Выбрать главу

— Альберт,— крыкнула яна,— Альберт, хадзі ж, я зараз пайду.

— Добра,— адазваўся ён,— іду.

Яна пайшла ў свой пакой, пакінуўшы дзверы адчыненымі. Альберт прыйшоў да яе ўжо гатовы да выхаду з дому: у кішэні — газета, у руцэ — ключ ад машыны, у роце — люлька.

— Ну што? — спытаў ён, спыняючыся ў дзвярах.

— Ды зайдзі ж,— сказала яна,— ці ты не маеш часу?

— Лішняга няма,— сказаў ён, але ўсё ж увайшоў, не зачыняючы дзвярэй, і апусціўся на краёчак крэсла.— Ты ад’язджаеш?

— Так.

— Надоўга?

— Не ведаю, магчыма, заўтра вярнуся. Я на семінар.

— Пра што семінар? Хто там будзе?

— Будуць даклады «Літаратура і грамадства», «Літаратура і царква»,— сказала яна.

— Ну што ж, няблага,— сказаў ён.

— Павінна ж я зрэшты хоць нешта рабіць. Лепш за ўсё мне б, канешне, уладкавацца на работу.

«Зноў за сваё»,— падумаў ён, а ўголас сказаў:

— Канешне, табе трэба нейкі занятак, але ўладкоўвацца на работу проста не мае для цябе ніякага сэнсу. Большасць людзей працуе па простай прычыне — ім трэба карміць сям’ю, плаціць за кватэру і ўсялякае іншае. Мець занятак — гэта не тое што працаваць, а заняткаў табе пры жаданні хапіла б на цэлы дзень.

— Так, я ведаю,— уздыхнула яна,— дзіця,— і загаварыла ў тоне патэра Віліброрда: — «Выхоўваць дзіця, і працягваць справу свайго мужа, і захоўваць яго творы».

— Менавіта,— сказаў ён,— так і зрабі, перарый усю гэтую скрыню, дастань пісьмы Віліброрда, пісьмы Шурбігеля і падлічы, колькі разоў яны там ухваляюць фюрэра,— вось табе і будзе цудоўны занятак.

— Хопіць! — кінула Нэла, стоячы каля акна.— Няўжо я павінна ўсё жыццё сцерагчы трыццаць сем вершаў? З хлопчыкам ты спраўляешся значна лепш за мяне, а замуж я больш не збіраюся. Я не жадаю строіць з сябе ўсмешлівую матулю з вокладкі ілюстраванага часопіса. Я больш не жадаю быць нічыёй жонкай — такога, як Рай, мне ўжо больш ніколі не сустрэць, і самога Рая таксама не вярнуць. Яго забілі, я стала ўдавой — за ...юрэра, ...ерманію і ...арод,— і яна здражніла рэха, што ішло ад сценаў капэлы, рэха, поўнае хлусні і пагроз, таннага семінарскага пафасу.— Ты думаеш, мне і на самай справе прыемна ездзіць на семінары з усялякімі ідыётамі?

— Тады не ездзі,— сказаў ён.— Я разбагацеў, уласна кажучы, за адну ноч.— Ён слаба ўсміхнуўся, думаючы пра знойдзены карабок з замалёўкамі.— Мы

наладзім сабе выдатны суботні адпачынак разам з хлопчыкам, а ты можаш памалоць языком з Вілем пра кіно. А калі ты захочаш,— і яна зірнула на яго таму, што голас у яго нечакана змяніўся,— калі захочаш! мы паедзем яшчэ далей.

— Удваіх?

— Не, з хлопчыкам,— адказаў ён,— а калі ты не супраць, то з абодвума — прыхопім сябра Марціна, калі яму захочацца.

— А чаму не ўдваіх, дзеля чаго разыгрываць шчаслівае сямейства, калі шчасце — гэта суцэльная мана: усмешлівы бацька, усмешлівы сын, усмешлівая маці?

— Нельга,— сказаў ён,— будзь жа разумнай. Для хлопчыка гэта будзе проста жахліва, гэта будзе апошняй кропляй, а яшчэ горш — для яго таварыша. Я нічога не магу зрабіць,— ціха дадаў ён,— але для дзяцей я апошняя надзея, для іх гэта будзе цяжкім ударам, ад якога ім не ачуняць, калі я — я таксама — 8 катэгорыі тых дзядзькаў, да якой я зараз належу, перайду ў зусім іншую.

— А для цябе?

— Для мяне? Ды ты здурнеяа, няўжо табе і сапраўды прыносіць задавальненне ставіць мяне ў няёмкае становішча, ад якога я адбіваюся рукамі і нагамі? Ну, пайшлі, мне пара, мяне чакае Бразгот.

— Ах, рукамі і нагамі? — паўтарыла яна, не паварочваючы галавы.

— Але, рукамі і нагамі, калі гэта цябе так цікавіць, а можа, ты хочаш, каб тут, у гэтым доме, які наскрозь пранізаны ўспамінамі, мы ўпотай завялі раман, а знешне разыгрывалі б добрага дзядзьку і добрую матулю? I потым, гэта марна, дзеці ўсё роўна пра ўсё здагадаюцца.

— Зноў дзеці,— стомлена адказала яна,— колькі шуму з-за дзяцей.

— Называй гэта шумам, але замужжа табе не пазбегнуць.

— А вось і пазбегну! Я больш ніколі не выйду

замуж, лепш ужо я буду прыкідвацца няўцешнай удавой, чым усмешлівай жонкай — першапачатковай клетачкай — ...адзімы, ...арода...

— А зараз час ісці, ці ўжо заставайся дома. Ты там ад нуды памрэш.

— Не,— сказала яна,— сёння мне сапраўды трэба ехаць. Звычайна для гэтага няма асаблівай прычыны, а вось сёння ёсць. Мне проста неабходна.