Вось ужо новы герой ідзе па алеі, у руках тэнісная ракетка, ён расчэсвае валасы ў цяні царквы, аглядвае пазногці, вымае грошы з кашалька і нядбайна кладзе іх у кішэню — ці прывід гэта крочыць на дыване з чырвонага лісця, ці гэта проста кінастужка? Бываюць фільмы, якія здаюцца ёй жыццём, яна сама асудзіла сябе на гэтае жыццё, заплаціўшы адну марку восемдзесят пфенігаў за білет, а жыццё здаецца ёй кепскім фільмам. Вельмі падобна: цёмныя валасы мільгаюць перад вачыма, празрыстая шэрая пялёнка старой кінастужкі,— вось юны герой з тэніснай ракеткай, мільгануў у цяні царквы, выходзіць на вуліцу, ён спяшаецца да нейкай маладой дзяўчыны тут па суседстве.
Не паварочваючыся, яна пытае:
— Хіба ў гэты час ужо адчынены тэнісныя корты?
— Канешне, мама,— адказвае Марцін,— некаторыя дык адчыняюцца нават раней.
Між іншым і тады было ўсё гэтак жа сама, але гэта ёй было без патрэбы: яна любіла позна ўставаць і не вельмі захаплялася тэнісам. Але ёй падабалася пасыпаная чырвоным пяском пляцоўка і зялёныя, ярка-зялёныя бутэлькі з ліманадам на белых століках. Рэзкі пах паветра, саланаваты пах туману, што падымаўся над Рэйнам, часам да гэтага паху прымешвалася горыч, калі міма праходзіла свежапрасмаленая баржа і вымпелы параходаў павольна праплывалі над купамі дрэў, быццам нябачная рука, схаваная за кулісамі, прыводзіла іх у рух. Клубы вугальна-чорнага дыму, працяжныя гудкі, гук падкінутых мячоў і мяккі стук імгненнага ўдару ракетак, звонкія, адрывістыя воклічы партнёраў.
Юны герой прамчаўся міма дома. Яна нават пазнала яго: такая жаўтавая скура толькі ў сямейства Надольтэ, жаўтавая скура і светлыя валасы, незвычайнае размеркаванне пігменту, якое ўжо Вільфрыду Надольтэ, бацьку гэтага героя, надавала асаблівую пікантнасць, ад яго яна перайшла да сына. Магчыма, і ў сына на твары выступае гэтакі ж пот з вострым пахам і гэтак жа адлівае зялёным на жоўтай скуры, ад чаго ўсе ўспацелыя Надольтэ нагадваюць абпырсканыя купарвасам трупы. Ягоны бацька — лётчык — быў збіты недзе над Атлантычным акіянам, і ніколі не будзе знойдзены яго труп. Але нават і гэтая паэтычная смерць — смерць Ікара, пераможанага каварным ворагам, як выказаўся тады патэр, нават гэтая паэтычная смерць не перашкодзіла ягонаму сыну зрабіцца ўдзельнікам дрэннага кінафільма, статыстам, які ўсё прымае ўсур’ёз; праўда, ён няблага спраўляўся са сваёй роляй: ён быў менавіта такім, як і ўсе тэнісісты ў кепскіх фільмах.
Яна патушыла цыгарэту ў вузкім мармуровым жалабку на падаконніку, дзе яшчэ заставаліся сляды начнога дажджу, і вызваленую правую руку прадзела ў вялікую пятлю з залатой парчы; гэтая пятля, як і ўся штора, перажыла вайну. У дзяцінстве яна марыла хутчэй падрасці, каб, стоячы каля акна, прасоўваць правую руку ў гэтую пятлю. Яна даўно падрасла, і ўжо дваццаць гадоў яна лёгка дастае рукой да пятлі.
Яна чуе за спінай валтузню Марціна: ён здымае накрыўку з кафейніка, намазвае хлеб, стукае лыжкай па краі банкі з павідлам; яна чуе, як храбусцяць грэнкі ў яго на зубах, і трэск, калі ён па звычцы пераварочвае ў кілішку выедзенае яйка і разбівае шкарлупінне, і візглявае гудзенне электрычнай жароўні для грэнак. Калі яна прачыналася раней звычайнага, каб папіць з хлопчыкам кавы, яе сустракаў у сталовай пах крыху падгарэлага хлеба і плёскат вады, які даносіўся сюды з ваннай, дзе мыўся Альберт. Але сёння плёскату не было чуваць, Альберт, мабыць, яшчэ не мыўся.
— Альберт яшчэ не ўстаў?
— Устаў,— адказаў хлопчык.— Хіба ты не чуеш?
Але яна нічога не чула. Тры дні запар яна ўстае ранічкай, у яе ўжо з’явілася адчуванне нейкага пастаянства, упарадкаванасці: грэнкі, яйка, кава, шчаслівы твар хлопчыка, калі ён назірае, як яна накрывае на стол, як разлівае каву, калі снедае з ім. Па вуліцы вяртаецца малады Надольтэ, ён з дзяўчынай. Дзяўчына прыгожанькая і вельмі маладая, яна паказвае асляпляльна белыя зубкі, яе вабны кірпаты носік з надзеяй удыхае мяккі паўднёвы вецер. Яна робіць усё, што патрабуе ад яе рэжысёр: усмешка — і яна ўсміхаецца, хітанне галавой — і яна хітае, добра трэніраваная статыстка, якая хутка стане зоркай, яна таксама зведае, чым пахне незвычайны надольтаўскі нот, які, калі ты ў зялёных кустах цалуешся з кімсьці з Надольтэ, надае яго твару падабенства з завялымі лістамі салаты.
Толькі тут Нэла пачула плёскат з ваннай і зразумела, што гэта мыецца Альберт. Ужо на працягу дваццаці гадоў яна ведае яго, і ён, мабыць, уяўляе сабе, што вывучыў яе, а між тым за дваццаць доўгіх год ён так і не змог зразумець, як хвалююць яе мужчынскія туалетныя прыналежнасці і як пакутна для яе тое, што ў іх агульны ванны пакой.