Яна падумала, як можа падзейнічаць на Альберта імя Гезелера.
— Пойдзем,— сказала яна. Ён узяў яе чамадан, і ўжо ў дзвярах яна сказала, як нешта не маючае значэння: — Больш, чым ты зараз робіш для мяне, проста немагчыма зрабіць, і яшчэ добра, што ты клапоцішся пра хлопчыка; мушу табе сказаць, што я не адчуваю пры гэтым ні кроплі рэўнасці.
На вуліцы пацяплела. Альберт зняў пальчаткі, капялюш і сеў у машыну каля Нэлы.
I, калі ён уключыў матор, Нэла сказала:
— Я вельмі хацела б мець такі занятак, як у цябе. Мне здаецца, ты вельмі шчаслівы.
— Ніколькі,— адказаў ён, астатнія яго словы патанулі ў шуме матора, і яна ўхапіла толькі канец: — ...ніколькі я не шчаслівы. А заняткаў і ты знайшла б сабе колькі заўгодна.
— Ведаю, я магла б дапамагаць манашкам, магла б прасаваць бялізну і ўсялякае такое, весці разлікі па гаспадарцы, вязаць кальсоны і да таго падобнае, і ігумення сказала б: «Мы цяпер маем цудоўную памочніцу — удаву паэта імярэк».
— Не дурыся,— сказаў ён, і па тым, як ён пераключыў хуткасць, яна зразумела, што ён проста раз’юшаны.
— Балбачы што хочаш, мяне гэта ніколькі не кранае, і манашак можаш лаяць, як табе ўздумаецца, але жыццё яны вядуць не бессэнсоўнае, у іх ёсць занятак, які заўсёды здаваўся мне найбольш разумным, хоць, зрэшты, мне ён зусім не падыходзіць. Яны моляцца — і я хачу зняць з іх частку клопатаў, каб ім хапала часу для малітваў.
— Проста зайздросна слухаць, як іншыя людзі выдатна абсталявалі сваё жыццё.— Яна ўсхліпнула, але перасіліла сябе і сказала: — Табе б толькі жонку, і тваё жыццё было б цалкам уладкавана.
— А чаму б і не,— сказаў ён, спыняючы машыну перад святлафорам на Піпінштрасэ.— Цябе загубіць снабізм.— Ён сціснуў яе руку.
Яна адказала на поціск і сказала:
— Не, справа не ў снабізме, я проста не магу ім дараваць, што яны забілі майго мужа,— ні дараваць, ні забыць, і не хацела б даць ім задавальненне і паўторна строіць з сябе шчаслівую, усмешлівую жонку.
— Задавальненне каму?
— Ім,— паўтарыла яна спакойна.— Здагадайся сам, каго я маю на ўвазе. Зялёнае святло — едзь далей.
Ён паехаў далей.
— З усіх тваіх спраў ты нічога не даводзіш да канца. Маці ты ніякая, удава таксама ніякая, і гуляшчай цябе не назавеш, і нават нічыёй палюбоўніцай — я проста раўную, раўную цябе, і нават не да гэтых ідыётаў, а да марна растрачанага часу — і адно заўсёды застанецца нязменным: мужчына не можа зрабіць большага для жанчыны, чым прапанаваць ёй выйсці за яго замуж.
— Не,— сказала яна,— часам значна важней стаць яе каханым. Неяк дзіўна атрымліваецца: раней жанчыны радаваліся, калі ім удавалася выйсці замуж, а цяпер, наадварот, мне, ва ўсякім разе, гэта зусім непатрэбна.
— Таму што ты поўная снабізму. Гадамі выслухоўваеш гэтакіх аболтусаў — гэта дарэмна прайсці не можа. Дзе цябе высадзіць?
— Каля ашчадкасы,— сказала яна.
Ён счакаў, пакуль паліцэйскі падасць знак на праезд, аб’ехаў пляц Карла Вялікага і спыніўся каля ашчадкасы. Затым выйшаў, дапамог ёй выйсці і дастаў з багажніка яе чамадан.
— На гэты раз,— усміхнулася яна,— я сапраўды не буду дарма губляць часу.
Ён паціснуў плячамі.
— Ну што ж,— сказаў ён,— у нас жа ўсё наадварот — раней адданыя жанчыны чакалі, калі іх возьмуць няверныя мужчыны, цяпер жа я, мужчына, буду верна чакаць, пакуль няверная дазволіць з ёй ажаніцца.
— Але, ты адданы,— сказала яна,— і я ведаю, што гэта добра.
Ён паціснуў ёй руку, сеў у машыну і другі раз аб’ехаў пляц.
Яна пачакала, пакуль яго машына схавалася за рагом вуліцы Меравінгаў, затым паклікала таксі са стаянкі каля Старой гарадской брамы і сказала шафёру:
— Да Крэдытнага банка.
Звычайна ён не спяшаўся са школы дадому. Ён далучаўся да кампаніі так званых абібокаў, але нават сярод іх не было ніводнага, хто так не хацеў бы ісці дадому, як Марцін. Нехта бег дадому з усіх ног, таму што згаладаўся, або таму, што дома іх чакала штосьці прыемнае, або таму, што ім трэба было ісці за пакупкамі або падаграваць абед для малодшых братоў і сясцёр. Генрых сам гатаваў ежу для сваёй маленькай сястрычкі, на ўроках ён сядзеў вельмі стомлены і стрымгалоў кідаўся бегчы, як толькі празвініць званок. Яго маці ішла на працу за дваццаць хвілін да канца заняткаў у школе, і Вільма заставалася адна з Леа, а Брылах сядзеў як на голках, калі ведаў, што Вільма адна з Леа. На апошнім уроку ён усё шаптаў: «Я не магу сядзець на месцы ад хвалявання!»
Спакою ў Генрыха не было ніколі, занадта ўжо многа ў яго было ўсялякіх клопатаў, і школу ён успрымаў як справу другарадную, непатрэбную, але адначасова сімпатычную, як нешта далёкае ад жыцця. Бурбалкі паветра пад ледзяной карой, мілыя цацкі, забаўляцца з якімі надзвычай прыемна, хоць яны і забіраюць многа часу. А парой у школе было проста сумна, і тады Брылах на апошнім уроку засынаў, калі толькі страх за Вільму не перашкаджаў яму заснуць.