— Ох, Больда, ты псуеш мне нервы.
Глума прывёў дзядзька Альберт, ён падабраў гэтае бяззубае і безвалосае страшыдла, якое прасіла работы каля брамы мармеладнай фабрыкі, а вартаўнік адпіхваў яго. Дзядзька Альберт прывёў Глума з сабой, а бабуля добра аднеслася да яго, і гэта было вялікім плюсам для бабулі, яна і да Больды, нягледзячы на іх лаянкі, адносілася добра.
Да Больды можна было прымяняць тое ж загадкавае слова, якое маці так часта ўжывала, гаворачы сама пра сябе: «Сурочаная». Больда была адных гадоў з бабуляй, і кожнага разу, калі яна пачынала расказваць пра сябе, выходзіла так, што жыццё ў яе вечна-мянялася. Спачатку яна была манашкай, затым выйшла замуж, муж яе памёр, яна зноў выйшла замуж, і калі бабуля сварылася з Больдай, яна называла яе «беглая манашка» і «двойчы ўдава», а Больда хіхікала. Больда, зразумела, была «сурочаная», але добрая, а Глум нейкі дзіўны, нават страшны, але таксама добры. Калі Больда пачынала расказваць пра сваё жыццё, у яе ўсё збівалася ў адну кучу: манастыр, замужжа, удоўства, спачатку першае, затым другое. Яна магла пачаць так: «Калі я жыла ў манастыры», праз два сказы яна раптам гаварыла: «Калі я мела лаўку ў Кобленцы, электратавары, разумееш? Ну, прасы там усялякія, пліткі», затым зноў пераскоквала на манастыр і распісвала свой пасаг. «Калі я аўдавела першы раз»,— і зноў нечаканы пераход: «Харошы быў чалавек».
— Хто?
— Ды вось, другі мой, ён, на шчасце, не займаўся гандлем, ён быў чыноўнікам. Служыў у паліцыі маралі.
— У якой паліцыі?
— Гэтага табе не зразумець. Ад іх я, дзякуй Богу, і пенсію атрымліваю.
Няўцямныя намёкі пра функцыі паліцыі маралі наводзілі Марціна на падазрэнне, што яна мае нейкія адносіны да распуснага і бессаромнага,— і ад гэтай паліцыі Больда і мае пенсію. У расказах Больды фігуравалі кусты, якія, мяркуючы па ўсім, абшарваў яе муж. I Марцін успомніў, чым займаліся ў кустах Грэбхакэ і Вольтэрс,— яны займаліся бессаромным: барвовыя твары, расшпіленыя штаны, гаркавы пах свежай зелені.
— Свінства ўсё гэта,— прыгаворвала Больда, заходзячы да Глума, калі Марцін сядзеў у яго, а Глум, слухаючы яе байкі, толькі галавой хітаў, ды так ціха і цярпліва, што Больда проста з сябе выходзіла і крычала яму: — Што ты разумееш у культуры, стары ты...
Яна дарэмна шукала падыходзячае слова і нічога іншага не знаходзіла, як «стары турак». Глум заліваўся смехам, і быццам сотні нажоў рассякалі паветра. Толькі навошта было тады хадзіць да Глума, калі яна так злуе на яго? А хадзіла яна часта, размаўляла пра снеданне, хоць, здавалася, пра што тут гаварыць,— усе заўсёды мелі аднолькавы сняданак, праўда, канешне, кожны меў свой, і не такі, як у астатніх, але кожны з дня ў дзень атрымліваў адно і тое ж. Маці піла натуральную каву, такую ж моцную, якую піў і дзядзька Альберт; для іх з Глумам варылі сурагат, а Больда піла гарачае малако з мёдам. Кожны атрымліваў кубак кавы, накрыты каўпачком, нарэзаны хлеб, масла, каўбасу або мармелад на талерачцы — падрыхтоўваць усё гэта было абавязкам Больды. Але кожны, калі б ён ні ўставаў, павінен быў сам прыносіць сабе сняданак з кухні.