі на яе. Цыгарэта патухла, жанчына кінула яе на падлогу і, усхліпваючы, прыціснулася да аконнага шкла. Па вуліцы ішлі людзі і неслі плакаты «Светумір» і іншыя — «Пакажам Гітлеру, што мы яго не баімся», і маладая жанчына ў паношаным паліто зняла акуляры і працерла іх крысом. Ад яе паліто ішоў пах булёну і табакі, і яна няспынна мармытала: «Сыночак, сыночак мой, сыночак мой»,— але затым з’явіўся ўрач, і жанчына кінулася да яго, і па яе твары можна было зразумець, што ўсё скончылася добра. Жанчына выйшла з урачом, а яго павяла бальнічная сястра па доўгім, абкладзеным жоўтай кафляй калідоры. Пахла застылым авечым лоем і распушчаным маслам, каля дзвярэй стаялі вялізныя алюмініевыя чайнікі з гарачым чаем, прыгожанькая цёмнавалосая дзяўчына разносіла на падносе бутэрброды, каля акна стаяў хлопчык з гіпсавай павязкай на руцэ і крычаў некаму на вуліцу: «Пракляты сабака, я табе пакажу!» Сястра па дышла да хлопчыка, торгнула яго за здаровую руку і прыклала палец да вуснаў, і хлопчык паплёўся ўслед за дзяўчынай з бутэрбродамі.

У пакоі, куды прывяла яго сястра, былі шэрыя сцены без усялякіх упрыгожанняў і два высокія вузкія акны з сінім шклом. На левым акне была намалявана жоўтай фарбай альфа, на правым — амега.