Выбрать главу

Ён працягваў ляжаць, холадна гледзячы на Блай. Яна сядзела на табурэце і плакала, і, як толькі ўбачыў яе слёзы і пачуў яе рыданні, ён зноў усвядоміў, што здарылася: Лін памерла. Блай паднялася, прайшлася па пакоі, падняла з падлогі згорнуты плакат, што валяўся ў куце каля спіртоўкі, і, рыдаючы, паглядзела на задаволенага, ухмылістага льва, які намазваў гарчыцай «Хічх юмара» баранову нагу. Ён ведаў, што пасля возьме яе за плечы, паспрабуе супакоіць і будзе гаварыць пра справы — пра пахаванне, пра ўсемагчымыя дакументы, якія неабходна аформіць. I ўсё ж ён працягваў ляжаць і думаць пра Лін, пра хуткаплыннасць і прыгажосць яе жыцця, якое пакіне ў гэтым свеце ледзь прыкметны след. Хіба што ў вестыбюлі школы павесяць яе фотаздымак, і пасля на школьных сустрэчах дзяўчаткі, жанчыны, з кожным годам старэючыя жанчыны будуць гаварыць: «Гэта была наша настаўніца па гімнастыцы і прыродазнаўству», але аднойчы фатаграфію здымуць і павесяць на яе месца партрэт нейкага кардынала або папы — і тады на нейкі прадпісаны законам тэрмін застануцца толькі паметкі Лін у школьных сшытках, якія захоўваюцца ў архіве, ды грудок на вялікім могільніку. Блай супакоілася раней, чым ён устаў. Яна ўспомніла пра мноства ўсялякіх спраў і ўхапілася за магчымасць усё зрабіць самой і «збавіць яго ад гэтага»; паведаміць у школе, бацькам Лін і яе брату — інжынеру ў Манчэстэры.

Мокрая пляма на падлозе, там, дзе невядомая суседка прыбрала за Лін, паступова падсыхала, засталіся толькі сляды мыла на даўно не мытай падлозе, і калі праз месяц ён па просьбе Нэлы вяртаўся ў Германію, у пакоі ўсё яшчэ стаяў кубак без ручкі, у якім Лін распускала мыла, каб пускаць бурбалкі, у кубку заставалася белая клейкая сумесь, і пазней ён уцяміў, што ў газетным паведамленні і ў надмагільным надпісе на невялікім крыжы стаяла яе дзявочае прозвішча — міс Ганігэн і што манашкі на памінальным абедзе ўпарта называлі яго мужам міс Ганігэн.

Брат Лін узяўся дапамагчы яму знайсці работу ў Манчэстэры, бацькі Лін, з якімі ён быў у добрых адносінах, запрасілі яго пераехаць да іх у Ірландыю на ферму — «там заўсёды хопіць работы і ежы»,— усе былі цвёрда перакананы, што неўзабаве пачнецца вайна і што ў Германію яму лепш не вяртацца. Ён нікому не расказаў, як Лін шаптала яму: «Едзь у Ірландыю». Ён доўга вагаўся, а сам працягваў жыць у лонданскім пакоі і атрымаў нават добры ганарар за льва з гарчыцай, і след мыла так і застаўся на тым месцы, дзе нехта прыбраў за Лін. Ён яшчэ вагаўся, але лісты Нэлы рабіліся ўсё больш настойлівымі, і адным такім днём, калі ён жыў, нечага чакаючы, ён адаслаў вялікі карабок з малюнкамі ў Германію на адрас Рая. Ён зрабіў гэта неяк ўвечары, калі вярнуўся з могілак, дзе Доўга разважаў, ці павінен ён выканаць просьбу Лін. Ужо седзячы ў аўтобусе, ён цвёрда вырашыў паехаць у Германію, і калі ён вызваляў пакой і разбіраў ложак Лін, з-пад матраца выпалі дзве рэчы — пілка для пазногцяў і чырвоны бляшаны карабочак з цукеркамі ад кашлю.

Ён пачуў, што хлопчыкі ў двары з некім размаўляюць, і расчыніў акно. Генрых стаяў насупраць Больдзінага пакоя і крычаў:

— Добра, мы будзем больш асцярожнымі!

А Больда зверху адказвала:

— Я сама бачыла, як вы зламалі дзве кветачкі.

Альберт высунуўся з акна, задраў галаву і крыкнуў Больдзе:

— Яны больш не будуць.

Хлопчыкі засмяяліся. Больда таксама засмяялася і крыкнула:

— Ну ты ўжо... па табе дык хай яны хоць усё тут растопчуць.

Ён пакінуў акно расчыненым і пачаў парадкаваць малюнкі — мноства тонкіх лісцікаў — іх было некалькі соцень. Тут ён раптам падумаў, што трэба было б неяк напісаць бацькам Лін,— яны заўсёды дасылалі яму шынку, чай і табаку, а ён за ўвесь гэты час не сабраўся з духам, каб напісаць ім падрабязнае пісьмо, а толькі коратка дзякаваў ім ды дасылаў кнігі.

10

Было проста жахліва, калі бабуля брала яго з сабой у рэстаран. Праўда, яна рэдка выходзіла з дому, але менавіта таму яе добра ведалі ў некаторых рэстаранах, і, заўважыўшы яе, афіцыянты пачыналі неяк дзіўна ўсміхацца. Марцін ніколі не мог зразумець, кпіны гэта ці шчырая павага. Яна любіла цяжкую і багатую ежу, любіла тлустыя супы — рудыя, вязкія, адзін іх пах выклікаў у яго млосць, і потым яна заўсёды патрабавала паставіць маянэз на лёд, каб пасля гарачага тлушчу атрымаць асалоду ад ледзянога соусу. Яна заказвала вялізныя кавалкі смажаніны, абнюхвала іх, нажом і відэльцам правярала іх мяккасць і бесцырымонна адпраўляла іх назад, калі мяса не адпавядала яе смаку. Затым ішлі пяць розных салатаў, якія яна сама ўдасканальвала шляхам доўгіх маніпуляцый з прыправамі, якія ёй падавалі ў бутэлечках, у загадкавых срэбраных гарлачыках, у медных кропельніцах, і гэтакіх жа доўгіх перагавораў з афіцыянтамі пра ўласцівасці прыпраў. Паратункам была толькі талерка з гарой нарэзанага вялікімі лустамі хлеба, што ўзвышалася на сярэдзіне стала, але марна было яму чакаць тут бульбы — гэта адзінае, што ён бы з задавальненнем еў, акрамя хлеба. Бела-жоўтыя дымячыя бульбіны, з маслам і соллю, ён вельмі любіў, але бабуля пагарджала бульбай.