Альберт пасля яму гэта растлумачыў, але ўсё роўна справа заставалася вельмі загадкавай, а бамбасховішча, у якім жылі некалі Хэвель і Борн, так і засталося сярод нейкіх агародаў — загадкавая бетонная аграмадзіна без вокнаў. Іх пераламалі, і пасля гэтага яны бясследна зніклі,— трапілі ў калонію, як гаворыць Альберт.
А Альберта ўсё няма, і больш ён ніколі не прыедзе. Напаўзакрыўшы вочы, Марцін глядзеў на набліжаючыяся з боку горада машыны, толькі Альбертавага «мерсэдэса» — старэнькага, нехлямяжага, мышынага колеру — сярод іх не было,— Марцін не зблытаў бы яго ні з якой іншай машынай.
I падацца некуды: ісці да Генрыха не хочацца. Там зараз дзядзька Лea, і на працу ён пойдзе толькі ў тры. Больда прыбірае ў царкве. Можна, зразумела, пайсці да яе, з’есці, забіўшыся ў рызніцу, адзін з яе бутэрбродаў і запіць яго гарачым булёнам з тэрмаса.
Ён зірнуў на безнадзейную прагульшчыцу, якая зараз толькі паказалася ў канцы алеі і зусім не спяшалася. Ён добра ведаў гэты стан — ці не ўсё роўна спазніцца на дваццаць хвілін або на дваццаць пяць. Дзяўчынка з вялікай цікаўнасцю разглядвала першыя апалыя лісты, набрала цэлы букет вялікіх, амаль зялёных, толькі крыху кранутых жаўцізной. З букетам лісця ў руках яна спакойна перасякала вуліцу.
Дзяўчынка была незнаёмая. У яе былі цёмныя раскудлачаныя валасы, і яго зачараваў спакой, з якім яна спынілася каля кінатэатра «Атрыум», каб паглядзець афішы. Ён нават пасунуўся бліжэй да «Атрыума»; бензакалонка стаяла якраз каля кінатэатра. Афішы яны разам з Генрыхам ужо разглядвалі і вырашылі ў панядзелак пайсці ў кіно.
Паміж дзвюма зялёнымі таполямі на афішы віднелася бронзавая брама парка, яна была прачынена, у прасвеце стаяла жанчына ў ліловай сукенцы з залатым высокім каўняром. Шырока раскрытыя вочы жанчыны ўтаропліваліся на таго, хто ў той момант стаяў перад плакатам, а наўкось праз яе ліловы жывот цягнуўся белы надпіс: «Сеанс для дзяцей». На заднім плане быў замак, а на самым верее, на светла-блакітным небе назва фільма: «У палоне ў сэрца». Марцін не любіў фільмы, пра якія паведамлялі афішы з жанчынамі ў закрытых сукенках і з белым надпісам: «Сеанс для дзяцей», гэтыя фільмы абяцалі бясконцую нуду» а фільмы з жанчынамі ў адкрытых сукенках і з чырвоным надпісам: «Дзецям да 16 гадоў...» — прадвяшчалі распуснае. Але ні распуснае, ні нуда не захаплялі яго, лепшымі за ўсё былі фільмы пра каўбояў і мультыплікацыі.
На гэтым тыдні пойдзе распусны фільм. Афіша вісіць каля афішы дзідячага фільма, на ёй жанчына з адкрытымі грудзямі, яе адбымае мужчына, у якога галыптук з’ехаў набок. Гальштук здорава з’ехаў набок, выгляд у мужчыны ўскудлачаны, і ўсё гэта вельмі нагадвае тое слова, якое маці Брылаха сказала кандытару, калі яны разам з Генрыхам і Вільмай хадзілі сустракаць яе пасля працы.
У падвале стаяў салодкі, цёплы дух. Паўсюль на драўляных паліцах ляжалі горы свежаспечанага, яшчэ цёплага хлеба; яму падабалася чвяканне машыны, якая мясіла цеста, падабаўся шпрыц для крэму, якім кандытар выпісваў на тартах: «З днём нараджэння». Кандытар пісаў шпарка, акуратна і правільна, хутчэй, чым хто ніша аўтаручкай, а маці Брылаха лёгка і спрытна наносіла шпрыцам кветкі і хаткі, дым з каміноў і ўсялякія прыгажосці. Калі яны прыходзілі разам з Брылахам, яны спыняліся перад няшчыльна прычыненымі, абітымі бляхай дзвярыма, да якіх звычайна пад'язджалі грузавікі з мукой, і, заплюшчыўшы вочы, удыхалі цёплае салодкае паветра. Затым ціха адчынялі дзверы, урываліся туды і крычалі: «Бэ-э-э!» — гэтая гульня вельмі падабалася маленькай Вільме. Яна вішчала ад захаплення, а разам з ёй радаваліся кандытар і маці Брылаха.
Недзе ты дзень назад яны неяк стаялі, стаіўшыся за дзвярмі, ужо збіраючыся адчыніць іх, і раптам у панаваўшай тут цішыні пачулі, як маці Брылаха сказала кандытару:
— Не табе мяне...— і тое слова. Марцін увесь успыхнуў, успомніўшы гэтае слова, і нават цяпер яму боязна было добра ўдумацца ў яго сэнс. А кандытар адказаў спакойна і сумна:
— Ты не павінна так гаварыць, не трэба...
Вільма пачала падштурхоўваць іх у цемнаце, ёй хацелася пачаць гульню і закрычаць: «Бэ-э-э», але яны абодва стаялі, быццам удараныя маланкай, быццам акамянелыя, а кандытар у пякарні мармытаў нешта зусім незразумелае, нейкую загадкавую лухту, неспакойны, страсны і ў той жа час пакорны; словы яго перамяжаліся са звонкім смехам маці Брылаха, а Марцін думаў пра тое, як дзядзька Альберт гаварыў пра туту мужчын, пра іх жаданне жыць з жанчынамі. Кандытар, мяркуючы па ўсім, проста дурнеў ад жадання з’яднацца з маці Брылаха, ён амаль што не спяваў, ён мармытаў нешта незразумелае. Марцін нават дзверы прачыніў, каб паглядзець, ці не злучаюцца яны там на самай справе, але Генрых шалёна рвануў яго назад, затым узяў Вільму на рукі, і яны пайшлі дадому, так і не паказваючыся на вочы маці.