Выбрать главу

— Мы ж сёння вечарам ад’язджаем у Бітэнхан. Ну добра, ідзі. Заўтра ў цябе вольны дзень.

Альберт стаяў з вінаватым выглядам каля свайго ложка.

— Мне вельмі шкада, Марцін.

Нэла пазвала хлопчыка, калі ён пайшоў да дзвярэй, зноў яго пацалавала і сказала:

— Мне трэба паехаць, але Альберт за табой прыгледзіць.

— А калі ты вернешся?

— Дай яму нарэшце пайсці,— сказаў Альберт,— вельмі непрыемна, што яму ўвесь час даводзіцца спазняцца.

— Гэта не мае значэння,— сказаў Марцін,— я ўжо ўсё роўна спазніўся.

— Не ведаю,— адказала Нэла,— магчыма, што прыйдзецца затрымацца на некалькі дзён, а можа, я вярнуся нават заўтра ўвечары.

— Ну добра,— прамовіў хлопчык, і на ягоным твары яна не заўважыла шкадавання.

Яна ўсунула яму ў кішэню апельсін, і ён павольна выйшаў.

Дзверы ў пакой Альберта так і засталіся адчыненымі. Яна памарудзіла, затым усё ж зачыніла дзверы і вярнулася да сябе. Цыгарэта на мармуровым падаконніку яшчэ тлела, вялікія сіняватыя колцы паднімаліся ад яе. Яна патушыла цыгарэту, кінула яе ў попельніцу і ўбачыла, што на падаконніку стала яшчэ больш жоўтых плямаў. Хлопчык павольна, вельмі павольна перасек вуліцу і схаваўся за домам пастара. Вуліца зрабілася шматлюднай, малочнік гутарыў з рассыльным, худы мужчына з цяжкасцю піхаў цялежку і меланхалічна нараспеў прапаноўваў качанную салату — яркую, як ліманадныя бутэлькі ў кафэ на тэнісным корце, сакавітую зеляніну. Затым малочнік і зяленіўшчык зніклі з вачэй. На вуліцы з’явіліся жанчыны з сумкамі для прадуктаў, нейкі вандроўны гандляр узышоў на тую ўяўную лінію, па якой гадамі хадзіў паштальён, калі нёс ёй пісьмо; у вандроўнага гандляра набіты чамадан, перацягнуты вяроўкай, і безнадзейна паніклая галава. Ён адчыніў брамку, а яна глядзела на яго, як глядзяць на кінаэкран, і, калі пачуўся самы сапраўдны званок, яна спалохалася. Хіба гэта не проста цёмная эпізадычная фігура, уведзеная ў сонечны фільм,— сон пра рэдакцыю, часопіс, гранкі і крушон з лёдам. Ён пазваніў ціха і нерашуча, і яна счакала, ці не адчыніць Альберт, але Альберт не крануўся з месца, тады яна выйшла ў пярэднюю і адчыніла дзверы. Чамадан быў ужо адкрыты, і ў ім — акуратна раскладзеныя кардонкі з падвязкамі, гузікамі, падшытымі да паперы, і бландзінка з ласкавай усмешкай, такая, як у Альберта на флаконе з лавандай, свежая, прыветлівая куртызанка ў сукенцы стылю ракако ўзмахвала хустачкай услед ад’язджаючай паштовай карэце. Шаўковая хустачка, і на заднім плане дрэвы, дакладна з карціны Фраганара. Размытыя контуры малюнка адмыслова ствараюць уражанне суму, а ўдалечыні развяваецца хустка ўлюбёнага, які махае з акна паштовай карэты, усё аддаляючыся, але не робячыся ад гэтага меншым. Крыху кранутае золатам зялёнае лісце фраганаравых дрэў, і пяшчотная, маленькая рука трымае хустачку, ружовая ручка, створаная для ласкі. Чалавек, які прапаноўваў усю гэтую раскошу, неяк дзіўна паглядзеў на яе: ён нават і падумаць не мог, што яна купіць у яго нешта. Да таго ж лаванду, самае дарагое з усяго змесціва чамадана,— ён ведаў, што яна можа гэта купіць, але не смеў спадзявацца, не адважваўся верыць, што вялікая срэбраная манета з яе рук перакачуе ў ягоную кішэню. Надзея яго была слабейшай і вера мізэрнейшай за вопыт. На пакамечаным твары была страшэнная стомленасць.

Яна ўзяла флакон і ціха спытала:

— Колькі каштуе?

— Тры маркі,— адказаў ён і пабялеў ад страху: гэтая пакупка была звыш усякага чакання, яна была мяжой яго надзей.

Ён ўздыхнуў, калі Нэла выбрала яшчэ што-кольвечы, зноў тую ж прыгажуню, толькі гэтым разам прыгажуня мыла рукі ў фарфоравым тазіку. Ружовыя маленькія пальчыкі, што прывыклі да ласкі, песціліся ў неверагоднай колькасці найпразрыстай вады, на абгортцы мыла ўздымаўся асляпляльны бюст прыгажуні, праз расчыненае акно быў бачны садзік на фраганараў густ.

— А за гэта колькі? — спытала Нэла і ўзяла кавалак мыла.

— Адну марку,— адказаў ён, і твар яго зрабіўся амаль злым ад таго, што надзеі здзяйсняліся, плён якіх ён спажыве праз два тыдні, ад перапоўненасці шчасцем, якому ён радаваўся з пачуццём недаверу, з трывожным прадчуваннем, што дабром гэта не скончыцца.

— Значыцца, усяго чатыры маркі,— сказала яна, і ён з палёгкай кіўнуў галавой.

Яна дала яму чатыры маркі — чатыры срэбраныя манеты, і паклала на крышку чамадана тры цыгарэты.

Ад нечаканасці ён нават не рашыўся падзякаваць. Ён толькі ўтаропіўся на яе і атрымаў у дадатак усмешку, якая не каштавала ні грошай, ні намаганняў. Усмешка падзейнічала імгненна — сляпая страсць, дзікае жаданне авалодаць прыгажосцю, якую ён сустракаў да гэтай пары толькі на мыльных абгортках, прыгажосцю, якую можна ўбачыць толькі на экране, і гэтая ўсёсакрушальная ўсмешка ў цемры пярэдняй. Нэла спалохалася і ціхенька зачыніла дзверы.