Выбрать главу

Звычайна павольна, вельмі акуратна і вельмі цярпліва маляваў Глум зямны шар, ён пачаў здалёку — з Сібіры, дзе ўсё было зялёным, там ён і пасадзіў на карту чорную кропку. «Там,— сказаў ён,— за пятнаццаць тысяч кіламетраў адсюль, я нарадзіўся». На тое, каб сказаць «пятнаццаць тысяч кіламетраў», яму патрэбна была амаль цэлая хвіліна: яблык, гарбуз, яблык, яблык, мячык, мячык, яблык, гарбуз; ён быццам пёк словы недзе там, на нёбе, і толькі затым выпускаў іх на волю, ды яшчэ каштаваў і прыхлопваў языком, надаваў ім неабходную форму і затым выпіхаў — склад за складам — беражліва і клапатліва.

Глум нарадзіўся за пятнаццаць тысяч кіламетраў адсюль, і імя яго, уласна, не Глум, а Глумбіх Халакустэбан, і нічога нельга было прыдумаць больш прыемнага, чым слухаць, як Глум выгаворвае сваё імя і тлумачыць яго значэнне. А азначала яно: сонца, пад якім спеюць ягады.

Разам з Генрыхам Брылахам яны, калі ім уздумаецца, падымаліся да Глума і прасілі яго вымавіць і растлумачыць сваё імя — гэта было вельмі цікава, як у кіно.

Шкада толькі, што заставалі Глума яны толькі зрэдку: Глум вельмі рана сыходзіў з дому, ён ішоў у царкву, затым на фабрыку і вяртаўся дадому позна ўвечары. Перад сном Больда заўсёды падрыхтоўвала яму на заўтрашнюю раніцу: каву, гуркі, хлеб і крывяную каўбасу. Але Глумава каўбаса не мела нічога агульнага з дзетазабойствам: яна хоць і была чырвоная, але смак у яе быў мучністы і далікатны, і, як тлумачыла Больда, яна і на самай справе гатавалася з мукі, маргарыну з прымессю бычынай крыві.

У нядзелю Глум спаў да паўдня. Потым еў — суп і гарбуз, а калі ў кафейніку заставалася яшчэ крыху кавы ад снедання, Глум падаграваў яе і забіраў сабе. Ён сядзеў да чатырох у сваім пакоі і чытаў незразумелыя тоўстыя кнігі; раз на месяц да яго прыходзіў старэнькі святар, што жыў у манастыры, ён прыходзіў у нядзелю і заставаўся ў Глума на ўвесь дзень. Яны гутарылі пра тое, што Глум вычытаў у сваіх кнігах. Пасля яны звычайна заходзілі да маці піць каву — Глум і святар, дзядзька Альберт і Марцін; і часта спрачаліся — маці са святаром або дзядзька Альберт са святаром, а Глум заўсёды падтакваў святару і ў канцы гаварыў, цярпліва качаючы словы ў роце: «Пойдзем, айцец, вып’ем па адной, бо тут сабраліся адны дурні». Тут усе пачыналі смяяцца, а Глум і сапраўды ішоў выпіць са святаром.

У нядзелю — з чатырох да паловы сёмай — I лум корпаўся са сваёй картай, і ў гэты час Марцін мог наведваць яго. За пяць гадоў Глум не зрабіў нават і чвэрці карты, ён старанна пераносіў адценне за адценнем з геаграфічнага атласа дзядзькі Альберта; калі ён корпаўся з Паўночным Ледавітым акіянам, яму даводзілася стаяць на лесках, пасля лескі паставілі ў падвал і прынеслі назад толькі тады, калі Глум прасунуўся ўлева настолькі, што дабраўся да Шпіцбергена, Грэнландыі і Паўночнага полюса.

Дзядзька Альберт, які разумее ў гэтай справе, гаварыў, што Глум выдатна малюе. I сапраўды, Глум маляваў проста пэндзлікам звяроў, дамы, людзей, дрэвы, і, калі ён быў у добрым настроі, на паперы з'яўляліся чырвоныя каровы, жоўты конь, а на кані — тоўсты чорны чалавек. «Мой бацька меў чырвоных кароў, зусім чырвоных, можаш смяяцца, колькі хочаш, але яны былі чырвоныя, як спелыя памідоры, І яшчэ бацька меў жоўтага каня, а барада ў бацькі была чорная, і валасы таксама чорныя, але вочы блакітныя, зусім блакітныя, як Паўночны Ледавіты акіян на гэтай карце. Я пасвіў гэтых кароў на лясных палянах, трава там расла чэзлая, часам мне даводзілася ганяць статак праз лес да самай ракі, дзе трава была больш сакавітая і густая. Рака называлася Шахцішэхна-Шахціхо, і гэта азначала: вада, якая дае нам рыбу, лёд і золата».

Плынь гукаў з рота Глума выяўляла раку — шырокую, бурную, хуткаплынную і халодную, рака цякла з высокіх гор, за якімі ляжыць Індыя.

«Мой бацька быў важаком племя, пасля ён пачаў называць сябе камісарам, але ён усё роўна заставаўся важаком, нават калі называў сябе камісарам, і кожны год, увесну, калі Шахцішэхна-Шахціхо вызвалялася ад ільдоў, калі ў лесе зацвіталі ягаднікі і зелянела трава, бацька, нават пасля таго як зрабіўся камісарам, рабіў тое, што рабілі да яго з векапомных часоў усе важакі плямёнаў: ён кідаў жэрабя, і аднаго з вясковых хлапчукоў, на каго выпадала жэрабя, кідалі ў раку, каб рака не затапіла пасяленне і прынесла многа-многа золата. Гэта здзяйснялася ўпотай, і людзі, што прызначылі бацьку камісарам, не павінны былі ведаць пра тое, і ніхто нічога не расказваў, і ніхто з тых людзей нічога не заўважаў, таму што ніхто не падлічваў хлопчыкаў, іх было шмат у пасяленні».