Выбрать главу

Затое Марцін не спаў і чакаў званка. Час спыняўся, час застываў, каб адным рыўком перакінуць вялікую стрэлку на дванаццаць,— і тады звінеў званок. Генрых ускокваў, яны хапалі ранцы, на бягу надзявалі іх праз плячо і несліся па калідоры, затым праз двор — на вуліцу, наперагонкі да вугла: там ён зварочваў направа, а Генрых — налева. Яны абганялі астатніх і беглі па бруку, а не па тратуары, каб не сутыкацца з плынню дзяўчынак, якія ішлі ў школу.

Брылах першы дабег да вугла, ён спяшаўся дамоў, але пачакаў Марціна. На развітанне Марцін крыкнуў:

— Паедзеш з намі ў Бітэнхан? Мы па цябе заедзем!

— Трэба спытаць у маці!

— Ну, бывай здаровы!

На дарогу ў Марціна звычайна ішло пятнаццаць хвілін, але ён мог прабегчы яе і за пяць хвілін. Сёння ён бег вельмі хутка, задыхаючыся ад нецярпення,

І ўжо здалёк убачыў, што машыны Альберта няма каля дома. Ён спыніўся каля нейкага плота, перавёў дыханне і азірнуўся назад, на алею, па якой Альберт павінен вярнуцца ад Бразгота. Ісці дадому не хацелася. Больды няма, Глума няма і ўвогуле пятніца — дзень небяспечны, гэта бабулін дзень. Яшчэ не канчаткова разыграна кроў у мачы, у Фавінкеля сёння падаюць пяцьдзесят розных рыбных страў, а ён не выносіць рыбы. Калі Альберт выедзе з-за вугла, то адразу ўбачыць, што ён сядзіць тут, і ён злаваў на Альберта за тое, што ягонай машыны да гэтага часу яшчэ няма каля пад’езда Марцін устаў і пацягнуўся да бензакалонкі ў самым канцы алеі.

Толькі цяпер на алеі з’явіліся дзяўчынкі, якія спазняліся, якіх звычайна ён сустракеў на вуглу; яны перасеклі маставую, зірнулі на вялікую залатую стрэлку вежавага гадзінніка і пусціліся трушком. Некалькі дзяўчынак, задыхаючыся, беглі па алеі, а ўдалечыні група дзяўчынак ішла зусім не спяшаючыся. Ён добра ведаў іх усіх, таму што тых, якія зараз пусціліся трушком, ён сустракаў штодня перад пачаткам першай змены, каля самай школы; тых, якія беглі па алеі, ён сустракаў заўсёды каля бензакалонкі, на агароджы якой зараз сядзеў. Сёння ўсё пераблыталася, і Марцін злаваў, што так паспяшыў дадому. Заўсёды ён ішоў адным з апошніх, і калі з’яўляліся панылыя прагульшчыцы, ён звычайна ўжо сядзеў на агароджы калонкі, а яны не беглі, ведаючы, што ўсё роўна не паспеюць. Гэта былі тыя дзяўчынкі, якія зараз удалечыні спакойна пераскоквалі цераз цені дрэў, быццам цераз прыступкі. Ён сустракаў іх заўсёды каля калонкі, а сёння ён паспеў дайсці да самага дома і вярнуцца, а яны ўсё яшчэ не дабраліся да калонкі. З развеянымі валасамі, з палаючымі тварамі пранесліся паблізу яго тыя, што яшчэ не прывыклі спазняцца. Мінутная стрэлка гадзінніка на царкоўнай вежы зусім наблізілася да трох, бегчы было не варта, таму што паспець на ўрок ім ужо не ўдасца.

Машыны Альберта ўсё яшчэ не было, чаканне рабілася невыносным, і вінаваты ва ўсім быў Альберт.

Паказалася група нетаропкіх прагульшчыц, на вежы прабіла чвэрць другой, і нармальны рытм жыцця быў адноўлены. Дарма ён бег, дарма спяшаўся, з гэтай хвіліны ўсё пайшло, як у звычайныя дні.

Прагульшчыцы смяяліся, балбаталі, а ён з зайдрасцю глядзеў на іх — яны належалі да ліку адчайных, і сам ён вельмі хацеў бы быць на іх месцы. Адчайнымі лічыліся тыя, якім было на ўсё напляваць. Само па сабе паняцце адчайны заставалася загадкавым, сярод іх сустракаліся такія, чые бацькі мелі грошы, і тыя, у каго грошай не было. На Брылаха гэта часам находзіла, і ў яго да адчайнасці прымешвалася пэўная доля ганарыстасці, на твары Брылаха можна было прачытаць: «Ну што вам ад мяне патрэбна?» Адчайнымі лічыліся тыя, пра якіх дырэктар гаварыў, што іх трэба пераламаць,— гэта гучала жахліва, быццам гаворка ішла не пра дзяцей, а пра запалкі або косці. Нейкі час ён нават думаў, што пераломленыя гэта якраз і ёсць тыя, якіх падаюць на стол у скляпку Фавінкеля. У другім класе пераломвалі Хэвеля, а пасля ён знік. Паліцыя прыводзіла яго ў школу, але на перапынках ён усё роўна знікаў. Пасля ён падбіў на гэтае і Борна. Борн і Хэвель жылі разам у бамбасховішчы, і ўжо тады яны рабілі бессаромнае, а калі іх ушчувалі, яны толькі смяяліся, і дырэктар гаварыў: іх неабходна пераламаць. Затым Хэвель і Борн зніклі, і ён рашыў, што іх проста пераламалі і падаюць на стол у скляпку Фавінкеля паглынальнікам дзяцей і перамолвальнікам касцей, якія плацяць за гэта многа-многа грошай.