Калі яму даводзілася абедаць з бабуляй, ён пасля месяцамі не еў мяса; толькі хлеб, яйкі, сыр, малако, гародніну і выдатныя супы, якія Глум варыў унізе, на кухні. Глум гатаваў суп у запас на цэлы тыдзень. Гэта было варыва, у якім усё, што ён туды засыпаў, разварвалася ў кашу: гародніна і косці, рыба і яблыкі. Самым дзіўным было, што супы гэтыя атрымліваліся вельмі смачнымі. Глум гатаваў адразу пяць літраў супу, каб менш валэндацца з гатаваннем. Увогуле Глум харчаваўся хлебам, яйкамі і гуркамі, якія грыз, як яблыкі, а яшчэ ён прыносіў вялікія гарбузы і, пакурваючы люльку, гадзінамі стаяў над чыгунком, размешваў, каштаваў, нешта падбаўляў — цыбуліну або кубікі булёну, сухія траўкі, якія ён расціраў і прасейваў між пальцаў. Глум нюхаў, каштаваў, ухмыляўся затым здымаў чыгунок з агню і ставіў у халадзільнік! Цяпер можна было жыць без клопату. Ідучы на работу, ён наліваў поўны судок, завінчваў крышку, затым засоўваў у кішэню паўагурка, лусту хлеба, кавалак каўбасы і кнігу. Глум чытаў дзіўныя кнігі. На адной тоўстай кнізе было напісана: Дагматы, на другой — Багаслоўе і маральнасць. Чытаючы, ён падкрэсліваў алоўкам. Загалоўкі ў кніг былі зусім незразумелыя. Багаслоўе і маральнасць, мяркуючы па ўсім, маюць нейкія адносіны да слова распуста. Глум добра ведаў, што азначае распуста, але, па словах Глума, крывапіўцы ў рэстаране Фавінкеля дзяцей не паядаюць і ўвогуле нічога распуснага не робяць; хоць, магчыма, кніга Глума проста ўстарэла — у ёй нічога не гаворыцца пра гэтых крывапіўцаў.
Глум амаль не вымаў з рота люлькі, часам нават спаць лажыўся з люлькай; ён гатаваў суп, чытаў тоўстыя кнігі, раніцай ішоў на работу: ён працаваў на бабулінай фабрыцы.
Глум быў дзіваком, але добрым. Марцін любіў Глума, хоць часам бяззубы рот і лысая галава Глума палохалі яго. Але ж і лысая галава, і бяззубы рот мелі сваю гісторыю. Глум быў у канцэнтрацыйным лагеры. Сам ён пра гэта не ўспамінаў, але дзядзька Альберт расказваў што-кольвечы пра лагеры: смерць, забойствы, насілле і страх мільёнаў людзей — Глум бачыў усё гэта, таму ён і здаецца старэй сваіх гадоў. Марцін заўсёды думаў, што Глум старэйшы за бабулю, а на самай справе ён на пятнаццаць гадоў маладзейшы за яе.
Глум вельмі дзіўна гаварыў. Быццам цяжкія глыбы, выпіхваў ён словы з рота, а рот разяваў так шырока, што бачнымі былі голыя ружовыя дзясны, цёмна-чырвонае нёба і язык, якім ён вырабляў нейкія незвычайныя выкрунтасы: здавалася, што Глум вось-вось выпхне з рота нешта круглае і цяжкае, але з рота з’яўлялася проста слова: «Маці». Наступнае слова яшчэ больш круглае, большае, цяжэйшае зусім як маленькі гарбузік, яно спела яшчэ павольней, абкатвалася яшчэ цярплівей, але з рота зноў выходзіла проста словам — «Божая». Гэтае слова вырастала да страшэнных памераў у роце Глума, яно ўжо хутчэй нагадвала паветраны шар, а не маленькі гарбуз. Вочы Глума бліскалі, вузкі нос уздрыгваў, але з рота выкочваўся не паветраны шар і нават не гарбуз, а так нешта накшталт буйнога яблыка — «здорава». «Здорава» было любімым словам Глума, асабліва кругла і пяшчотна атрымліваўся ў яго сярэдні склад — «ра». Глум быў набожным і вельмі добрым, але слухаць яго расказы было цяжка: надта вялікія прамежкі аддзялялі адно слова ад другога,— пакуль ён вымавіць другое слова, паспяваеш забыць першае і губляеш сувязь паміж імі. Глум расказваў павольна, незвычайна ўрачыста і з вялікім цярпеннем. «Цярпенне» — таксама было адным з яго любімых слоў,— з найвялікшым цярпеннем расказваў Глум. I калі ўважліва слухаць яго, можна даведацца пра найцікавейшыя гісторыі.
У Глума на ўсю сцяну вісела карта свету, якую ён сам вычэрчваў і размалёўваў. Ён наклеіў некалькі аркушаў вельмі тоўстай паперы адзін на другі, на працягу некалькіх месяцаў разлічваў маштабы адносна памеру сцяны і пасля старанна, акуратна і цярпліва нанёс на карту граніцы, горы, рэкі, моры і азёры; ён саскрэбваў, асцярожна заштрыхоўваў і пасля доўгай падрыхтоўкі нарэшце пачаў размалёўваць зямную паверхню — перавёў шмат зелені на агромністыя нізіны, шмат рудога — на горы і сіняга — на моры.
Глум паспеў усялякае пабачыць ужо да таго, як пасяліўся ў іх доме, а здарылася гэта, мабыць, даўно, бо, колькі Марцін сябе помніў, Глум заўсёды жыў у іх. Нямала пабачыў Глум на шляху ад сваёй радзімы да берагоў Рэйна, але аднаго ён яшчэ не бачыў ніколі, не бачыў эцюдніка, і эцюднік, які ён убачыў у Альберта, прывёў яго ў большае захапленне, чым саборы і самалёты; Глум дакладна паўтараў усе рухі дзядзькі Альберта: змачыў пэндзлік у вадзе, і, калі папера зрабілася чырвонай, ярка-чырвонай, Глум засмяяўся ад радасці і ў той жа дзень набыў уласны эцюднік.