Выбрать главу

Нянавісць ахапіла Нэлу, і яна з жахам адчула, што пачынае разважаць зусім як Альберт: раскінутае сіло, гатовае паглынуць яе.

Пакуль Рай быў яшчэ жывы, яна настойліва і прагна чакала чарговай пошты, як драпежнік у клетцы чакае мяса: трымаючыся правай рукой за парчовую пельку і схаваўшыся за зялёнай шторай, яна насцярожана сачыла за з’яўленнем паштальёна. Калі ён паказваўся з-за вугла дома святара, наступны ягоны крок вызначаў увесь яе дзень: калі ён пад прамым вуглом перасякаў вуліцу насупраць яе дома, яна ведала, што ён нешта мае і для яе, калі ж ён зварочваў на нябачную дыяганаль, што вядзе да суседняга дома,— тады ў гэты дзень не было ўжо на што спадзявацца. Тады яна ўпівалася пазногцямі ў цяжкую зялёную тканіну, выдзірала з яе ніткі і не адыходзіла ад акна з вар'яцкім спадзяваннем, што паштальён, магчыма, памыліўся і вернецца яшчэ назад. Але паштальён ніколі не памыляўся і ніводнага разу не вярнуўся назад пасля таго, як прайшоў па дыяганалі міма яе дома. Дзікія думкі авалодвалі ёю, калі яна бачыла, што ён канчаткова прамінуў яе дом: ці не ўтойвае ён пісьмы, ці не ўдзельнічае ён у змове супраць яе і супраць Рая? Садыст у сіняй форме з вышытым на ёй залатым паштовым ражком. Нягоднік пад маскай сціплага абывацеля. Але паштальён не быў ні садыстам, ні нягоднікам; ён быў вельмі добрапрыстойны і шчыра адданы ёй. Яна адчувала гэта, калі ён прыносіў ёй пісьмы.

Вось ужо шмат гадоў яна не бачыць паштальёна, не ведае, як ён выглядае, не ведае, калі ён разносіць пошту. Нечая рука кідала ў скрынку рэкламныя праспекты і пісьмы, нехта выцягваў гэтыя праспекты і пісьмы са скрынкі: усялякія фірмы прапаноўвалі бюстгальтары, рыслінг і какаву. Усё гэта яе не займала. Вось ужо дзесяць гадоў, як яна не чытае ніякіх пісьмаў, нават ёй адрасаваных. На гэта скардзіліся часам і багемныя юнакі — сцярвятнікі ад культуры, што вышукваюць сімвалы ў кішках падлы,— яны неаднойчы скардзіліся на гэта патэру Віліброрду, але ўсё роўна яна не чытала пісем. Адзіны сябра, які застаўся ў яе, жыве ў суседнім пакоі, а калі ён ад’язджае на некалькі дзён, да яе паслуг — тэлефон. Толькі не чытанне пісьмаў. Ад Рая прыходзілі пісьмы ўжо пасля таго, як ён загінуў і калі яна ўжо ведала, што ён загінуў. О, надзейная пошта, спраўны, хвалёны апарат, пошта была ні ў чым не вінаватая, яна дастаўляла адказы на пытанні, якіх ужо ніхто не задаваў.

Толькі не чытанне пісьмаў. Паклоннікі могуць і патэлефанаваць, а калі яны дасылаюць пісьмы, няхай не разлічваюць на адказ. Усе пісьмы нераспячатанымі ляцелі ў сметніцу, а затым іх у дакладна вызначаны тэрмін вывозіў смяцяр. Апошні ліст яна прачытала адзінаццаць гадоў назад, яго напісаў Альберт, ён быў вельмі кароткі: Рай загінуў. Яго забілі ўчора. Ён загінуў з-за аднаго нягодніка. Запомні імя вінаватага: яго завуць Гезелер. Пасля напішу больш падрабязна.