— Хто застанецца праведным? — спытаў хлопчык за сцяной, а Альберт пастукаў кулаком у сцяну і крыкнуў:
— Цябе да тэлефона, Нэла.
Яна адазвалася:
— Дзякуй, іду,— і павольна пайшла да тэлефона. Альберт таксама ўдзельнічаў у яе марах: ён незаменны сябра, для яго яна з асаблівай дбайнасцю ўзбівае самыя вытанчаныя кактэйлі. Ён застаецца ў іх, калі іншыя госці ўжо даўно разышліся. Але цяпер, бачачы, як ён сядзіць на ложку з недаедзеным бутэрбродам у руцэ, яна спалохалася: Альберт пастарэў, выглядаў вельмі стомленым, валасы ў яго парадзелі, і цяпер ён рашуча не падыходзіў для ўдзелу ў яе раскошным фільме.
Яна паглядзела на Альберта, прывіталася з ім і зразумела па ягоным твары, што Гезелер не назваў сябе. Марцін з кнігай у руках стаяў каля ложка Альберта і чытаў: Паслухай, Гасподзь!
— Калі ласка, памаўчы крыху,— сказала яна.
Пасля зняла трубку.
— Алё!
Глухі голас з фільма, у якім ёй зусім не хацелася іграць, прагучаў зусім блізка і вярнуў яе да таго, што яна ненавідзела: да рэчаіснасці, да сучаснасці.
— Гэта вы, Нэла?
— Так.
— З вамі гаворыць Гезелер.
— Спадзяюся, што вы...
— Не, не, я не назваў імя. Я пазваніў проста дзеля таго, каб пераканацца, ці памятаеце вы пра нашу дамоўленасць.
— Канешне,— сказала яна.
— Пакой замоўлены, і патэр Віліброрд вельмі рады, што вы будзеце. Атрымаецца выдатна.
— Канешне, я прыеду,— раздражнёна адказала яна, але раздражненне яе было выклікана тым, што пад рукой не аказалася цыгарэты,— якое глупства размаўляць па тэлефоне без цыгарэты.
Гезелер замоўк, нейкую долю секунды маўчалі абое, пасля ён нясмела сказаў:
— Добра, значыцца, я чакаю вас, як мы і дамовіліся, каля Крэдытнага банка.— I яшчэ больш нясмела дадаў: — Я вельмі рады, Нэла. Да хуткай сустрэчы.
— Да сустрэчы,— адказала яна і паклала трубку.
Затым уважліва паглядзела на чорны апарат і, гледзячы на яго, успомніла, што ва ўсіх фільмах жанчыны пасля вырашальных размоў уважліва глядзяць на апарат — вось як яна зараз. Так дзейнічаюць жанчыны ў фільмах, калі дамаўляюцца з палюбоўнікам у прысутнасці мужа; пасля гэтыя жанчыны з сумам глядзяць на мужа, на дзяцей, абводзяць позіркам пакой, усведамляючы, «ад чаго яны адмаўляюцца», але адначасова адчуваючы, што «не маюць сілы супраціўляцца поклічу кахання».
Яна з цяжкасцю адвяла вочы ад тэлефона, уздыхнула і павярнулася да Альберта.
— Я хацела б пагутарыць з табой, калі Марцін пойдзе. Ты нікуды не збіраешся?
У голасе мамы пяшчота, мілы мамін голасі Марцін зірнуў на будзільнік, што стаяў у Альберта на тумбачцы, і закрычаў:
— Божа, я спазняюся!
— Ідзі,— сказала яна,— паспяшай.
Так было кожны раз: да самай апошняй хвіліны яны забываліся пра час, затым паспешна складвалі ранец і наразалі бутэрброды.
Яны дапамаглі Марціну ўпіхнуць падручнікі ў ранец. Альберт ускочыў, намазаў бутэрброд, яна пацалавала сына ў лоб і спытала:
— Можа, табе даць запіску, хутка дзевяць, ты ўсё роўна спознішся.
— Не трэба,— рашуча адмовіўся Марцін.— Гэта ні да чаго. Настаўнік ужо даўно перастаў чытаць твае запіскі. Калі мне ўдаецца прыйсці своечасова, увесь клас памірае са смеху.