Бабуля піла віно і патрабавала, каб ён піў яблычны ліманад — напітак, які яна любіла ў дзяцінстве. Яна вельмі засмучалася, калі ён адмаўляўся піць ліманад: яна не магла зразумець, як можа яму не падабацца тое, што ёй у дзяцінстве здавалася такім смачным. Ён еў мала: салату, суп і хлеб, і яна, якая глытала ўсё, як удаў, глядзела на гэта, ківаючы галавой. Перад ядой яна заўзята жагналася: размахваючы рукою, як вятрак, яна біла сабе далонню па лбе, грудзях і жываце. Але не толькі гэта прыцягвала да яе агульную ўвагу, кідаўся ў вочы і яе ўбор: цяжкі чорны шоўк і палаючая, як агонь, чырвоная блузка, якая вельмі пасавала да яе квітнеючага твару. Афіцыянт, метрдатэль і буфетчыца лічылі яе рускай эмігранткай, але яна нарадзілася і правяла дзяцінства ў найвялікшай бядноце. Падчас добрага абеду яна любіла расказваць, як кепска ела яна ў дзяцінстве: уголас, так, што прыслухоўваліся людзі за суседнімі столікамі, бабуля расказвала пра прыкры салодкі смак параных буракоў, пра горыч падгарэлага супу са знятага малака, дакладна апісвала салату з крапівы, кіслы чорны хлеб, які яна ела ў дзяцінстве, і тут жа пераможна разломвала лусту белага хлеба.
На бульбу яна вылівала плойму праклёнаў, называла яе мучністай атрутай, прусацкім хлебам і рознымі незразумелымі зняважлівымі мянушкамі на дыялекце свайго дзяцінства. Затым яна брала кавалак белага хлеба, мачала яго ў соус, і ў яе яркіх сініх вачах загараўся дзікаваты агеньчык, які палохаў яго.
Ён пачынаў разумець, чаму баіцца яе, калі яна пачынае апісваць, як у іх дома білі трусоў. Ён яўна чуў трашчанне далікатных костачак, бачыў выкачаныя вочы і кроў; найдакладным чынам бабуля расказвала, што і як рабілі з вантробамі, з цёмна-чырвоным месівам з лёгкіх, печані, сэрца; расказвала і пра тое, як яе заўжды падманвалі галодныя старэйшыя браты і сёстры. I зараз яна трэслася ад злосці, калі ўспамінала свайго брата Маціаса, які пяцьдзесят гадоў назад заўсёды ўхітраўся забраць сабе трусінае сэрца; яна называла яго падлюкам і нягоднікам, хоць Маціас ужо больш за дваццаць гадоў спачываў на могілках у іхняй роднай вёсачцы. Марцін чуў адчайнае кудахтанне курэй, якія пачыналі насіцца па бедным дворыку, калі там з’яўляўся бабулін бацька з сякерай у руках. «Былі ў нас худыя птушкі, годныя толькі на суп»,— гаварыла бабуля. З сумам успамінала яна, як хадзіла па багатых дварах, калі там білі скаціну, выпрошвала міску крыві і цягнула дадому — тлустую, густую, у камяках. Калі яна даходзіла да гэтага месца, ён ведаў, што неўзабаве пададуць дэсерт і што яго абавязкова званітуе, таму што мясныя стравы яна завяршала барановай адбіўной, мяккай, з крывёй,— яна разразала яе, праглынала вялікія кавалкі, нахвальваючы далікатнасць мяса; а яму бачыліся забітыя і асвежаваныя дзеці, і, чакаючы асалоды ад марожанага, кавы і пірожных, ён усё ж цвёрда ведаў, што яго званітуе і што потым ён нічога не зможа есці. Усе пададзеныя на стол стравы мільгацелі перад вачамі — тлусты, вогненна-гарачы суп, салаты, кавалкі мяса і соусы падазрона чырвонага колеру; ён з агідай глядзеў на бабуліну талерку, дзе кроў перамешвалася з тлушчам, кроў з вочкамі тлушчу. На працягу ўсяго абеду каля яе ў попельніцы ляжала дымячая цыгарэта, і час ад часу яна зацягвалася і пераможна азірала залу.
Ён думаў пра тое, што Брылах і Берэндт гуляюць зараз у футбол у іхнем садзе, п’юць халодны, як лёд, ліманад, ядуць хлеб з павідлам, а пасля Альберт павязе іх некуды і пачастуе марожаным — магчыма, ка мосце або ўнізе, каля Рэйна, дзе можна проста з-за столікаў кідаць каменьчыкі ў ваду і назіраць, як рабочыя выцягваюць з ракі пакрытыя ржой карабельныя абломкі. А тут прыходзіцца сядзець сярод ненажэр і любавацца, як задаволеная бабуля мачае кавалкі хлеба ў крывавы тлушч.
Кожнага разу ён занадта доўга раздумваў, як бы паспець дабрацца да туалета, як яго занудзіць, але бабуля заўсёды садзілася каля самага ўвахода, і каб трапіць у туалет, трэба было прайсці міма пяці, шасці, сямі вялікіх сталоў. Ён нясмела пералічваў іх, руда-чырвоная дарожка, здавалася, праходзіла ўздоўж бясконцага рада ненажэрных людзей. Ён ненавідзеў іх, як ненавідзеў бабулю, іх разгарачаныя твары здаваліся каля белых сурвэтак яшчэ больш чырвонымі. Дымячыя судкі, храбусценне костак, дзіцячых костак, кроў з вочкамі тлушчу, халодныя, прагныя вочы худых ненажэр і гарачыя, налітыя крывёй, да брыдкасці лагодныя вочы тоўстых ненажэр; а афіцыянты ўсё падносілі і падносілі ад буфетнай стойкі забітых, скрамсаных дзяцей, і тыя, у каго на сталах яшчэ не было талерак, праводзілі афіцыянтаў прагнымі вачамі.