Яна запомніла імя Гезелера, але і пісьмы ад Альберта перастала распячатваць. Таму яна і не даведалася, што ён паўгода прасядзеў у турме: дарагая плата за аплявуху па прыгожанькай, нічым не адметнай фізіяноміі. I афіцыйнага паведамлення пра смерць яна не захацела чытаць. Яго прынёс святар, але яна адмовілася прыняць святара, які ўзносіў раскацістым басам урачыстыя малітвы за айчыну, які ўсяляў у душы патрыятычны ўздым, які вымольваў перамогу,— яна не хацела бачыць яго. Ён стаяў з яе маці за дзвярыма і прасіў:
— О Нэла, дарагая Нэла, адчыніце!
I да яе даносіўся шэпт:
— Спадзяюся, бедная дзяўчынка нічога над сабой не ўчыніць.
Не, яна нічога не збіралася над сабой учыняць. Хіба ён не ведае, што яна цяжарная?
Ёй непрыемна было слухаць яго: фальшывы пафас, завучанае семінарскае красамоўе — у асобных мясцінах яно патрабавала асаблівых інтанацый. Хваля фальшывых пачуццяў, няўлоўная хлусня, эфектныя раскаты і, як фінал, падобнае на ўдар грому слова «пекла». Навошта гэты крык, гэтае галашэнне? Ілжывы пафас, якім семінарскі настаўнік рыторыкі нашпігаваў два пакаленні патэраў, лунаў над сотнямі тысяч людзей.
«Адчыніце, дарагая Нэла».
Навошта? Ты мне патрэбны толькі таму, што мне патрэбны Бог, а я яму, і калі ты мне спатрэбішся, я сама прыйду да цябе; грымі сваім раскацістым «р» у словах «Германія» і «фюрэр», пазвоньвай сваім «н» у слове «народ» і прыслухайся да ўбогага рэха, народжанага тваім ілжывым пафасам пад скляпеннямі капэлы — «...юрэр», «...арод», «...ерманія...».
«Будзем спадзявацца, што яна нічога над сабой не ўчыніць».
Так, я нічога не ўчыню, але дзвярэй не адчыню: мільёны ўдоў, мільёны сірот — за фюрэра, за народ, за Германію.
О бязгрэшнае рэха, ты не вернеш мне Рая!
Яна чула, як патэр пакрыўджана сапе ў пярэдняй, чула, як ён шэпчацца з маці, і на нейкае імгненне ёй зрабілася шкада яго, пакуль зноў у вушах не зазвінела патэтычнае рэха.
Зноў Гезелер, зноў замкнулася кола? Дзесяць гадоў назад — ліст Альберта, зараз — прыветная ўсмешка патэра Віліброрда: «Дазволь прадставіць табе пана Гезелера». Затым запрашэнне ў Брэрніх чамадан складзены і стаіць каля кніжнай шафы.
Вуліца перад домам была пустая. Было зусім яшчэ рана, малочнік яшчэ не дайшоў да іх, зрэбныя мяшэчкі з хлебам яшчэ віселі на дзвярных ручках, а ў доме чуўся смех: Альберт правяраў, як хлопчык падрыхтаваў урокі: Калі не даруеш нам, Гасподзь,грахі,..— зноў смех. Ішоў фільм, у якім яна не жадала іграць, фільм пад назвай «Сямейнае шчасце». Усміхаецца дзіця, усміхаецца будучы бацька, усміхаецца маці; раўнавага, шчасце, будучыня. Усё здавалася ёй вельмі знаёмым, наўздзіў блізкім і знаёмым: усмешлівае дзіця, усмешлівая маці і Альберт, які ўсміхаецца ў ролі бацькі? Не, не, яна закурыла цыгарэту і, трымаючы яе ў руцэ, глядзела на блакітнаватыя клубы дыму, якія павольна паднімаліся. Жонка Альберта, здаецца, любіла паветраныя шары больш за мэблю, часовае большае за пастаяннае, і аддавала перавагу мыльным бурбалкам перад запасам пасцельнай бялізны. «О, халаднаватае палатно ў шафе гаспадыні». Усмешлівы бацька, усмешлівы сын, але яна не жадае разыгрываць усмешлівую маці дзеля поўнай пафасу хлусні, якая разносіцца з капэлы, як рэха.
Марудна датлявала цыгарэта ў яе руцэ, светлы, сіні дым ткаў прывідныя ўзоры, а за сцяной гучаў голас хлопчыка, што адказваў Альберту ўрок: З прадоння звяртаюся да цябе, о Гасподзь...
Колькі гадоў пакутуе яна ад думкі пра тое, як усё гэта магло б скласціся: шмат дзяцей, дом, а для Рая справа, пра якую ён марыў — мара пра шчасце, якую ён пеставаў з юначых гадоў, мара, якую пранёс праз сталыя гады, праз гады нацызму і вайну, мара, пра якую ён пісаў у сваіх пісьмах: мара выдаваць часопіс, мара ўсіх мужчын, якія маюць хоць нейкае дачыненне да літаратуры.
Яна ведае не менш за дваццаць чалавек, якія носяцца з намерамі выдання часопіса. Нават Альберт і той ужо некалькі гадоў вядзе перамовы з уладальнікам друкарні, якога ён кансультуе па пытаннях афармлення; нават Альберт хоча заснаваць сатырычны часопіс.
Нягледзячы на скепсіс, лёгкі скепсіс, з якім яна ў глыбіні душы адносілася да гэтага праекта, ёй прыносіла задавальненне ўяўляць сабе, як яна з Раймундам сядзіць у адным пакоі, дзе размяшчаецца і рэдакцыя: на сталах грувасцяцца кнігі, вакол раскіданыя гранкі, вядуцца бясконцыя тэлефонныя размовы пра ўсялякія навіны, і да ўсяго радаснае разуменне, што нацыстаў больш няма і вайна скончана. Яна магла глядзець гэты фільм, пакуль ішла вайна. I яна бачыла гэтае жыццё, выразна бачыла; яна ўдыхала гаркавы пах свежай друкарскай фарбы, якая адціснулася на тоўстай паперы, яна бачыла, як сама яна коціць у пакой чайны столік і п'е з наведвальнікамі каву, як частуе іх цыгарэтамі з вялікіх светла-блакітных бляшаных карабкоў, а дзеці тым часам шумна бегаюць па садзе. Малюнак з часопіса «Культура побыту»: дзеці скачуць вакол шланга, на вокнах апушчаныя жалюзі, на стале раскіданыя страшэнна скрэсленыя почыркам Рая гранкі, аловак мяккі, вельмі тлусты. Ажылы малюнак з часопіса «Культура побыту»: на кватэры ў пісьменніка спакойнае зялёнае святло, ва ўсім адчуванне шчасця, нехта звоніць — голас Альберта, ён пытае: «Ты чытаў новую рэч Хемінгуэя?» — «Не, не, артыкул ужо замоўлены». Смех. Рай такі шчаслівы, як ён бываў шчаслівы толькі да 1933 года. Да драбнейшых дэталяў паўставаў гэты малюнак у яе ўяўленні — яна бачыла Рая, свае ўборы, карціны на сценах, бачыла сябе схіліўшыся над вялікімі, з густам падабранымі вазамі, яна лушчыць апельсін, яна накладвае горкай арэхі, яна прыдумвае напоі, якімі будзе частаваць у летнюю спякоту: дзіўна прыгожыя сокі, чырвоныя, зялёныя, блакітныя, у бакалах плаваюць ільдзінкі, і пераліваюцца пярлінкі вуглекіслаты; Рай пырскае ў твар разгарачаным дзецям, што прыбеглі з саду, газіраванай вадой, і голас Альберта ў тэлефоннай трубцы: «Я вам кажу, што малады Базулькэ — гэта талент». Фільм, адзняты да канца, які, аднак, так і не ўбачыў экрана. Нікчэмная няздара абарвала стужку.