Марцін у апошні раз прачытаў «Ойча наш», устаў і зайшоў у «Атрыум». Тут ён спалохаўся: прагульшчыца стаяла каля дзвярэй і гутарыла з білецёрам. Білецёр гаварыў ёй:
— Зараз, дзетка, зараз, праз некалькі хвілін пачнецца. Ты ж ужо са школы?
I прагульшчыца адразу вымавіла зразумелую, выразную і ашаламляльную хлусню:
— Так.
— А дадому табе не трэба?
— Не, мама на працы.
— А бацька?
— Бацька загінуў.
— Пакажы білет.
Яна падала білет — зялёненькую паперку, а каля ўвахода красавалася афіша, і на ёй, наўскос праз ліловы жывот жанчыны, цягнуўся надпіс: «Сеанс для дзяцей». Калі прагульшчыца знікла, Марцін падышоў бліжэй і нерашуча спыніўся каля касы. У шкляной будцы сядзела жанчына з цёмнымі валасамі і нешта чытала. Потым падняла на яго вочы і ўсміхнулася, але ён не адказаў на яе ўсмешку. Усмешка не спадабалася яму — нешта ў ёй нагадвала слова, якое маці Брылаха сказала кандытару. Касірка зноў утаропілася ў кнігу, а ён уважліва разглядваў яе беласнежны прабор і сінявата-чорныя валасы, затым яна зноў падняла вочы, прачыніла акенца і спытала:
— Што табе трэба?
— Пачнецца хутка? — ціха спытаў ён.
— У дзве,— сказала яна і зірнула на гадзіннік, што вісеў за яе спінай.— Праз пяць хвілін. Пойдзеш?
— Так,— адказаў ён і адразу ж успомніў, што якраз гэтую карціну ён прапанаваў Брылаху паглядзець у панядзелак.
Касірка ўсміхнулася, кранула зялёны, жоўты і сіні валік з білетамі і спытала:
— Які рад?
Ён расшпіліў кішэньку, дастаў грошы, сказаў:
— Дзесяты рад,— і падумаў, што няблага прымусіць Альберта пачакаць, і што няблага пасядзець аднаму ў цемры, і што, нарэшце, у панядзелак можна з Брылахам паглядзець іншую карціну.
Касірка адарвала білецік ад жоўтай катушкі і падгрэбла грошы да сябе.
Білецёр сустрэў яго суровым позіркам.
— А ты ўжо быў у школе? — спытаў ён.
— Так,— адказаў ён і адразу ж, не чакаючы другога і трэцяга пытання, дадаў: — Маці мая паехала, а бацька загінуў.
Білецёр нічога не сказаў, адарваў ад білета кантроль і ўпусціў яго. Толькі апынуўшыся за цяжкой парцьерай, Марцін скеміў, які дурны білецёр. Няўжо ён не ведае, што хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца асобна і што ён не мог прыйсці са школы адначасова з гэтай прагульшчыцай.
Было цёмна. Дзяўчына-кантралёр узяла яго за руку і вывела на сярэдзіну залы. У дзяўчыны была халаднаватая і лёгкая рука, і калі яго вочы прывыклі да цемнаты, ён убачыў, што ў зале амаль пуста: толькі ў першых і апошніх радах сядзелі некалькі чалавек, а сярэднія рады пуставалі, тут быў толькі ён. Прагульшчыца сядзела наперадзе, паміж двух маладых людзей, яе галава з чорнымі паблытанымі валасамі ледзь віднелася над спінкай крэсла.
Ён уважліва прагледзеў рэкламу гуталіну: ліліпуцікі-канькабежцы сноўдалі па асляпляльных чаравіках велікана. У руках у іх хакейныя клюшкі, толькі заместа звычайных загагулін унізе прымацаваны шчоткі для ботаў, і чаравікі велікана ззялі ўсё ярчэй і ярчэй, і нечы голас сказаў:
— Калі б Гулівер карыстаўся Бляскам, ён заўсёды меў бы такія чаравікі.
Пачаўся новы рэкламны фільм: жанчыны гулялі ў тэніс, гарцавалі на конях, кіравалі самалётамі, разгульвалі ў маляўнічых парках, плавалі па люстранай роўнядзі мора, каталіся на аўтамашынах, веласіпедах, матаролерах, практыкаваліся на брусах і турніках, кідалі дыск — і ўсе яны ўсміхаліся, усміхаліся нечаму, і, нарэшце, усмешлівая жанчына, ззяючы, сказала прысутным у зале, што яе радуе вялікі цёмна-зялёны карабок з белым крыжыкам і надпісам на крышцьг «Афелія».
Марціну было сумна. Пачалася асноўная карціна, але сум не прайшоў. На экране пілі віно і служылі імшу, затым расчыніліся вароты парка, і мужчына Ў зялёным сурдуце, зялёным капелюшы і зялёных гетрах паскакаў па прасецы. У канцы прасекі стаяла жанчына ў ліловай сукенцы з залатым каўнерыкам жанчына з «Сеанса для дзяцей». Мужчына саскочыў з сядла, пацалаваў жанчыну, а жанчына яму сказала: «Я буду за цябе маліцца, беражы сябе». Зноў пацалунак, і вось ужо жанчына з «Сеанса для дзяцей», плачучы, глядзіць услед мужчыну, які бесклапотна скача прэч. Трубяць паляўнічыя ражкі на даляглядзе, і мужчына ў зялёным капелюшы, зялёных гетрах і зялёным сурдуце імчыць на фоне сіняга неба па іншай прасецы.