Лін ляжала на насілках, залітая непрыемным сінім святлом. Сястра пакінула яго аднаго, і ён падышоў бліжэй і ўбачыў, што твар Лін стаў такім, як раней. Адно толькі падалося яму новым — выраз спакою, і было дзіўна бачыць спакойным яе тонкі малады твар. Магчыма, з-за асвятлення, але плямы на твары зніклі, і ён зноў набыў роўны колер, і стаў ранейшым яе перакрыўлены пакутай рот. Ён запаліў свечы, што стаялі ў медных падсвечніках за насілкамі, прачытаў «Ойча наш» і «Багародзіцы Дзево, радуйся». Няўцямна было для яго, што яны пражылі разам цэлы год. Здавалася, што ён зусім нядаўна пазнаёміўся з ёй. Што яна памерла, ён разумеў, але вось тое, што яна жыла на зямлі,— гэта яму здавалася сном, падрабязнасці, якія ўспаміналіся, нічога не маглі змяніць. Як быццам толькі суткі назад прыехаў ён у Лондан. Усё здарылася за адзін дзень: вянчанне ў адпрасаванай сукенцы, якая была ёй не да твару, раса францысканца, хакей і снеданне ў манашак, і луг у Сэрэі, і радасць валодання... затым крык: «Едзь у Ірландыю». Ірвота ў таксі, і ён тупа паўтарае: «Апендыкс, апендыкс...», і сіняватая капліца з жоўтай альфай і амегай, паветраныя шары, што Лін дарыла дзецям, і мыльныя бурбалкі, якія яна з акна свайго пакоя пускала ў вялікі шэры двор,— нянавісць да шафаў, спакойнае гарэнне дзвюх свечак... Так гараць яны толькі ў капліцах. Ён не адчуваў самоты, ён адчуваў толькі тупую, пакутлівую спагаду да Лін за мучэнні, якія яна перанесла, знікаючы з крыкам за дзвярыма аперацыйнай залы, а цяпер яна так спакойна ляжыць у гэтай капліцы. Свечы гарэлі, ён падышоў да дзвярэй, але раптам павярнуўся і заплакаў. Усё паплыло перад яго вачамі, стала змрочным і туманным: хісткія насілкі і спакойны твар Лін. У капліцы здавалася, што на вуліцы дождж, але, калі выйшаў з капліцы, ён убачыў, што свеціць сонца. Сястра некуды пайшла, і ён заблудзіўся ў бясконцых калідорах, трапіў у палату, зноў выскачыў, апынуўся каля ўвахода на кухню і толькі тады пазнаў калідор з жоўтай кафляй, і зноў прыгожанькая цёмнавалосая дзяўчына пранесла на падносе гару бутэрбродаў, і з расчыненых дзвярэй пачуўся нечы крык: «Гарчыцы!» — і ён успомніў пра льва, які намазваў гарчыцай барановую нагу.
Калі ён вярнуўся дадому, была гадзіна дня. Нехта памыў лесвіцу і прыбраў у пакоі. Ён так і не даведаўся ніколі, хто гэта зрабіў, і вельмі здзівіўся, бо яму заўсёды здавалася, быццам у доме яго не любяць: заўсёды ён быў заняты, таропка, мімаходзь вітаўся з суседзямі. А зараз і на лесвіцы і ў пакоі ўсё прыбрана.
Ён узяў з крэсла плакат з ільвом, хацеў яго парваць, але затым скруціў у трубку і кінуў у куток. Ён лёг на ложак і ўперыў вочы на маленькае распяцце, якое Лін павесіла над дзвярамі. Ён па-ранейшаму выдатна разумеў, што Лін памерла, але ніяк не мог паверыць, што цэлы год пражыў з ёй. Ад яе нічога не засталося, акрамя ложка, які быў завалены ўсялячынай, каструлькі з выкіпелым супам на спіртоўцы, шчарбатага кубка, у якім яна звычайна распускала мыла, каб пускаць бурбалкі, ды стосіКа неправераных сшыткаў з сачыненнямі пра цынкавыя руднікі ў Паўднёвай Англіі.
Пасля ён заснуў і прачнуўся толькі тады, калі ўвайшла маленькая настаўніца, якая працавала разам з Лін, і адразу адчуў боль у руках,— на іх так доўга ляжала Лін. Разам з Лін і маленькай настаўніцай яны часта ўвечары хадзілі ў кіно, звалі яе Блай Грозэр, яна была прыгожанькай бландзінкай, і Лін заўсёды спрабавала абярнуць яе ў каталіцтва.
Ён тупа ўтаропіўся ў Блай і адчуў боль у зведзеных мышцах рук. Пасля паспрабаваў растлумачыць Блай, што Лін памерла. Ён сам спалохаўся — так холадна і як нешта само сабой зразумелае вымавіў ён — «памерла», і толькі цяпер ён сам спасціг усё значэнне гэтага слова: Лін больш няма. Блай з вялікай цяжкасцю раздабыла білеты на вячэрні сеанс, каб паглядзець фільм, які тады ўсе імкнуліся паглядзець. Гэта быў фільм з удзелам Чарлі Чапліна, і ён сам, помніцца, назаляў Блай, каб яна здабыла білеты, таму што ў Германіі, пэўна, такога не ўбачыш. Блай прынесла і пірожныя для Лін, маленькія міндальныя пірожныя, пакрытыя яечным крэмам. У руках яна трымала зялёныя білеты, і, калі ён ёй сказаў, што Лін памерла, яна спачатку засмяялася. Яна смяялася таму, што не магла зразумець, з чаго ён раптам надумаў так па-дурному жартаваць, яна смяялася незвычайна — злосна і адрывіста. Потым яна зразумела, што гэта не жарт, і разгублена заплакала, і зялёныя білеты ўпалі на падлогу, і міндальныя пірожныя, пакрытыя жоўтым крэмам,— такія любіла Лін,— ляжалі паміж парасонам і чырвоным берэтам на ложку Лін сярод мноства іншых рэчаў.